Унікальная культурна-дзелавая пляцоўка

Апублiкавана: 22 сакавiка 2024 Стужка Бібліятэкі Мінск

Аўтар: Аўтары

Менавіта так Кіраўнік дзяржавы ахарактарызаваў XХХI Мінскую міжнародную кніжную выставукірмаш, што праходзіла з 14 па 17 сакавіка ў сталіцы. 

У прывітанні ўдзельнікам і гасцям ХХХІ Мінскай міжнароднай кніжнай выставы-кірмашу і Х Міжнароднага сімпозіума літаратараў “Пісьменнік і час” Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка канстатаваў: “Ваша ўнікальная культурна-дзелавая пляцоўка зноў аб’яднала ў самым сэрцы Беларусі найлепшыя ідэі, таленты, навінкі свету літаратуры і выдавецкай справы, падарыла свята для сапраўдных знатакоў кніг”. 

Кіраўнік дзяржавы падкрэсліў, што асаблівую важнасць сёлетняй падзеі надае тэма 80-годдзя вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. З гэтым аспектам непарыўна звязаны творы айчынных класікаў, якія атрымалі новае прачытанне ў працах сучаснікаў. 

— Сёння немалаважна, каб удумлівае слова пісьменніка вызначала духоўна-маральныя асновы жыцця чалавека, выхоўвала пачуццё адказнасці за лёс краіны, спрыяла кансалідацыі грамадства перад тварам сучасных пагроз і выклікаў, — лічыць Прэзідэнт. 

Таксама ў прывітанні Аляксандр Лукашэнка выказаў перакананне, што форум пройдзе паспяхова, то-бок запомніцца ўдзельнікам і гасцям грунтоўным дыялогам і пасадзейнічае ўмацаванню міжнародных культурных сувязей. 

Так і здарылася: сёлета да выставы-кірмашу далучыліся выдаўцы, пісьменнікі, грамадскія і культурныя дзеячы больш як з 20 краін. У праграме былі дзясяткі цікавых мерапрыемстваў. Галоўнымі тэмамі, якія чырвонай ніткай праходзілі праз усе дні форуму, сталі 80-годдзе вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў, 30-годдзе Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь, Год якасці, юбілеі класікаў нашай літаратуры. 

Акрамя шматлікіх кніжных навінак, наведвальнікаў прываблівалі і праграмы, падрыхтаваныя ўстановамі культуры. Так, у першы дзень ММКВК на яе галоўнай сцэне адбыліся прэзентацыя выданняў Рэспубліканскага цэнтра нацыянальных культур і канцэрт творчых калектываў Мінскай вобласці, якія сваімі выступленнямі праілюстравалі тэматыку прадстаўленых асобнікаў. Яркія, каларытныя нумары падарылі багата прыемных уражанняў гасцям і ўдзельнікам выставы. 

Музей гісторыі Вялікай Айчыннай вайны зладзіў мабільную экспазіцыю “Наш абавязак — памятаць!”, прымеркаваную да 80-годдзя вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Перасоўны праект на аснове фондавых матэрыялаў складаўся з трох раздзелаў, якія адлюстроўвалі розныя старонкі Вялікай Айчыннай. Таксама ўвазе наведвальнікаў прапанавалі выставу рэдкіх выданняў і іншых друкаваных матэрыялаў, што захоўваюцца ў музеі. 

Нацыянальная бібліятэка Беларусі арганізавала прэзентацыю перасоўнай экспазіцыі “Аўтографы мужнасці”, створанай да 80-годдзя вызвалення Беларусі. Тэматычна праект ахапіў ключавыя падзеі акупацыі — ад гераічнай абароны Брэсцкай крэпасці, генацыду беларускага народа да пераможнай аперацыі “Баграціён”. 

Нацыянальная студыя “Беларусьфільм” прадставіла сёлетнія гарачыя прэм’еры — карціны “Час вярнуцца” і “Чорны замак”. Касцюмы, рэквізіт, сярод якога аказалася нават зброя са здымак, прываблівалі будучых гледачоў і паглыблялі іх у свет навінак айчыннага кінематографа. Таксама ў павільёне можна было азнаёміцца з фільмамі 2023 года і экспазіцыяй, прысвечанай 100-годдзю беларускага кіно.