Наш адказ на перапісванне гісторыі

Апублiкавана: 16 кастрычнiка 2022 Стужка Афіцыйна Віцебск і воблась Соцыум

Аўтар: ШЭЙКА Данііл

Больш за год Генеральная пракуратура расследуе крымінальную справу па факце генацыду беларускага народа ў гады Вялікай Айчыннай вайны. Атрыманыя доказы дазваляюць сцвярджаць, што маштабы трагедыі значна большыя, чым меркавалася раней. Якія факты ўдалося ўстанавіць і як захоўваюць памяць пра гэтыя падзеі?

Здавалася б, колькі сведчанняў вайны сабрана і вывучана за амаль восем мірных дзесяцігоддзяў. Расследаванне нацысцкіх злачынстваў пачалося яшчэ да пераможнага завяршэння Вялікай Айчыннай, і пазней не спыняліся пошукі навукоўцаўгісторыкаў і майстроў дакументальнай літаратуры. Прыгадаем славутую кнігу “Я з вогненнай вёскі…” са сведчаннямі тых, хто перажыў знішчэнне сваіх паселішчаў, забойствы родных і землякоў.

Генеральны пракурор Андрэй Швед (другі справа) на раскопках у Бешанковіцкім раёне

Генеральны пракурор Андрэй Швед (другі справа) на раскопках у Бешанковіцкім раёне

Але ж дагэтуль ускрываюцца новыя страшэнныя факты, новыя дэталі дапаўняюць карціну ўжо вядомых трагічных падзей. З красавіка мінулага года, калі Генеральны пракурор распачаў крымінальную справу аб генацыдзе беларускага народа, работнікі ведамства праводзяць апытанні былых вязняў, ветэранаў, партызанаў і падпольшчыкаў, іх сваякоў, высвятляюць абставіны знішчэння вёсак і месцы няўлічаных пахаванняў. Варта адзначыць, што ўдакладненне абставін трагедыі не канчатковая мэта новага расследавання: матэрыялы крымінальнай справы дазволяць паставіць перад міжнароднымі арганізацыямі пытанне аб прызнанні Беларусі пацярпелай ад генацыду, спыніць спробы абясцэніць гістарычную праўду.

НОВЫЯ ПУНКТЫ НА ГІСТАРЫЧНАЙ КАРЦЕ

Падчас апытанняў і вывучэння архіўных дакументаў супрацоўнікі пракуратуры атрымалі звесткі пра поўнае або частковае знішчэнне больш чым 260 раней няўлічаных населеных пунктаў. У гэтым пераліку — Салтанішкі ў Воранаўскім раёне. Як распавялі мясцовыя жыхары, у лістападзе 1943 года нямецка-фашысцкія захопнікі спалілі вёску праз тое, што жыхары дапамагалі партызанам і хавалі ў сябе яўрэяў, якім пагражала смерць. Вяскоўцам удалося схавацца ў лесе, а пазней адбудаваць сваё паселішча.

Яшчэ раней стала вядома пра тры хутары ў Ляхавіцкім раёне, знішчаныя нямецка-фашысцкімі захопнікамі. Новыя факты генацыду адкрыліся дзякуючы неабыякаваму чалавеку. Ён даведаўся пра трагедыю сакавіка 1944 года ад свайго дзядулі. Сведка тых падзей распавядаў, што за дапамогу партызанам карнікі расстралялі жыхароў, а іх дамы спалілі.

Атрыманыя падчас даследавання даныя ўключаны ў кнігу “Генацыд беларускага народа” пад агульнай рэдакцыяй Генеральнага пракурора Андрэя Шведа. Выданне распавядае пра злачынствы захопнікаў, ахвяр сярод мірнага насельніцтва і ўвекавечанне памяці загінулых.

НЕВЯДОМЫЯ МАГІЛЫ

З аповедаў мясцовых жыхароў і архіўных дакументаў супрацоўнікі пракуратуры даведаліся пра мноства раней невядомых пахаванняў. Адно з такіх выявілі ў лесе каля вёсак Слабада і Бортнікі Бешанковіцкага раёна. На яго навялі паказанні грамадзян і дакументальныя крыніцы, у тым ліку матэрыялы з Дзяржаўнага архіва Расійскай Федэрацыі. Пошукавікі паднялі з зямлі астанкі не менш чым 80 асоб, большасць з іх — жанчыны і дзеці. Таксама ў пахаванні знойдзены фрагменты абутку, гузікі, фрагменты расчосак, патроны і гільзы, некаторыя з якіх прамаркіраваныя эмблемай СС.

Невядомую раней магілу мірных жыхароў, расстраляных у сакавіку 1943 года, выявіла пракуратура Маларыцкага раёна каля вёскі Асавая. Звесткі ўдалося атрымаць пры вывучэнні архіўнай справы абласнога ўпраўлення КДБ. Як сведчаць матэрыялы, адзін з фігурантаў выявіў у сваім хляве некалькі сямей, якія хаваліся ад захопнікаў, і паведаміў пра іх акупацыйным уладам. Прыбыўшы, карнікі расстралялі людзей, а іх целы закапалі недалёка ад месца забойства. Падмацавалі гэты факт і паказанні сведкі. Мужчына патлумачыў, што бачыў расстрэл мірных грамадзян і добра запомніў месца пахавання ля пладовага дрэва побач з гаспадарчай пабудовай, паказаў яго падчас агляду мясцовасці. Па ініцыятыве пракурора выяўленае пахаванне ўключана ў план пошукавых работ.

Адна з самых новых знаходак пракуратуры — групавыя пахаванні мірных грамадзян каля вёскі Бастынь Лунінецкага раёна. Там спачылі мясцовыя жыхары, расстраляныя акупантамі ў першыя месяцы Вялікай Айчыннай вайны, а таксама пры адступленні ў 1944 годзе. Пракурорскія работнікі атрымалі інфармацыю ад педагогаў мясцовай школы. Дырэктар Генадзь Вячорка, кіраўнік ваенна-патрыятычнага выхавання Сяргей Бурда і настаўнік гісторыі Вера Мельнец, даведаўшыся пра расследаванне крымінальнай справы, апыталі мясцовае насельніцтва. Двое жыхароў вёскі прыгадалі страшны факт ваенных гадоў і паказалі магчымае месца пахавання. Па ініцыятыве пракурора там мусяць правесці пошукавыя работы.

Расследаванне на Лунінеччыне — гэта не адзіны прыклад, як у выяўленні новых фактаў пра генацыд дапамагаюць апантаныя гісторыяй людзі, неабыякавыя да захавання памяці. І далучыцца да справы можа любы ахвотны. У пракуратуры прымаюць дакументы, заявы і іншую інфармацыю пра дзеянні нямецкіх акупацыйных улад і іх памагатых па знішчэнні грамадзянскага насельніцтва Беларусі і іншых фактах генацыду.

КАБ ТРАГЕДЫЯ НЕ ПАЎТАРЫЛАСЯ

Карта вёсак, знішчаных карнікамі

Карта вёсак, знішчаных карнікамі 

Як адзначаюць у Генеральнай пракуратуры, расследаванне служыць ажыццяўленню антыфашысцкага прынцыпу “Ніколі зноў!”. І каб гэтая фраза была не проста лозунгам, а прынцыпам, які сапраўды працуе, важна не толькі ўстанавіць страшныя факты, але данесці іх шырокай аўдыторыі, а таксама асэнсаваць у мастацтве. Праца ў гэтым кірунку вядзецца. Да прыкладу, Міністэрства культуры пры падтрымцы Генеральнай пракуратуры ладзіць конкурс эскізных праектаў памятнага знака ахвярам генацыду. Арганізатары спадзяюцца адшукаць найбольш выразнае вобразнае рашэнне, якое адлюструе трагічныя падзеі Вялікай Айчыннай вайны і стане ўнікальным сімвалам памяці. Акрамя мастацкай вартасці, аўтарам неабходна паклапаціцца пра гістарычную дакладнасць. З гэтым творцам дапаможа адмысловая даведка, падрыхтаваная пракуратурай.

Тэма генацыду беларускага народа знойдзе адлюстраванне і ў іншых відах мастацтва. Нацыянальная кінастудыя “Беларусьфільм” і Генеральная пракуратура плануюць супрацоўнічаць у асвятленні падзей Вялікай Айчыннай вайны. Пачатак супольнай справе паклаў візіт Генеральнага пракурора Андрэя Шведа на “Беларусьфільм” і сустрэча з міністрам культуры Анатоліем Маркевічам і генеральным дырэктарам кінастудыі Уладзімірам Карачэўскім.

Данііл ШЭЙКА

Фота Генеральнай пракуратуры Рэспублікі Беларусь