Наладзіць прафілактыку

Апублiкавана: 28 студзеня 2024 Стужка Афіцыйна Мінск

Аўтар: Аўтары

Грамадская небяспека і шкоднасць карупцыі відавочныя. І кіраўніцтва краіны паслядоўна прымае меры для ўмацавання законнасці, недапушчэння прасочвання крыміналу ў органы дзяржаўнага кіравання і розныя сферы, у тым ліку культуру. 

Законам прадугледжаны санкцыі за карупцыйныя злачынствы, якія па некаторых складах дасягаюць 15 гадоў пазбаўлення свабоды з пазбаўленнем права займаць пэўныя пасады ці займацца пэўнай дзейнасцю. Атрыманая злачынным шляхам маёмасць падлягае адмысловай канфіскацыі. Пра гэта нагадаў Генеральны пракурор Рэспублікі Беларусь Андрэй Швед падчас нядаўняй сустрэчы з працоўным калектывам аднаго з айчынных прадпрыемстваў. 

Па інфармацыі пракуратуры, большасць карупцыйных правапарушэнняў звязана з невыкананнем заканадаўства, што рэгламентуе працэдуры закупак. Акрамя таго, часта выяўляюцца іншыя: выкарыстанне службовымі асобамі ў асабістых мэтах службовай маёмасці дзяржпрадпрыемстваў, невыкананне абмежаванняў па атрыманні падарункаў і іншай маёмасці, няякасная і бессістэмная прафілактычная праца з боку кіраўніцтва. 

Між іншым, супрацьдзеянне карупцыі — агульная справа ўсяго грамадства. У рэспубліканскіх органах кіравання меры барацьбы рэалізуюцца праз адмысловыя камісіі. Чарговае пасяджэнне камісіі па супрацьдзеянні карупцыі Міністэрства культуры адбылося 19 студзеня. На нарадзе разгледжана прадстаўленне Генеральнай пракуратуры аб устараненні парушэнняў заканадаўства, прычын і ўмоў, што ім садзейнічаюць. 

Па выніках пасяджэння прыняты рашэнні, накіраваныя на ўзмацненне працы па супрацьдзеянні карупцыі і карупцыйных праяўленняў у дзейнасці арганізацый культуры. Звернута ўвага на няўхільнае выкананне заканадаўства ў сферы дзяржзакупак, на актывацыю прафілактыкі.