Арт-хроніка вызвалення

Апублiкавана: 21 красавiка 2024 Стужка Выяўленчае мастацтва Мінск

Аўтар: ГАЎРЫШ Віктар

Праект “80. Арт-хроніка вызвалення” адкрыўся 18 красавіка ў Мінску. На светлавых рэкламных панэлях у падземным пераходзе да станцыі метро “Кастрычніцкая” прадстаўлены рэпрадукцыі знакамітых твораў айчынных аўтараў з калекцыі Нацыянальнага мастацкага музея Беларусі.

Генеральны дырэктар установы Ганна Конанава адзначыла, што праект — сумесная ініцыятыва Міністэрства культуры і музея. Прымеркаваная да 80-годдзя вызвалення нашай краіны ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў выстава паказвае гэтую найважнейшую гістарычную падзею праз прызму мастацтва. 

Ганна Конанава падчас цырымоніі адкрыцця праекта "80. Арт-хроніка вызвалення"

Ганна Конанава падчас цырымоніі адкрыцця праекта "80. Арт-хроніка вызвалення"

Многія аўтары былі непасрэднымі ўдзельнікамі вайны і стварылі эпічную паэму пра чалавечае жыццё ва ўсёй яго складанасці, пра подзвіг і ахвярнасць, абавязак і прызначэнне. Спадчына — велізарная колькасць работ, прысвечаных Вялікай Айчыннай. 

Праект “80. Арт-хроніка вызвалення” прэзентуе 15 твораў-хронік ад такіх мастакоў, як Р. Кудрэвіч, Я. Ціхановіч, Л. Шчамялёў, Л. Асядоўскі, М. Данцыг, М. Рыжыкаў, П. Гаўрыленка, І. Ахрэмчык, П. Дурчын, М. Савіцкі, В. Волкаў, П. Масленікаў, Л. Асецкі ды І. Капелян. Скарыстаўшы QR-код, змешчаны на плакатах, можна здзейсніць віртуальнае падарожжа па ўсёй пастаяннай экспазіцыі музея. 

Праект “80. Арт-хроніка вызвалення”

Праект “80. Арт-хроніка вызвалення”

Праект прадоўжыцца да 15 ліпеня і ахопіць такія знакавыя даты, як Дзень Перамогі 9 мая, Дзень усенароднай памяці ахвяр Вялікай Айчыннай вайны і генацыду беларускага народа 22 чэрвеня і Дзень Незалежнасці Рэспублікі Беларусь (Дзень Рэспублікі) 3 ліпеня. Прадстаўленыя ў метро работы будуць абнаўляцца штомесяц.