Мацярынская любоў – арыенцір і ахоўнік на ўсё жыццё

У Беларусі праходзіць Тыдзень бацькоўскай любові. Мерапрыемствы стартавалі 14 кастрычніка, калі адзначаецца Дзень маці, і працягнуцца да 21 кастрычніка, калі ўпершыню ў нашай краіне будзе святкавацца Дзень бацькі.

Так, 15 кастрычніка ў Нацыянальным акадэмічным драматычным тэатры імя Максіма Горкага разгарнулася свята “Мы – дружная сям’я” для шматдзетных сем’яў і бацькоў, якія выхоўваюць двух дзяцей. Для гасцей падрыхтавалі разнастайныя актыўнасці: аквагрым, атракцыёны віртуальнай рэальнасці, фотабоксы.

Да таго ж былі арганізаваны майстэрня па вырабе сувеніраў з лямцу, выстава дзіцячых падарункаў для мам і татаў, якая налічвае больш за сотню работ.

Затым адбыўся ранішнік “Неразлучныя сябры – дарослыя і дзеці” і ўзнагароджанне пераможцаў агляду-конкурсу “Культурная сям’я года”, у якім былі адзначаныя шматдзетныя сем’і.

Са святам усіх прысутных, а гэта восемдзесят сем’яў прадстаўнікоў сферы культуры, у тым ліку больш за дзвесце дзяцей, павіншаваў міністр культуры Анатолій Маркевіч.

Адбылося і ўзнагароджанне пераможцаў конкурсаў “Мой падарунак маме” і “Мой падарунак тату”.

Пасля ўрачыстай часткі гасцей чакаў спектакль “Па шчупаковай волі” ў выкананні акцёраў Нацыянальнага акадэмічнага драматычнага тэатра імя Максіма Горкага. Па заканчэнні пастаноўкі дзяцей і бацькоў запрасілі на абед у Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт культуры і мастацтваў, а пазней – на аўтобусную экскурсію па Мінску. 

Фота Ульяна КАСЦЮНІНА