Прывітанне з Віцебшчыны

Апублiкавана: 02 лютага 2024 Стужка Музыка Мінск

Аўтар: Аўтары

Прэзентацыяй творчага набытку паўночнага рэгіёна пачынаецца фінальны этап фестывалю “Беларусь — мая песня”. Першы канцэрт адбудзецца сёння ў Палацы Рэспублікі. 

Гледачоў чакае відовішчнае шоу “Віцебская батлейка”. Старадаўні лялечны тэатр, які з’яўляецца гісторыкакультурнай каштоўнасцю нашай краіны, уплецены ў канцэпцыю канцэрта недарма. Чырвонай ніткай праз усю праграму пройдзе тэма спадчыны Беларусі і паўночнага краю ў прыватнасці. На сталічнай сцэне выступяць больш за тысячу артыстаў з абласнога цэнтра, Наваполацка, Расонаў, Лепеля, Паставаў, Глыбокага, Оршы і Верхнядзвінска. 

Свой рэгіён прадставяць прафесійныя і аматарскія калектывы, пераможцы міжнародных фестываляў і конкурсаў. Гэта акцёры Нацыянальнага акадэмічнага драматычнага тэатра імя Якуба Коласа, Сімфанічны аркестр Віцебскай абласной філармоніі, ансамбль песні, музыкі і танца “Талака”, шоу-балет “Сенсацыя”, народны ансамбль танца “Лявоніха” ды іншыя. 

Перад канцэртам у фае Палаца Рэспублікі разгорнецца выстава “Віцебшчына: гісторыя, традыцыі, спадчына”. Праект будзе прысвечаны нематэрыяльнай культурнай спадчыне рэгіёна. Экспазіцыя пазнаёміць з традыцыйнымі рамёствамі краю: спіральным пляценнем, выцінанкай, маляванкай, саломапляценнем, інсітным мастацтвам. Наведвальнікі змогуць паўдзельнічаць у майстар-класах і атрымаць асалоду ад выступлення народнага фальклорнага калектыву “Галасы спадчыны”.

Па выніках гала-канцэртаў усіх абласцей прафесійнае журы абярэ калектывы і выканаўцаў, якія паўдзельнічаюць у фінальнай праграме. Яна адбудзецца ў рамках святочных мерапрыемстваў да Дня Незалежнасці.