Джулія і Юлія — адно цэлае?

Апублiкавана: 27 кастрычнiка 2022 Стужка Тэатры Мінск Максіма маладых

Аўтар: ЮРКЕВІЧ Настасся

Гісторыя нашай гераіні больш нагадвае сюжэт фільма. Выпускніца школы, выдатніца з невялікага гарадка, паехала за сваёй марай у сталіцу, дзе дзякуючы таленту і настойлівасці атрымала галоўную ролю. Пра тое, як не здраджваць сваім ідэалам і не баяцца крочыць насустрач невядомасці, нам расказала маладая таленавітая актрыса Юлія Лазоўская.

— Мяне выхоўвалі даволi строга, таму я вучылася: хадзіла ў агульнаадукацыйную і ў музычную школы, скончыла клас харэаграфіі і фартэпіяна. У маім родным горадзе Чашнікі, на жаль, не было ні тэатра, ні тэатральнай студыі. Упершыню я ўбачыла сапраўдны спектакль толькі ў 9-м класе, пасля чаго думкі аб акцёрскім майстэрстве не выходзілі з галавы. Да гэтага часу памятаю пастаноўку “Рамэа і Джульета”, у якой увагу прыцягнуў эксцэнтрычны персанаж Меркуцыа. Тады я нават марыць не магла, што калі-небудзь сама выйду на тэатральныя падмосткі. Бацькі, бачачы маё актыўнае творчае развіццё, раілі пайсці на журфак. Але ж у 11-м класе я паехала на праслухоўванне ў Коласаўскі тэатр у Віцебску. Пасля станоўчых водгукаў камісіі маці падтрымала маё рашэнне выбраць спецыяльнасць акцёра драматычнага тэатра і кіно.

ПАЛАСА ПЕРАШКОД

Кожны абітурыент успрымае ўступныя іспыты як паласу перашкод. Каб патрапіць у Беларускую дзяржаўную акадэмію мастацтваў, наша гераіня, акрамя ЦТ, прайшла тры этапы творчага выпрабавання. Чаканне ў чарзе па восем гадзін, вельмi моцнае хваляванне, строгія позіркі членаў камісіі — і вердыкт: шчаслівы білет атрымліваюць 14 чалавек са 120 ахвотнікаў.

— Я рушыла ў поўную невядомасць. Іншыя абітурыенты ўжо мелі нейкі досвед: займаліся ў тэатральных гуртках, наведвалі майстар-класы і ездзілі на праслухоўванні ў Маскву, Санкт-Пецярбург. Страх не адпускаў мяне, пакуль не прайшла ўсе этапы, бо іспыты я здавала без падтрымкi родных і сяброў, якія былі на адлегласці. Памятаю першы экзамен: чытала маналог Жанны Д’Арк, а ўнутры ўсё ледзянела ад хвалявання. Калі іншыя абітурыенты сталі адсейвацца, неаднаразова ўзнікала пытанне: “А што трэба паказаць камісіі?” У выніку я апынулася за крок ад паступлення на бюджэт, мне не хапіла некалькіх балаў. На душы стала пуста і балюча, бо запасныя варыянты я не разглядала. І, як заўсёды, у складаны момант на дапамогу прыйшоў самы блізкi чалавек — мама. Менавіта яна настаяла на тым, што я павінна скончыць Акадэмію мастацтваў.

ШТО ВЫ ТУТ ЗАБЫЛІ?

Цяпер наша гераіня вучыцца на апошнім курсе БДАМ. Дзякуючы стараннасці Юлія здолела атрымаць зніжку на навучанне, а пасля і перавесціся на бюджэт. У заліковай кнiжцы дзяўчыны ёсць толькі адна дзявятка, астатнія балы— дзесяць. Як прызнаецца маладая актрыса, вучоба ў акадэміі складаецца з вельмі розных момантаў: былі і дзіўныя адкрыцці, і жаданне забраць дакументы. Некалькі разоў гераіня казала сабе, што трэба кінуць гэтую справу, што лепш бы вучылася на журналіста.

— З усмешкай успамінаю сваю першую сустрэчу з майстрам. Абставiны здавалiся дзіўнымi: Вячаслаў Паўлавіч Паўлюць зайшоў у кабінет, сеў за стол, паставіў побач кубак кавы і пачаў задаваць пытанні: “Што вы ў нас забыліся? Навошта вам гэта трэба? Вы ж разумееце: тут грошай няма”. Тая размова мяне прызямліла, і з аўдыторыі я пакрочыла расчараваная, малілася, каб ён не быў маім майстрам. Толькі праз час прыйшло разуменне, што больш за ўсё ў сваім жыцці я ўдзячная двум людзям: маме— за пастаянную падтрымку і любоў, а таксама Вячаславу Паўлавічу, бо менавіта ён раскрыў ува мне актрысу. А ВЫ АДЭКВАТНЫЯ? У працэсе навучання будучыя зоркі тэатра і кіно не толькі развіваюць дыкцыю і здольнасць выяўляць эмоцыі, а яшчэ займаюцца фізічнай культурай. Студэнты праводзяць у спартыўнай зале па пяць гадзін, каб адчуць цела, межы яго гнуткасці, прамацаваць мышцы. — Магу прывесці прыклад аднаго з самых запамінальных трэнінгаў: перад сабой мы клалі белы аркуш. Нам казалі ўявіць чалавека, які выклікае пачуццё нянавісці. Далей цягам некалькіх хвілін мы глядзелі на вобраз, а затым раздзіралі паперку. Рабілі гэта з такой сілай, што ў некаторых пачыналася істэрыка. Пасля трэба было скласці ўсе кавалачкі аркуша і папрасіць у чалавека прабачэння. У той момант са слязамі на вачах я ўбачыла сітуацыю з іншага боку. Звычайным людзям нельга назіраць за нашымі трэнінгамі, бо міжволі ўзнікае пытанне: а вы адэкватныя?

ХАЧУ КАХАЦЬ І ЖЫЦЬ

У маі гэтага года ў Рэспубліканскім тэатры беларускай драматургii адбылася прэм’ера пастаноўкі “Альпійская балада”, у якой Юлія Лазоўская cыграла Джулію. Падчас рэпетыцыі дыпломнага спектакля дзяўчыну заўважыла рэжысёр Святлана Навуменка, пасля чаго маладой актрысе прапанавалі галоўную ролю ў пастаноўцы паводле аповесці беларускага пісьменніка Васіля Быкава.

— Многа чула пра Тэатр беларускай драматургіі. А ўпершыню прыйшла туды на “Шлюб з ветрам” — і мой светапогляд перавярнуўся. Я не была знаёмая з “Альпійскай баладай”, калі мне прапанавалі паўдзельнічаць у спектаклі. Пасля прачытання аповесці адчула хвалю натхнення. Я зразумела: добрая роля, але не мая. Мне больш пасуюць стрыманыя ўладарныя гераіні, а тут — ранімая закаханая дзяўчына.

Пазней з Джуліяй мы сталі адным цэлым, бо кожная актрыса прыўносіць у персанажа нешта сваё. Кожны раз, калі пачынаецца спектакль, я перажываю, бо хочацца данесці да гледача ўвесь маштаб гэтай трагедыі. Ужо к сярэдзіне пастаноўкі выразна ўсведамляю: як і мая гераіня, хачу кахаць і жыць. На сцэне ёсць магчымасць гэта шчыра адчуць. Але пасля заўсёды паўстае пытанне: а што далей? Няўжо канец? Перад пачаткам “Альпійскай балады” выходжу на сцэну з думкай: людзі павінны зразумець, як ім пашанцавала. Бо моманты шчасця доўжацца вельмі мала, трэба пражываць яго тут і цяпер.

Парада акцёрам-пачаткоўцам: калі ты сумняваешся хоць на хвiліну, не ідзі ў гэтую прафесію. Ты кожны раз станеш ускрываць душэўныя раны, каб сыграць патрэбную эмоцыю. Будзе вечная дылема: за ці супраць. І заўсёды пераважае апошняе. Трэба шчыра гарэць сваёй марай, каб стаць акцёрам!

КІНО — ГЭТА МАРА

Кожнай актрысе-пачаткоўцу здаецца, быццам здымкі ў фільмах — штосьці завоблачнае і нерэальнае. Наша гераіня пачала рабіць крокі ў кінематографе ўжо на другім курсе. Першы кастынг прайшоў паспяхова, але на ролю Юлію так і не зацвердзілі: у дзяўчыны не было досведу. Сёння у фільмаграфіі актрысы — восем праектаў.

— Трэба разумець, што кіно і тэатр зусім розныя сферы. У мяне была мара — праявіць сябе ў абедзвюх. Пашчасціла працаваць з рэжысёрам Андрэем Кудзіненкам на здымках стужак “Хто я?” і “Дзесяць жыццяў Мядзведзя”. На кастынгу фільма “Дзесяць жыццяў Мядзведзя” ў мяне запыталі адно: “Ты ўмееш плаваць?” — “Так, вядома”. Мяне адобрылі і сказалі: “Выдатна, ты будзеш тануць”. Былі доўгія трэніроўкі, я вучылася пераадольваць парог ціску на глыбіні басейна. Належала затрымаць дыханне хаця б на хвіліну, каб камера паспела зняць патрэбныя кадры. Цяпер тыя моманты з’яўляюцца самымі яркімі і экстрэмальнымі ўспамінамі.

АБ АКЦЁРСКАЙ ПРАФЕСІІ

— Нельга сказаць, што акцёры ў рэальным жыцці шчаслівыя, у большасці гэта ўразлiвыя людзі, якія тонка на ўсё рэагуюць. Памножце свае пачуццi на пяць і зразумееце, што адбываецца ў нашых душах.

Вельмі абражае, калі акцёрскую прафесію не ўспрымаюць усур’ёз, маўляў, што у гэтым складанага, самае цяжкае — вывучыць тэкст. Але ў сапраўднасці вывучыць тэкст — менш за пяць адсоткаў ад усёй работы. Паспрабаваць яго прайграць, прапусціць праз сябе, паспрабаваць выдаць эмоцыю — вось у чым складанасць задачы.

Жыццё акцёра можна параўнаць з вечнымі рэпетыцыямі. У кругавароце роляў вельмі лёгка страціць сваё “я”. Але Юлія Лазоўская не збіраецца збочваць з намечанага шляху і жадае максімальна раскрыцца ў сваёй прафесіі.

Настасся ЮРКЕВІЧ