Ку­ль­ту­ра по­руч са спорт­ам

Апублiкавана: 17 лютага 2024 Стужка Афіцыйна Мінск

Аўтар: Аўтары

Зімовая рэспубліканская спартакіяда работнікаў культуры “Культурная лыжня 2024” прайшла 10 лютага ў СК “Раўбічы”. 

На спаборніцтвы з’ехаліся 30 каманд з розных рэгіёнаў Беларусі. Сярод удзельнікаў — і прадстаўнікі галіновага міністэрства. Праграма ўключала біятлонную эстафету і лыжную гонку “Дружная сям’я”. З прывітальным словам да аматараў актыўнага ладу жыцця звярнуўся міністр культуры Анатолій Маркевіч

— Сёлета мы вырашылі перафарматаваць традыцыйнае мерапрыемства, бо сфера культуры не цярпіць кансерватызму. У сваёй працы мы ствараем новыя напрамкі, ладзім цікавыя падзеі, якія расфарбоўваюць будзённасць. Таму сёння мы правязём не проста гонкі, а паспаборнічаем у самым відовішчным відзе спорту — біятлоне! 

У спорце, як у культуры, важныя талент, хуткі рух, паважлівае стаўленне адно да аднаго, сіла волі, траплянне ў цэль. Мы ўмеем добра працаваць, паказваючы найвышэйшыя вынікі ў харэаграфіі, музыцы, народнай творчасці, эстрадным выкананні, ствараючы сапраўдныя шэдэўры і здзіўляючы нашу публіку сваім майстэрствам. Але, безумоўна, мы таксама ўмеем актыўна і па-спартыўнаму адпачываць. І пацвярджэннем таму з’яўляецца гэтае свята, якое сабрала небывалую колькасць каманд, тых, хто любіць спаборніцкі дух і адчувае сваю прыналежнасць да вялікай спартыўнай сям’і сферы культуры. 

У біятлонным першынстве перамагла каманда Міністэрства культуры, другое месца — у прадстаўнікоў Віцебскай вобласці, трэцяе — у Белдзяржфілармоніі. Прызы забралі і ўдзельнікі лыжнай эстафеты “Дружная сям’я”. Першай прыйшла каманда Белдзяржфілармоніі, срэбра атрымала сям’я з Гомельскай вобласці, бронзу — з Гродзенскай. 

Уражаннямі падзялілася салістка Белдзяржфілармоніі Юлія Ражкоўская

— Спартыўныя мерапрыемствы, канешне, хвалююць: выступаць на сцэне з віяланчэллю для мяне больш звыкла, чым трымаць у руках вінтоўку. І ў каманднай эстафеце я ўдзельнічала ўпершыню, таму радасна, што ўдалося забраць медалі адразу ў двух спаборніцтвах. Наша дэлегацыя ехала па задавальненне, добры настрой і станоўчыя эмоцыі — што мы і атрымалі! 

Ульяна КАСЦЮНІНА 

Фота аўтара