Кіно прысвячаецца

Апублiкавана: 18 сакавiка 2024 Стужка Кіно Магілёў і вобласць

Аўтар: ГАБЕЦ Яўгенія

Да 100-годдзя беларускага кіно ў Магілёве стартаваў абласны праект “Мастацтву кіно прысвячаецца”. 

Сярод арганізатараў — упраўленне культуры Магілёўскага абласнога выканаўчага камітэта, Нацыянальная кінастудыя “Беларусьфільм”, тэлерадыёкампанія “Магілёў”, а таксама Магілёўскае дзяржаўнае прадпрыемства “Кінавідэапракат”. 

Шэсць творчых спаборніцтваў праекта прадугледжваюць індывідуальны і калектыўны ўдзел: конкурс фатаграфій “КінаДубль”, малюнкаў — “Мая афіша”, сачыненняў — “Мой водгук на фільм”, рэкламы ў інтэрнэце — “Кіно вачыма блогера”, музычны конкурс “Музыка да фільма” і конкурс калектыўных праглядаў “Кінаманы”. 

Далучыцца да праекта жыхары Магілёўскай вобласці могуць па 15 верасня. Галоўны прыз — экскурсія па Нацыянальнай кінастудыі “Беларусьфільм”. Больш падрабязна пра ўмовы — на сайце Магілёўскага дзяржаўнага прадпрыемства “Кінавідэапракат”.