За дзень наступны ўсяе зямлі

Апублiкавана: 06 лютага 2024 Стужка Выяўленчае мастацтва Мінск Спадчына

Аўтар: Аўтары

Уручаючы прэміі “За духоўнае адраджэнне”, Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў: “Наша памяць — гарантыя міру ў будучыні”. Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што патрыятызм і духоўнасць — паняцці непадзельныя, бо ўсё найлепшае, што ёсць у жыцці, пачынаецца з любові — да родных і блізкіх, малой радзімы, Айчыны.

Сапраўды, патрыёт ганарыцца дасягненнямі і культурай Радзімы, ведае яе мінулае. Сёлета мы будзем адзначаць важную дату — 80-годдзе вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. За 80 мірных гадоў з’явілася нямала твораў, прысвечаных ліхалеццю. Кожны з іх— даніна павагі тым, хто прайшоў праз вайну, — прымушае суперажываць і памятаць. 

Да 80-годдзя вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў рэдакцыйна-выдавецкая ўстанова “Культура і мастацтва” сумесна з Беларускім дзяржаўным музеем гісторыі Вялікай Айчыннай вайны і Беларускай дзяржаўнай акадэміяй мастацтваў распачынае праект “За дзень наступны ўсяе зямлі”. 

Мэты праекта — захаванне гістарычнай памяці, павагі да мінулага дзеля будучыні; выхаванне патрыятызму ў новага пакалення; развіццё патэнцыялу маладых творцаў на найлепшых прыкладах беларускай мастацкай школы. 

Цягам года ў кожным нумары часопіса “Мастацтва” будуць друкавацца карціны з фонду Беларускага дзяржаўнага музея гісторыі Вялікай Айчыннай вайны, а сучасныя тэхналогіі дапамогуць ажывіць гэтыя работы. Не толькі ўбачыць творы, але і заглыбіцца ў іх прастору, нават пачуць палотны чытачы змогуць дзякуючы QR-кодам. 

Відэакантэнт рыхтуе кафедра тэорыі і практыкі камунікатыўнага дызайну Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў. Над ажыўленнем першай карціны (Аляксандр Дзямарын, “Пераправа. Год 1944”) шчыравала студэнтка 5-га курса спецыяльнасці “Дызайн віртуальнага асяроддзя” Настасся Зянько пад кіраўніцтвам Хрысціны Стрыклевай, прафесара кафедры тэорыі і гісторыі дызайну, кандыдата мастацтвазнаўства, дацэнта. 

Распрацаваны вэб-дадатак для ажыўлення карцін з аптымізацыяй пад мабільныя прылады. Захоўванне і абнаўленне праграмы на воблачным хостынгу забяспечаны кампаніяй “АР Фокс”. 

Сачыце за праектам у часопісе “Мастацтва”, на сайце і ў сацыяльных сетках РВУ “Культура і мастацтва”.