Брэндавыя мерапрыемствы сакавіка

Апублiкавана: 16 сакавiка 2024 Стужка Традыцыі не указан Падзеі

Аўтар: КАСЦЮНІНА Ульяна

Культурны каляндар першага месяца вясны адкрывае фестываль “Гродзенскі РазГуляй”. У абласным цэнтры 16 сакавіка разгорнецца насычаная праграма, якую распачне тэатралізаванае шэсце масленічнага парада. Адбудуцца канцэрт, квэсты, будуць працаваць спартыўныя і маладзёжныя пляцоўкі, фудкорт. Прывабіць гасцей вялікі масленічны карагод. Яркай зонай стане інтэрактыўная вуліца “Маслены тыдзень”, на якой прадпрыемствы горада адлюструюць асаблівасці кожнага дня святочнага тыдня. Сезон рамеснага гандлю адкрые свята рамеснікаў “Казюкі”, якое збярэ сотні таленавітых умельцаў з розных куткоў краіны і аматараў эксклюзіўных рэчаў ручной работы.

Абрад заклікання вясны “Чырачка” правядуць 17 сакавіка ў аграгарадку Тонеж Лельчыцкага раёна. Свята ладзіцца ў апошні дзень Масленічнага тыдня, а назву атрымала ад маленькіх качак — “чырак”, — якія прыносяць вясну на сваіх крылах. Удзельнікі пойдуць на Чарнічавы горы, дзе раскладуць вогнішча і спаляць на ім ляльку-зіму, заклікаючы песнямі-вяснянкамі вясну і “чырачку-птушачку”.

Адной з найважнейшых падзей месяца стане XVII Міжнародны маладзёжны тэатральны форум “М.@рт.кантакт”, які пройдзе з 21 па 27 сакавіка. У Магілёве запланаваны паказы 25 спектакляў з Беларусі, Арменіі, Балгарыі, Казахстана, Кыргызстана і Расіі. Акрамя таго, у рамках форуму зладзяць майстар-класы і творчыя сустрэчы, будзе арганізавана работа маладзёжнай творчай лабараторыі.

Мастацкі праект “Шлягеры на ўсе часы” разгорнецца з 21 па 23 сакавіка ў сталічным Доме культуры імя Дзяржынскага. У выкананні Нацыянальнага акадэмічнага канцэртнага аркестра Беларусі імя М.Я. Фінберга прагучаць легендарныя мелодыі.

XX Міжнародны конкурс маладых выканаўцаў на духавых і ўдарных інструментах “Залатая труба” мае адбыцца 22 сакавіка ў Стоўбцах. Конкурс праводзіцца з мэтай папулярызацыі музычнай спадчыны Беларусі і жанру духавой музыкі, выяўлення найлепшых выканаўцаў, павышэння іх прафесійнага ўзроўню і актывізацыі творчай дзейнасці музыкантаў. У конкурсе ўдзельнічаюць навучэнцы дзіцячых музычных і школ мастацтваў, устаноў адукацыі з музычным і эстэтычным ухілам ва ўзросце ад 10 да 14 гадоў.

V Міжнародны фестываль-конкурс мастацтваў “Залатая мара” разгорнецца з 28 па 31 сакавіка ў Магілёве. Мэта — выяўленне і падтрымка таленавітых індывідуальных выканаўцаў і творчых калектываў. Спаборніцтвы пройдуць у пяці намінацыях: тэатральнае, харэаграфічнае, музычна-інструментальнае і вакальнае мастацтва.