Культурная лыжня

Апублiкавана: 09 лютага 2024 Стужка Афіцыйна Мiнская вобласць

Аўтар: Аўтары

Актыўныя выхадныя чакаюць работнікаў нашай сферы. Традыцыйныя зімовыя спаборніцтвы “Культурная лыжня” разгорнуцца 10 лютага пад Мінскам. 

Рэспубліканскую спартакіяду работнікаў культуры зладзяць у комплексе “Раўбічы”. Цэнтр алімпійскай падрыхтоўкі па зімовых відах спорту збярэ аматараў здаровага ладу жыцця. 

У 10 гадзін удзельнікі “Лыжні” пройдуць камісію па допуску да спаборніцтваў — як на сапраўдным чэмпіянаце. Затым адбудзецца пастраенне камандаў. На 11.00 запланавана цырымонія адкрыцця спартакіяды. З прывітальным словам да рупліўцаў галіны звернецца міністр культуры. Дарэчы, Анатолій Маркевіч — заўзяты спартсмен — таксама далучыцца да барацьбы. 

Біятлонная эстафета пачнецца ў 11.30. Лыжная гонка “Дружная сям’я” разгорнецца а 13-й гадзіне. У праграме таксама камандныя спаборніцтвы і цырымонія ўзнагароджання. Хто ўзыдзе на першую прыступку п’едэстала і які плён прынясе спартакіяда ўдзельнікам — раскажам у наступным нумары.