Ануфрый Петрашкевіч — руплівец нашай спадчыны

Усе, хто мае дачыненне да архівістыкі, адзначылі прафесійнае свята 6 кастрычніка. У пэўным сэнсе яно тычыцца і “Культуры”, бо на старонках газеты амаль ў кожным нумары з’яўляюцца матэрыялы, заснаваныя на нашых архіўных знаходках. Сёння размова пойдзе пра Ануфрыя Петрашкевіча, чый унёсак у гісторыю беларускай архівістыкі яшчэ не ацэнены належным чынам.

НАГОДЫ, НАГОДЫ…

Свята архівістаў не адзіная нагода, каб згадаць імя Ануфрыя Петрашкевіча: 26 верасня мы адзначылі яго дзень народзінаў, а 13 кастрычніка — дзень заснавання таварыства філаматаў, архіварыусам якога быў абраны паэт, педагог, бібліятэкар Ануфрый Петрашкевіч. Гэтае таварыства было створана ў 1817 годзе студэнтамі Віленскага ўнівесітэта. Многія філаматы (тыя, хто цягнецца да ведаў, аматары навук), а таксама прадстаўнікі філамацкіх філіялаў: таварыстваў філарэтаў (прыхільнікаў дабрачыннасці), “Прамяністых” і іншых згуртаванняў — за малым выключэннем паходзілі з земляў сённяшняй Беларусі і пазней сталі вядомымі літаратарамі, навукоўцамі і грамадскімі дзеячамі. Адам Міцкевіч, Тамаш Зан, Ян Чачот, Ігнат Дамейка, Антон Адынец, Леанард Ходзька, Юзаф Кавалеўскі, Юліян Корсак… Спіс нашых суайчыннікаў бясконцы. У лепшыя часы колькасць сяброў таварыстваў ішла на сотні. Але, калі б не Ануфрый Петрашкевіч і сумленна выкананы ім абавязак архіварыуса, пра дзейнасць згаданых аб’яднанняў, баюся, сёння мы ведалі б няшмат. Чаму так? Шукаць адказ пачнём з…

ТАЯМНІЦЫ ПЕТРАШКЕВІЧАЎ

Як вынікае са знойдзеных намі архіўных дакументаў, род Петрашкевічаў паходзіць з Міншчыны. У 1784 годзе, прадаўшы палкоўніку Юзафу Валадковічу маёнтак Лысцавічы (сёння гэта вёска Лысавічы на поўдзень ад Акопаў Янкі Купалы і вялікага дуба Ядвігіна Ш.), бацька Ануфрыя Вінцэнт Петрашкевіч перабіраецца ў Наваградскае ваяводства. Ён атабарыўся на цяперашняй Баранавіччыне, блізу Гарадзішча. 14 (26) верасня 1794 года ў фальварку Бурдыкоўшчына жонка Вікторыя Жукоўская нарадзіла Вінцэнту першанца — Юстына-Ануфрыя (дату і месца з’яўлення на свет устанавіла польская даследчыца Малгажата Цвенк). У гэтай сям’і было шмат дзяцей, але для нашай гісторыі важныя перадусім імёны сыноў Міхала і Юзафа. Тое, што Петрашкевічы прынамсі да 1801 года жылі каля Баранавічаў, пацвердзілі і метрыкі з запісамі пра хрост дзяцей: Тарэзы (1798) і Юзафа-Ёахіма (1801). Што цікава — хроснай маці Тарэзы стала Ганна Яблонская, жонка Стафана Верашчакі, дзядзькі той самай Марылі Верашчакі з Туганавічаў. Каханне да яе перанакіравала класіцыстычны цягнік паэзіі Міцкевіча на шлях рамантызму. А пазнаёміў Адама і Марылю… Тамаш Зан, школьны сябра Міхала і Юзафа Верашчакаў, братоў Марылі. Дарэчы, іх маці была цёткай Ігната Дамейкі, будучага выхаванца і таварыша Ануфрыя Петрашкевіча.

Гэ­ты арты­кул я пры­свя­чаю свет­лай па­мя­ці свай­го бы­ло­га на­стаў­ні­ка, гіс­то­ры­ка і архі­віс­та Ві­та­ля СКА­ЛА­БА­НА, які на­пры­кан­цы 1990-х пры­ві­ваў нам, зя­лё­ным сту­дэн­там-му­зе­язнаў­цам Бе­ла­рус­ка­га ўні­вер­сі­тэ­та ку­ль­ту­ры, азы архіў­най спра­вы.

Сённяшняя Баранавіччына ўвогуле можа лічыцца радзімай таварыстваў філаматаў і філарэтаў. Глядзіце самі: Міцкевіч, Чачот, Петрашкевіч, Дамейка і нават Зан маюць з гэтай зямлёй сваяцкую “повязь”. Там жа, каля Туганавічаў, і славуты камень філарэтаў, месца для сустрэч сяброў таварыстваў. А маёнтак Слізеняў у Бартніках ўвогуле быў летняй штаб-кватэрай філаматаў і філарэтаў (гл. “К” №№ 39-40, 2021).

ЛЁС ФІЛАМАТА

Пасля 1801 года сям’я Петрашкевічаў перабіраецца ў Шчучын (адсюль і чутка, маўляў, Ануфрый нарадзіўся там). Ануфрый паступае ў піярскі калегіум. У 1812 годзе Петрашкевіч падпісаў першы ў сваім жыцці працоўны кантракт — стаў гувернёрам Ігната Дамейкі і яго братоў. А далей была вучоба ў Віленскім універсітэце, якую Петрашкевіч па беднасці спалучаў з працай у Радзівілаўскай камісіі. Каб атрымаць наступную пасля кандыдата філасофіі ступень магістра, Ануфрый адправіўся ў Варшаву, а потым у Люблін, дзе па размеркаванні стаў працаваць школьным настаўнікам геаграфіі, натуразнаўства і лаціны. У 1822 годзе наш герой вярнуўся на радзіму і ўладкаваўся архіварыусам у Радзівілаўскую камісію, у якой у той час ужо працаваў яго паплечнік Ян Чачот. Калі ў 1823 годзе пачаўся працэс філаматаў, Петрашкевіч арганізаваў камітэт фінансавай і юрыдычнай дапамогі сябрам. Але неўзабаве і сам патрапіў пад следства. Прысудам стала высылка ў Пецярбург, а потым у Маскву, дзе Петрашкевіч рабіў ад’юнктам пры ўніверсітэцкай бібліятэцы. Знаходзячыся ўдалечыні ад радзімы, Ануфрый актыўна працягваў збіраць філамацкую спадчыну — лісты, літаратурныя творы. У 1826 годзе па клопаце Петрашкевіча былі надрукаваны знакамітыя “Санеты” Адама Міцкевіча, якія адразу сталі вельмі папулярнымі ў Расіі. Ануфрый рыхтаваў да выдання паэзію Тамаша Зана і Яна Чачота, але завяршыць справу не паспеў. У 1831 годзе па даносе нейкага Мікалая Сунгурава Петрашкевіч “за сімпатыі да паўстання” быў арыштаваны і прыгавораны да смяротнага пакарання. Але неўзабаве прысуд замянілі на бестэрміновае пасяленне ў Сібіры, заадно пазбавіўшы Ануфрыя шляхецтва і ступені магістра. Так пачаўся доўгі “сібірскі перыяд” — Петрашкевіч жыў у Табольску, вучыў французскай мове дзяцей ўраднікаў, працаваў губернскім сакратаром, бібліятэкарам, апекаваўся над ссыльнымі землякамі. У 1856 годзе царскім маніфестам Петрашкевічу дазволілі вярнуцца “ў Літву”, але толькі ў ліпені 1860-га, амаль праз трыццаць гадоў, былы філамат убачыў родную зямлю. Прытулак знайшоў у брата Юзафа, доктара медыцыны і колішняга філарэта. Незадоўга да смерці Петрашкевіч напісаў ліст Ігнату Дамейку, які жыў у Чылі: “Усё тут змянілася, новае пакаленне мне чужое, блізкія сэрцу або спяць у магілах, альбо закінуты за мора…” Памёр стары і хворы Ануфрый Петрашкевіч 7 снежня 1863 года. Пахавалі яго на віленскіх могілках Росы (магіла захавалася).

КАЛІ Б НЕ ЁН

Пэўна, калі б не адна акалічнасць, то пра Ануфрыя Петрашкевіча ніхто б сёння не памятаў. Бо колькі іх было — філаматаў-філарэтаў“прамяністых”… Можа, і пра Чачота і Зана забыліся б. І Міцкевіч быў бы нам вядомы не зусім такім. Акалічнасць гэтая — архіў філаматаў, які Петрашкевіч не толькі рупліва збіраў цягам жыцця, але і здолеў укрыць у часы ліхалецця. Архіў — сапраўдны скарб, бо ў ім знаходзяцца старанна сабраная Петрашкевічам дакументацыя таварыстваў, каля тысячы лістоў Міцкевіча, Чачота, Зана, Петрашкевіча, Дамейкі і многіх іншых, а таксама іх вершы, прамовы, песні. Да 1860 года спадчына філаматаў захоўвалася ў Міхала, брата Ануфрыя, у маёнтку Дэражна, што на Шчучыншчыне. Дарэчы, дзядзька Петрашкевічаў Фелікс Жукоўскі жыў у суседняй Ражанцы. Пасля смерці Міхала Ануфрый перавёз архіў да сябе, у Вільню. Пасля скону Ануфрыя адказную справу захоўвання гістарычнай памяці пераняў спярша брат Юзаф, потым яго сыны Фелікс і Ян.

Толькі на пачатку ХХ стагоддзя Ян Петрашкевіч і яго дачка Станіслава наважыліся распавесці свету, што велізарная па аб’ёме спадчына філаматаў не знікла, а ўсе гэтыя гады захоўвалася ў глыбокай таямніцы. У 1913 годзе быў надрукаваны першы з пяці тамоў ліставання філаматаў. Затым выйшлі тры тамы дакументацыі таварыстваў і два тамы паэзіі. Пасля вайны ўбачыла свет яшчэ пяць тамоў філаматавых перапісак. Сёння архіў разбіты на чатыры часткі і захоўваецца ў Польшчы (Варшава, Люблін) і Літве (Вільня). На 2023 год запланаваны запуск віртуальнага архіва філаматаў, які рыхтуецца навукоўцамі згаданых краін. Аб гэтым летась было абвешчана на Кнігазнаўчых чытаннях у Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі. Вельмі хацелася б, каб мы, беларусы, дзякуючы намаганням нашых навукоўцаў убачылі айчынную версію архіва, у тым ліку і на папяровых носьбітах. Усё-такі гэтая гісторыя больш ПРА НАС і ДЛЯ НАС, у чым можна пераканацца, пачытаўшы лісты, вершы або дакументы таварыстваў.

Зміцер ЮРКЕВІЧ