За намі праўда

Апублiкавана: 11 лютага 2024 Стужка Афіцыйна Мінск

Аўтар: Аўтары

Што вы будзеце рабіць 25 лютага і чаму варта пайсці на выбары? На пытанні адказвае Валерый Шмат, заслужаны артыст Рэспублікі Беларусь, лідар арт-групы “Беларусы”: 

— Сёлета арт-групе “Беларусы” спаўняецца 20 гадоў. І для нас ужо стала добрай традыцыяй выступаць на ўчастках падчас выбараў. У 2020-м, калі вызначаўся Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь, мы далі канцэрты ў пяці пунктах. Вось і 25 лютага плануем і спяваць, і галасаваць. Важна выбраць годнага кандыдата. Дэпутаты Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу і мясцовых Саветаў — тыя дзеячы ўлады, да якіх мы можам звярнуцца па дапамогу. Я ведаю многа гісторый, калі менавіта такія асобы здолелі вырашыць пытанні гарадскіх і вясковых жыхароў. 

Я, калі буду галасаваць, звярну ўвагу на сямейнае становішча. Падаецца, годны бацька ці маці заўсёды паклапоціцца аб навакольных, будзе старацца палепшыць іх жыццё і паступаць сумленна. Вядома ж, падмуркам для высокіх прафесійных якасцей служаць асабістыя характарыстыкі. Таму ўнутраны свет кандыдата таксама мае вялікае значэнне. 

Падчас выступленняў на выбарчых участках арт-група “Беларусы” імкнецца падтрымаць патрыятычны дух насельніцтва. У нашай праграме заўсёды ёсць такія кампазіцыі, як “За намі праўда”, “Кожнаму дому шчасце”, “Трэба трымацца разам” і іншыя жыццесцвярджальныя песні, якія ўсяляюць гонар за краіну. Да сустрэчы 25 лютага, у адзіны дзень галасавання!