«Калі я чытаю добрую кнігу, не папракайце мяне ў гультайстве. Не хочаце прызнаць, што я працую, дык думайце, што я малюся – Слову...»

Янка Брыль

У канцы 1970-ых гадоў 20 стагоддзя будаўніцтва жылога масіва ў мікрараёне  «Усход», засяленне яго маладымі сем’ямі выклікала неабходнасць будаўніцтва вялікай бібліятэкі. Месцам для адкрыцця выбралі жылы дом ЖБК-51 па вуліцы Маскоўскай,3421. 

Афіцыйна бібліятэка была адкрыта 9 снежня 1981 года на базе юнацкага аддзела, з кніжным фондам 69000 адзінак. У бібліятэцы функцыянавала 3 аддзелы: абанемент, чытальная зала, дзіцячы аддзел.

 У пачатку 1980-ых гадоў пачалося аздабленне бібліятэкі мастакамі Брэсцкіх мастацкіх майстэрняў Гасцявым, Сабалеўскім, Ізергіным. Чытальную залу і дзіцячы аддзел былі ўпрыгожаны пано і маркетры з розных парод дрэва па  матывах літаратурных сюжэтаў і рускіх народных казак. 

У 2002 годзе бібліятэцы было прысвоена ганаровае званне – імя Уладзіміра Калесніка.

У цяперашні час у бібліятэцы працуе 15 супрацоўнікаў і абслугоўваецца 8400 чытачоў. Кніжны фонд  складае больш за 86 тысяч адзінак. 

У бібліятэцы дзейнічае 2 клубы па інтарэсах: клуб «Кнігазнаўцы» (у дзіцячым аддзеле, для дзяцей з 1 па 5 класы) і аб’яднанне нясумнага чытання «Добрыя сустрэчы» (для дарослых).

У бібліятэцы таксама прводзяцца літаратурныя пасядзелкі «Любімыя англічанікі» (напрыклад, у красавіку 2021 года яны праводзіліся ў гонар Шарлоты Бронтэ да яе 205-годдзя з Дня нараджэння).

Час ідзе, і хто б не казаў пра скарачэнне інтарэсу да чытання, бібліятэка працягвае эфектыўна функцыянаваць, арганізоўваць цікавыя мерапрыемствы для дзяцей і дарослых, захоўваць кантынгент даўніх сяброў бібліятэкі  і заахвочваць новых чытачоў. Таму я шчыра рэкамендую наведваць «Юнацтва» як вучням і ўласным дзецям, так і сваім сябрам і калегам.

Святлана Сёміна,

настаўніца англійскай мовы ДУА «Сярэдняя школа № 10 г.Брэста»

Архіўныя матэрыялы і фотаздымкі канца 1980-ых гг. прадастаўлены бібліятэкай.