У атмасферы сяброўства і радасці

Апублiкавана: 16 чэрвеня 2024 Стужка Афіцыйна Мінск Культурная дыпламатыя

Аўтар: Аўтары

Да Дня Расіі Міністэрства культуры Беларусі зладзіла музычную інтэрнэт-пераклічку “Праспявай «Кацюшу» — павіншуй Расію!”. Зрэшты, мелодыі братэрскай краіны на гэтым тыдні гучалі і з іншай нагоды: 10—12 чэрвеня ў Мінску праходзілі Дні культуры Варонежскай вобласці. 

Адкрыццё Дзён культуры адбылося ў Вялікім тэатры Беларусі, на сцэне якога Варонежскі тэатр оперы і балета прадставіў “Руслана і Людмілу”. Выбар спектакля абумоўлены важнымі датамі: 225-годдзем з дня нараджэння А. Пушкіна і 220-годдзем з дня нараджэння М. Глінкі. Ва ўрачыстасцях паўдзельнічалі першы намеснік міністра культуры Рэспублікі Беларусь Валерый Грамада і намеснік старшыні Урада Варонежскай вобласці Алег Масалоў. Яшчэ адной яркай падзеяй была выстава “Скрозь бунінскае слова”. Мерапрыемства правялі ў галерэі Мінскага дзяржаўнага мастацкага каледжа імя А. К. Глебава. Экспазіцыя змясціла работы варонежскіх мастакоў, прысвечаныя творчасці вялікага рускага пісьменніка. 

Шмат яскравых імгненняў падарыў знаўцам культуры і канцэрт, які зладзілі ў Беларускай дзяржаўнай філармоніі. Ансамбль народнай песні і танца “Варонежскія дзяўчаты”, Варонежскі акадэмічны сімфанічны аркестр і заслужаная артыстка Варонежскай вобласці Вольга Чыркова прадставілі праграму, якая раскрывае самабытнасць песеннай традыцыі Чарназем’я праз прызму сімфанічнага жанру. Калектывы Варонежскай філармоніі аб’ядналіся, каб пазнаёміць слухачоў з музычнымі шэдэўрамі свайго краю. У праграме “Апета песняй слаўнай…” прагучалі работы вядомых варонежскіх паэтаў і кампазітараў. Рускія і беларускія народныя песні дадалі канцэрту непаўторнага каларыту і стварылі асаблівую атмасферу сяброўства і радасці. 

Акрамя відовішчных імпрэз, падчас Дзён культуры ладзіліся і дзелавыя сустрэчы. Так, у каледжы імя А. К. Глебава прайшоў круглы стол, прысвечаны перспектыўнаму супрацоўніцтву Беларусі з Варонежскай вобласцю ў сферы культуры. У мерапрыемстве паўдзельнічалі міністр культуры Варонежскай вобласці Марыя Мазур, начальнік аддзела міжнароднага супрацоўніцтва і ўзаемадзеяння са СМІ Міністэрства культуры Беларусі Вікторыя Ратабыльская, прадстаўнікі ўстаноў культуры абодвух бакоў. Адмыслоўцы дамовіліся аб стварэнні сумесных патрыятычных праектаў на тэму Вялікай Айчыннай вайны. 

Таксама былі ўрачыста падпісаны дагаворы аб супрацоўніцтве. Пагадненні заключылі Варонежскае мастацкае вучылішча ды Мінскі мастацкі каледж імя А. К. Глебава, Варонежскі абласны цэнтр народнай творчасці і кіно ды Мінскі абласны цэнтр народнай творчасці, Варонежскі абласны цэнтр народнай творчасці і кіно ды Магілёўскі абласны метадычны цэнтр народнай творчасці і культурна-асветнай работы, палацавы комплекс Альдэнбургскіх ды замкавы комплекс “Мір”, Варонежская філармонія ды Беларуская дзяржаўная філармонія, Варонежскі дзяржаўны тэатр оперы і балета ды Вялікі тэатр Беларусі.