Пяць сакрэтаў паспяховага лідара

Валянціна Іванаўна Кандрацьева, мастацкі кіраўнік ансамбля песні і танца “Медуніца” Магілёўскай абласной філармоніі, клапатліва выгадавала праслаўлены калектыў, як уласнае дзіця: прысвяціла падапечным больш за 20 гадоў і, як сапраўдны капітан, была са сваім экіпажам і ў штыль, і ў шторм. За адданасць справе атрымала званне заслужанага дзеяча мастацтваў Рэспублікі Беларусь.

Сярод шматлікіх узнагарод “Медуніцы” гранд Прэзідэнта, а таксама прэмія дзеячам культуры і мастацтва. Ансамбль — заслужаны калектыў Рэспублікі Беларусь. 

Валянціна Кандрацьева

Валянціна Кандрацьева

У студзені Валянціна Іванаўна адзначыла 70-гадовы юбілей. Большую частку жыцця яна правяла за “штурвалам”. За гэты час распрацавала ідэальную тактыку менеджменту, якой дзеліцца з чытачамі “Культуры”. 

1. АДКАЗНАСЦЬ І ПАТРАБАВАЛЬНАСЦЬ 

Гэтыя характарыстыкі найбольш выразна праяўляюцца ў стрэсавых сітуацыях, напрыклад на выступленнях у іншых краінах. Аднак “Медуніца” шмат разоў станавілася дыпламантам міжнародных конкурсаў, з гонарам пераадольвала цяжкасці і напружанне. 

Скарылі музыканты і далёкі Дубай. Там у 2021 годзе беларускія артысты знайшлі фанатаў на грандыёзнай Сусветнай выставе “ЭКСПА”, на якой правялі каля 50 канцэртаў. Рана прачнуцца ды праганяць нумары з 11 гадзін да 21 — рэжым амаль кожнага дня. Нягледзячы на шчыльны графік, члены ансамбля спрацавалі зладжана. 

— Калі прадстаўляем нашу Радзіму за мяжою, мы разумеем, што павінны быць эталонам,— расказвае Валянціна Іванаўна.— Таму даводзім да ідэалу ўсё — ад харэаграфіі да касцюмаў. Таксама мы ніколі не забываем пра дысцыпліну: для нас хвілінка ў хвілінку пачаць рэпетыцыю — як закон. 

2. ПАТРЫЯТЫЗМ І ПРАЦАВІТАСЦЬ 

Карабель не даплыве да мэты, калі яе не вызначыць капітан. Вопытны кіраўнік дакладна ведае, для чаго калектыў існуе і што робіць ансамбль непадобным да іншых. Сваё пакліканне Валянціна Іванаўна адчула яшчэ ў юнацтве: 

— Мы працуем, каб захаваць традыцыі ў нязменнай форме, у якой яны дасталіся нам ад продкаў. Песня — гэта душа народа. Упершыню давялося пачуць нацыянальныя песні ў роднай хаце, там, дзе сям’я і шчырая радасць дзяцінства. Я сама з невялікай вёскі Вайнілава. Вакол мяне спявалі не толькі жанчыны, але і брат, які граў на гармоніку ды баяне. Гэтыя ўспаміны дарагія майму сэрцу. А сёння страціць такі важны культурны пласт вельмі лёгка, бо народныя спевы па манеры выканання ўсё больш прыпадабняюцца да эстрадных. Таму мне хацелася зберагчы самабытны рэгіянальны фальклор. 

Падчас выступлення ансамбля песні і танца “Медуніца”

Падчас выступлення ансамбля песні і танца “Медуніца”

Спалучэнне песень Магілёўшчыны з нацыянальнымі танцамі (напрыклад, з лявоніхай ці полькай) ды гучаннем беларускіх інструментаў робіць калектыў сапраўды ўнікальным. Стварае адмысловае ўражанне і адзенне з арыгінальным арнаментам чорнага і чырвонага колераў, якія звычайна выкарыстоўваюць жыхары Магілёўшчыны. Захапіць як мага больш гледачоў — асноўная задача, якую ставіць перад ансамблем Валянціна Іванаўна. Яе “Медуніцы” ўдаецца прывабліваць беларускай культурай людзей розных узростаў і нацыянальнасцей. 

— Моладзь вельмі любіць наш ансамбль. Мы часта спяваем і танцуем у школах, каледжах — там “Медуніцу” заўсёды чакаюць. Неяк ездзілі ў Германію з канцэртам. Тады ўсе грошы ад выступленняў ішлі на аздараўленне дзяцей Чарнобыля. І маленькія замежнікі нават пакінулі нам запіску з падзякамі. Так прыемна і цёпла было на душы! 

3. ДОБРАЗЫЧЛІВАСЦЬ І НАТХНЁНАСЦЬ 

Трэці сакрэт поспеху калектыву — спрыяльнае асяроддзе. У Валянціны Іванаўны свой погляд на арганізацыю працы і ўзаемаадносіны ў ансамблі: 

— Музыка — гэта сфера, якая ўплывае на чалавека. На мяне таксама. Побач са мною людзі, якія мне давяраюць. Мы раскрываем адзін аднаго, змагаемся з цяжкасцямі і захапляемся творчымі парывамі. Для мяне важна заставацца часткай калектыву. Таму, калі трэба штосьці вырашыць, заўсёды абмяркоўваю гэта з удзельнікамі аб’яднання. За гады сумеснай працы мы сапраўды сталі адзіным арганізмам. 

Уладзімір Васільевіч Бушарымаў пазнаёміўся з нашай гераіняй на рэпетыцыі ў іншым ансамблі. Але 32 гады ў “Медуніцы” — вельмі пераканаўчае пацвярджэнне адданасці менавіта гэтай камандзе. 

— Ад кіраўніка залежыць усё. Методыка Валянціны Іванаўны вывела нас на якасны ўзровень. Яна заўсёды зараджае на вялікія подзвігі, таму на рэпетыцыі ходзім з задавальненнем. Мы першымі ў вобласці атрымалі званне заслужанага калектыву: дапамагла арганізаванасць і працавітасць. Выхаваць патрэбныя якасці ў падапечных — вялікі талент. Ансамбль акружаюць такія ж аматары народнай творчасці, як і самі выканаўцы. Гэтая атмасфера стварылася тады, калі была абрана мэта калектыву — распаўсюджваць беларускую культуру і перадаваць яе слухачу ў першапачатковай форме. Я хацеў бы пажадаць нашаму кіраўніку самага важнага — здароўя. Кожны ўдзельнік ансамбля ўдзячны, што мае магчымасць быць часткай творчай сістэмы Валянціны Іванаўны. 

4. ШЧЫРАСЦЬ І АДКРЫТАСЦЬ 

Яшчэ адно правіла — паважаць не толькі сваіх артыстаў, але і слухачоў. Так, на фестывалі ў Дубаі выканаўцы прапанавалі мясцовай публіцы арабскія песні ў аўтарскай інтэрпрэтацыі. Замежнікі ставяцца да беларускай культуры гэтак жа шчыра і адказваюць узаемнасцю: 

— Калектыў клапатліва прымаюць у розных краінах, — згадвае Валянціна Іванаўна. — Калі мы прыляцелі ў В’етнам, нас сустрэлі выпускнікі айчынных ВНУ. Дзякуючы ім, лёгка звыкліся з новымі геаграфічнымі абставінамі, не было моўнага бар’ера. Так аднесліся да ўсіх артыстаў з Беларусі: з намі выступалі “Песняры”, Алёна Ланская, “Аўра”. Дзякуючы добраму стаўленню да людзей мы і пакаштавалі экзатычную ежу, і дакрануліся да мясцовай прыроды, культуры. 

5. МЭТАНАКІРАВАНАСЦЬ І ЎПЭЎНЕНАСЦЬ 

Разам з калектывам наша гераіня прайшла доўгі плённы шлях. Творчасць “Медуніцы” актуальная і сёння: 

— Мы ніколі не стаім на месцы, — кажа Валянціна Іванаўна. — Сёлета нас запрасілі выступаць у Маскву на ВДНГ. Плануецца вялікі канцэрт у гонар 9 Мая. Таксама мы амаль штогод удзельнічаем у свяце Купалля “Александрыя збірае сяброў”. Шмат чаго наперадзе, і гэта не можа не радаваць. Заўсёды ёсць куды расці і да чаго імкнуцца. 

Няхай жа такі настрой застаецца з працавітымі артыстамі “Медуніцы” назаўжды. А быць на грэбені хвалі калектыву дапаможа надзейны капітан-кіраўнік Валянціна Іванаўна Кандрацьева, якая смела глядзіць далёка ў будучыню. 

Дар’я ВЯРЭНІЧ 

Фота з архіва калектыву