Жыццё і смерць у адным келіху

Апублiкавана: 26 кастрычнiка 2022 Арт-блог Тэатры Мінск

Аўтар: БУНЦЭВІЧ Надзея

Першымі прэм’ерамі юбілейнага, 90-га, сезона ў Нацыянальным акадэмічным Вялікім тэатры Беларусі сталі балет “Жызэль” на вялікай сцэне і опера “Моцарт і Сальеры” на камернай. Выйшлі яны амаль адначасова, з розніцай усяго ў тры дні. І пры ўсёй адрознасці жанраў засведчылі, як ні дзіўна, падобныя тэндэнцыі. Супадзенне? Ці праявы сапраўднай эстэтычнай блізкасці?

Балет “Жызэль” стаў першай буйной пастаноўчай працай на нашай сцэне новага галоўнага балетмайстра тэатра Ігара Колба. Гэтак жа опера “Моцарт і Сальеры” прэзентавала ў нас рэжысёрскія спробы заслужанага артыста Беларусі Алега Мельнікава: з’яўляючыся адным з вядучых оперных салістаў нашага тэатра, дзесяцігоддзе таму ён ставіў “Пікавую даму” ў Сербіі, дзе спектакль меў вялікі поспех, а яшчэ раней — “Яўгена Анегіна” ў Маладзечне, дзе сіламі музычнага каледжа быў адкрыты Моладзевы оперны тэатр. Прынцыповы праціўнік усялякага авангарда, Мельнікаў заўсёды спавядаў традыцыйнае стаўленне да оперных спектакляў — добра касцюміраваных, без усялякіх перакідаў дзеяння ў іншую эпоху ці надта інтэнсіўных пластыкі, руху, што могуць перашкодзіць уласна спевам. Перанос “Моцарта і Сальеры” на камерную сцэну дазволіў раскрыць тонкі псіхалагізм гэтага твора, асабліва ў дачыненні да Сальеры, віну якога ў атручванні Моцарта не толькі не даказалі, але і ўсё больш аспрэчваюць даследчыкі.

Партыю Сальеры выконваў сам рэжысёр (дарэчы, ён спяваў і ў ранейшых пастаноўках оперы на вялікай сцэне, дзе ўжо былі рэалізаваны некаторыя цяперашнія ідэі, закладзеныя ў самой музыцы, ды праз маштабы прасторы губляліся многія дэталі). Мельнікаў здолеў данесці ўсю супярэчлівасць героя. Ужо атруціўшы віно, яго Сальеры хоча спыніць Моцарта, ды позна. Таму і плача ў час гучання “Рэквіема”: не столькі пад уздзеяннем музыкі, колькі над лёсам яе стваральніка. У фінале ж трапляе ў стан такой задуменнасці і застыласці, што становіцца падобны на статую: ён быццам сам памірае разам са знішчаным “канкурэнтам”. Такая трактоўка героя падкрэслівалася і праз трэмар рук, і нават праз некаторыя інтанацыйныя хістанні вакалу. “Няправільнасць” візуальнага рашэння, калі сцэнічны строй Сальеры амаль зліваўся па колеры з бардовым аксамітам крэслаў і канапкі (мастак-пастаноўшчык — Любоў Сідзельнікава), і гэта як мага лепш працавала на думку пра тое, што яго музыка таксама добра “зліваецца” з тагачасным мастацкім асяроддзем. І на тым урачыста сур’ёзным фоне рэзка вылучаецца постаць Моцарта ў светлым касцюме з бліскаўкамі, які добра пасуе ягонай гарэзлівай, сонечнай музыцы. Супрацьстаўленне працягнута нават у абутку (на жаль, не бачнага гледачам, што сядзяць далей за другі шэраг): нячутныя боцікі — і гулкія абцасікі.

Моцарта на прэм’еры спяваў малады Андрэй Мацюшонак (дарэчы, колішні выпускнік Маладзечанскага каледжа і актыўны ўдзельнік тамтэйшага Моладзевага тэатра), на наступным паказе — спрактыкаваны, вядомы ў многіх краінах Юрый Гарадзецкі. Абодва тэнары — гэта цалкам дакладнае пападанне ў аблічча генія, створанага ў партытуры.

У самім твары Мацюшонка з насунутым на галаву парыком ёсць штосьці не толькі ўзрушана-адухоўленае, але і дзіцячае, нават па-дзявочы безабароннае, што вымушае згадаць жаночае рашэнне гэтай ролі (і ролі Пушкіна таксама) у “Маленькіх трагедыях” Гомельскага абласнога драмтэатра.

Партытура Рымскага-Корсакава была захавана, паменшылася хіба колькасць пультаў струнных інструментаў, праз што камерны аркестр ператварыўся ў ансамбль. Дырыжор Юрый Караваеў імкнуўся данесці найперш музычнасць твора, і праца па выяўленні выразнасці кожнай фразы павінна быць працягнута: у гэтай музыцы можна знайсці яшчэ многа не цалкам раскрытых таямніц.

Пра таямніцы балета “Жызэль” за гадзіну да прэм’еры распавядаў знакаміты расійскі крытык Аляксандр Максаў. У некаторых заходніх тэатрах такія “ўводзіны” ў спектакль даўно сталі традыцыяй. Можа, новаўвядзенне прыжывецца і ў нас? Уразіла не толькі лекцыя, але і само атачэнне — Габеленавая зала, пра якую ведаюць нават далёка не ўсе прыхільнікі нашага Вялікага тэатра. Свае таямніцы былі прызапашаны і ў спектаклі: галоўны балетмайстар тэатра Ігар Колб адкрыў ранейшую купюру ў клавіры балета, замовіў яе аркестроўку беларускаму кампазітару Вячаславу Кузняцову і дадаў да класічнай харэаграфіі сваю стылізацыю гэтага нумара. У якасці своеасаблівага прэзента-“прыкорму” для шырокай публікі на сцэне з’явіліся і сапраўдны поні, запрэжаны ў сялянскі вазок, і два сабакі, каб больш рэалістычна данесці да гледача ўсе атрыбуты герцагскага палявання. Што ж, дрэсіраваныя жывёліны выкарыстоўваліся і ў імператарскіх пастаноўках дарэвалюцыйнай Расіі, і ў колішніх савецкіх (конны Кутузаў у оперы “Вайна і мір” — чым не класіка?), дый у нашым тэатры Бася Карпілава ў пасляваенны час танцавала Эсмеральду, кажуць, з жывой козачкай. Згадаем і нядаўнія оперныя пастаноўкі Ганны Маторнай: тут вам таксама і конь, і сабачка, але — канцэптуальна абгрунтаваныя.

У “Жызэлі” ж імкненне вярнуць першавытокі выклікала залішні зварот да пантамімы, у выкананні якой нашы артысты не могуць дасягнуць іранічна-эмацыйнага акцёрскага майстэрства танцораў таго ж Каралеўскага тэатра Ковент-Гардэна. Дый у другім акце, амаль цалкам заснаваным на балетнай класіцы, здзівіла пераразмеркаванне харэаграфіі між некаторымі партыямі, што прывяло да новых, не заўжды апраўданых змен у характары герояў: да прыкладу, у адзін з момантаў кранальная Жызэль (Людміла Хітрова) набывае рысы “жалезнай лэдзі”, а звычайна надзеленая такім характарам Мірта (Марына Вежнавец), наадварот, губляецца (дарэчы, і праз сцэнічны строй, які амаль не вылучае яе сярод астатніх вілісаў). А вось супрацьпастаўленне лірычнага Альберта (Эвен Капітэн) і запальна гарачага барадатага Ганса (Ігар Артамонаў) цалкам адпавядае псіхалогіі маладзенькай дзяўчынкі, схільнай да вобраза казачнага хлопчыка-прынца: адкрытая эмацыйнасць, сапраўдныя любоўныя жарсці яе пужаюць.

Між тым, 23 кастрычніка нас чакае не проста чарговышараговы паказ прэм’ернага балета, а, можна сказаць, яшчэ адна прэм’ера: для ўсіх артыстаў гэта будзе першае выкананне той ці іншай партыі, спектакль адкрые некалькі маладых імёнаў. Трэба спадзявацца, праз усё новыя выканальніцкія склады неўміручая “Жызэль” будзе атрымліваць усё новыя нараджэнні. “Моцарт і Сальеры” таксама: на партыю Сальеры заяўлены чатыры салісты, на Моцарта — ажно пяць. Цудоўная магчымасць паглядзець усіх!

Надзея БУНЦЭВІЧ

Фота Таццяны МАТУСЕВІЧ