Гонар роднай старонкі

Апублiкавана: 14 сакавiка 2024 Стужка Народная творчасць Гродна і вобласць Дата

Аўтар: Аўтары

У лютым народнаму майстру Беларусі Веры Ігнатаўне Белакоз споўнілася 90 гадоў. З гэтай нагоды ў Гудзевіцкім дзяржаўным літаратурна-краязнаўчым музеі зладзілі святочную імпрэзу. 

Павіншаваць імянінніцу прыехалі прадстаўнікі Гродзенскага абласнога метадычнага цэнтра народнай творчасці, Мастоўскага райвыканкама, Гудзевіцкага сельскага савета. Шмат шчырых слоў выказалі калегі, былыя вучні, аднавяскоўцы, сябры і знаёмыя. У адрас юбіляркі гучалі прыгожыя песні ў выкананні работнікаў філіяла “Гудзевіцкі цэнтр вольнага часу і культуры”. 

Вера Ігнатаўна Белакоз, народны майстар Беларусі

Вера Ігнатаўна Белакоз, народны майстар Беларусі

Нарадзілася Вера Ігнатаўна ў 1934 годзе ў вёсцы Ляткі тады Ваўкавыскага, а цяпер Мастоўскага раёна Гродзенскай вобласці. Бацькі — Сырэй Ігнат Іванавіч і Вольга Сямёнаўна — сяляне, жылі са сваёй гаспадаркі, таму дачка яшчэ з дзяцінства навучылася самай рознай сялянскай працы, у тым ліку і апрацоўцы лёну, ткацтву. 

У 1970-м Вера Ігнатаўна пры школе стварыла ткацкі гурток, дзе дзеці асвойвалі тэхніку вырабу паяскоў, закладачак і гальштукаў на маленькіх ручных кроснах. Пазней гурток стаў працаваць пры музеі. Не адно пакаленне вясковых дзяўчынак і хлопчыкаў далучыла майстрыня да свайго рамяства. 

Узнагароды Веры Белакоз

Узнагароды Веры Белакоз

Вера Белакоз — адраджальніца складанай тэхналогіі ткацтва падвойных дываноў. Першы быў вытканы ў 1990-м у зале практычнага ткацтва музея. Гэтую рэдкую тэхніку Вера Ігнатаўна пераняла ад Ядвігі Райскай, жыхаркі вёскі Адэльск. Навучылася сама, а потым свой багаты вопыт перадавала іншым. 

На рахунку спадарыні Веры — паўтара дзясяткі ўнікальных дываноў, якія ўпрыгожваюць экспазіцыю Гудзевіцкага дзяржаўнага літаратурна-краязнаўчага музея, а таксама захоўваюцца ў фондах іншых устаноў. Наша зямлячка — сапраўдны майстар сваёй справы. Кожны яе твор вылучаецца выразнасцю і яскравасцю. 

У 2011-м традыцыйная тэхналогія ткацтва падвойных дываноў вёскі Гудзевічы была ўключаная ў Дзяржаўны рэестр гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь. А 23 снежня 2013 года рашэннем Экспертнай камісіі па народным мастацтве, народных промыслах (рамёствах) у Рэспубліцы Беларусь Веры Белакоз прысвоены статус “народны майстар” за захаванне і развіццё традыцый падвойнага ткацтва. У 2016-м яна стала лаўрэатам прэміі А.І. Дубко Гродзенскага абласнога выканаўчага камітэта “За творчыя дасягненні ў галіне культуры і мастацтва” ў намінацыі “Народны майстар года”. Усіх узнагарод і не злічыць. 

Госці святочнага мерапрыемства

Госці святочнага мерапрыемства

І цяпер, знаходзячыся на заслужаным адпачынку, Вера Ігнатаўна займае актыўную жыццёвую пазіцыю. Яна ўдзельнічае ў шматлікіх мерапрыемствах, якія ладзяцца не толькі ў музеі, але і па-за межамі нашага раёна. 

Лілія РЭЙШЭЛЬ

старшы навуковы супрацоўнік Гудзевіцкага дзяржаўнага літаратурна-краязнаўчага музея