Ехаў люд на кірмаш

Апублiкавана: 25 кастрычнiка 2022 Нам пішуць Клубы Магілёў і вобласць

Аўтар: Аўтары

Восень ва ўсіх рэгіёнах нашай краіны заўсёды багатая на кірмашы. Так было спрадвеку і так ёсць. Тое і пацвярджаюць вашы лісты, паважаныя чытачы. І работнікі культуры граюць тут не апошнюю скрыпку. Пошта гэтага тыдня прынесла шмат доказаў таму. Сёння героі нашага агляду — жыхары Прыдняпроўя.

Напрыклад, Аксана Аляксеева, загадчык сектара нестацыянарнага абслугоўвання насельніцтва Цэнтралізаванай клубнай сістэмы Чэрыкаўскага раёна, расказвае, што ў Чэрыкаве прайшоў кірмаш, дзе можна было не толькі набыць неабходную прадукцыю, але і стаць удзельнікам народнага гуляння, паглядзець тэатралізаваную канцэртную праграму “Вясёлы кірмаш”, падрыхтаваную спецыялістамі Дома культуры. А яшчэ сярод устаноў культуры раёна быў праведзены конкурс “Чэрыкаўскія таркаванцы”. Як можна здагадацца, прысвечаны ён быў стравам з таркаванай бульбы — дранікам, бульбяным блінам, бабцы ды іншым. Карацей, было і на што паглядзець, і чым пачаставацца. Так, спецыялісты Дома культуры арганізавалі прыгатаванне дранікаў прама на пляцоўцы ўстановы (і, дарэчы, атрымалі дыплом другой ступені на конкурсе). Дыплом першай ступені дастаўся калектыву філіяла “Рэчыцкі сельскі Цэнтр культуры”, а трэцяй — Зорскаму сельскаму Цэнтру культуры.

Фестывалі-кірмашы “Дажынкі-2022” былі арганізаваны ў Чавусах, на Кругляншчыне і Бабруйшчыне. Пра гэта нам паведамілі Таццяна Тоўсцік, намеснік дырэктара ЦКС Чавускага раёна, Таццяна Радоўская, метадыст раённага Дома культуры Цэнтралізаванай клубнай сістэмы Круглянскага раёна, і Марыя Лаўрыновіч, загадчык аддзела народнай творчасці і культурна-дасугавай дзейнасці Цэнтралізаванай клубнай сістэмы Бабруйскага раёна.

У Чавусах імправізаваныя сельскагаспадарчыя падворкі каля будынка раённага Цэнтра культуры і вольнага часу прыцягвалі наведвальнікаў свята прысмакамі і яркім убраннем. Маштабны святочны канцэрт, галоўнай тэмай якога стала любоў да роднай зямлі і павага да людзей працы, стварыў прысутным выдатны настрой. У імпрэзе прынялі ўдзел творчыя калектывы і салісты цэнтралізаванай клубнай сістэмы раёна, навучэнцы дзіцячай школы мастацтваў, сярэдніх школ Чавусаў, Цэнтра дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі.

На Кругляншчыне месцам святкавання стала плошча каля раённага Дома культуры, дзе разгарнулася вакальна-харэаграфічная кампазіцыя “Ода Хлебу” ў выкананні народных калектываў “Вераснянка”, “Крынічанька”, вакальнага ансамбля “Сударушка” і харэаграфічнага калектыву раённага Дома культуры. Святочны настрой тым, хто ўпэўнена прыняў выклік капрызнай прыроды і не прапусціў ніводнага пагоднага дня, каб сабраць ураджай у тэрмін, стваралі і народныя вакальныя калектывы “Беларусачка” філіяла “Цяцерынскі сельскі Цэнтр культуры” і “Калінушка” філіяла “Камсеніцкі сельскі Дом культуры”.

Свята ў аграградку Вялікія Бортнікі Бабруйскага раёна было насычана яркімі і запамінальнымі мерапрыемствамі. Там зладзілі ўрачыстае шэсце, адкрылі абноўлены памятны знак і дзіцячую гульнявую пляцоўку, заклалі алею, правялі абрад “Ушанаванне апошняга снапа”, цырымонію ўзнагароджання перадавікоў сельгаспрадпрыемстваў і святочны канцэрт творчых калектываў Бабруйскага раёна “Квітней, красуйся, родная зямля!”. На галоўнай вуліцы аграгарадка працавала выстава-кірмаш майстроў народных промыслаў і рамёстваў “Добрых рук зямныя цуды”. У ёй прынялі ўдзел майстры Цэнтра рамёстваў п. Глуша Цэнтралізаванай клубнай сістэмы Бабруйскага раёна.

Вера НІКАЛАЕВА