З’яднаныя спрадвечнымі каштоўнасцямі

Апублiкавана: 15 кастрычнiка 2022 Стужка Афіцыйна Мінск Соцыум

Аўтар: ШЭЙКА Данііл

Наша краіна на гэтым тыдні прыняла Дні духоўнай культуры Расіі. Маштабны праект не толькі расквеціў жыццё сталіцы і рэгіёнаў яркімі імпрэзамі, але і дапамог наладзіць новыя сувязі між спецыялістамі дзвюх краін.

ЗАВОЧНАЕ ПАДАРОЖЖА ДА САФІІ

Падчас Дзён духоўнай культуры ў Нацыянальным гістарычным музеі адкрылася выстава “Святыні старажытнага Ноўгарада — святло, што дайшло праз вякі”. Часовая экспазіцыя прысвечана помнікам унікальнай ноўгарадскай школы іканапісу і ўключае лічбавыя копіі абразоў сярэдзіны ХІ — канца XV стагоддзя з калекцыі Ноўгарадскага дзяржаўнага аб’яднанага музея-запаведніка. Фотаздымкі высокай якасці дакладна перадаюць усе характэрныя рысы шэдэўраў.

Значная частка экспанатаў — іконы мясцовых святых Параскевы Пятніцы, Ільі, Флора і Лаўра, Уласія. Ад гэтых апекуноў жыхары старажытнага горада чакалі дапамогі ў гандлі, рамястве, земляробстве. Таксама зацікавяць наведвальнікаў знакамітыя іконы-святцы — двухбаковыя “таблеткі” з Сафійскага сабора. Яны ўяўляюць сабой невялікія іконы на пакрытым ляўкасам палатне, прысвечаныя галоўным евангельскім эпізодам, сцэнам Страсцей і святым. Прызначаліся такія абразы для ўскладання на аналой у дні царкоўных свят. Сярод іншых ноўгарадскіх ікон вылучаюцца прастатой і выразнасцю кампазіцыі, яркім каляровым строем і сувяззю з народнай творчасцю.

Дапаўняюць экспазіцыю фотаздымкі ўнутранага і знешняга ўбранства цэркваў, дзе знаходзіліся паказаныя абразы. Асаблівае месца займаюць работы пачынальніка рускай архітэктурнай фатаграфіі Івана Баршчэўскага. Выстава будзе працаваць да 25 кастрычніка, таму ў ахвотнікаў яшчэ ёсць час пазнаёміцца з багатай мастацкай і духоўнай спадчынай Ноўгарада. Як паведаміў першы намеснік міністра культуры Валерый Грамада, пабачаць экспазіцыю і жыхары рэгіёнаў. Плануецца, што выставу пакажуць у Магілёўскай і Віцебскай абласцях.

І гэта дакладна не апошні сумесны праект. На адкрыцці экспазіцыі статс-сакратарнамеснік міністра культуры Расійскай Федэрацыі Ала Манілава заявіла пра патрэбу падпісаць стратэгічную дамову аб супрацоўніцтве паміж беларускім Нацыянальным гістарычным музеем і расійскім Дзяржаўным гістарычным музеем. “Неабходна ад эпізадычнага, хаця і важнага супрацоўніцтва па пэўных выставах і праектах, перайсці да большага, сістэмнага супрацоўніцтва, у рамках якога будуць ажыццяўляцца праекты стратэгічнага значэння і якое будзе служыць гістарычнай асвеце, выхаванню нашых грамадзян на праўдзе”, — адзначыла Ала Манілава.

Аб агульнай гісторыкакультурнай і духоўнай спадчыне Беларусі і Расіі ішла размова на канферэнцыі ў Храме-помніку ў гонар Усіх Святых і ў памяць пра ахвяр, якія выратаванню Айчыны нашай паслужылі. У абмеркаванні ўдзельнічалі прадстаўнікі дзяржаўных органаў, кіраўнікі вядучых устаноў культуры абедзвюх краін і духавенства.

ЗАХАВАЦЬ РАЗАМ

Нацыянальны мастацкі музей у чацвер прымаў незвычайную экскурсійную групу: з калекцыяй галоўнай скарбніцы Беларусі знаёміліся расійскія калегі. Яны прыбылі ў Мінск для абмену вопытам рэстаўрацыі музейных прадметаў і помнікаў культурнай спадчыны. Госці высока ацанілі зборы Нацыянальнага мастацкага і яго рэстаўрацыйную базу. Пасля знаёмства з установай яны правялі майстар-клас, на якім расказалі пра найбольш адметныя выпадкі ў сваёй практыцы. З досведам суседзяў пазнаёміліся не толькі супрацоўнікі Нацыянальнага мастацкага музея, але і рэстаўратары з Нацыянальнага гістарычнага музея, Замкавага комплексу “Мір” і Нацыянальнага гісторыка-культурнага музея-запаведніка “Нясвіж”.

Падчас сустрэчы генеральны дырэктар Нацыянальнага мастацкага музея Уладзімір Пракапцоў і генеральны дырэктар Усерасійскага мастацкага навукова-рэстаўрацыйнага цэнтра імя акадэміка І.Э. Грабара Дзмітрый Сяргееў падпісалі дамову аб творчым супрацоўніцтве. У далейшым бакі будуць удакладняць яе і вызначаць канкрэтныя крокі. Цэнтр імя І.Э. Грабара, вядучая ўстанова ў сваёй галіне за савецкім часам, захоўвае высокія пазіцыі і цяпер. Таму вельмі перспектыўным напрамкам супрацоўніцтва варта назваць правядзенне стажыровак для беларускіх спецыялістаў у гэтым цэнтры і супольных навуковых канферэнцый па пытаннях рэстаўрацыі.

ДУХОЎНАЕ І СВЕЦКАЕ

Музычным акцэнтам Дзён духоўнай культуры стаў канцэрт Хору Срэценскага манастыра ў Купалаўскім тэатры. Хары пры манастыры атрымалі шырокую вядомасць у XVII стагоддзі, калі пеўчыя пачалі суправаджаць агульнагарадскія хрэсныя хады. У 1920-я гады манастыр зачынілі, а разам з ім спыніў існаванне хор. Зноў спевы загучалі ў 1990-я, і ў хуткім часе калектыў пачаў актыўную канцэртную дзейнасць. У рэпертуары, акрамя духоўнай музыкі, сабраны рускія народныя і казацкія песні, творы ваенных гадоў, папулярныя рамансы. Адметна, што пазнаёміцца з творчасцю ўнікальнага калектыву змаглі і ў правінцыі: візіт у Беларусь хор пачаў выступленнем у Слоніме.

Завершацца Дні духоўнай культуры сёння канцэртам ансамбля “Купіна” ў малой зале імя Рыгора Шырмы Белдзяржфілармоніі. Удзельнікі калектыву — высокапрафесійныя выканаўцы, якія віртуозна валодаюць народнымі музычнымі інструментамі, тэхнікамі сольных і ансамблевых спеваў. Рэпертуар “Купіны” ўключае творы на народныя тэмы, работы рускіх і замежных кампазітараў, эстрадныя песні і інтэрактыўныя праграмы.

ДЗЕНЬ БАШМЕТА

Адной з цэнтральных падзей Дзён духоўнай культуры Расіі ў Беларусі стаў прыезд у Мінск знанага альтыста і дырыжора Юрыя Башмета. Пад яго кіраўніцтвам на сцэне сталічнай філармоніі прайшоў спектакль-канцэрт “Ван Гог. Лісты да брата” з Яўгенам Міронавым у ключавой ролі.

Артыст чытаў лісты нідэрландскага мастака-постімпрэсіяніста да яго малодшага брата Тэа, і праз іх можна было прасачыць усё жыццё геніяльнага творцы, напоўніцу прызнанага хіба пасля смерці. А пазнаёміцца ўласна з творчасцю дапамагалі відэапраекцыі. Карціны змянялі адна другую даволі хутка, з эфектам “перацякання” выяў. І ўсё гэта — на фоне падабранай Башметам музыкі, што пад яго кіраўніцтвам гучала ў выкананні камернага ансамбля “Салісты Масквы” і асобна ад тэксту, і разам.

На прэс-канферэнцыі, што адбылася за некалькі хвілін да паказу, Юрый Абрамавіч прызнаўся, што любіць і паважае нашу краіну, а разам з мастацкім кіраўніком Беларускай дзяржаўнай філармоніі Юрыем Гільдзюком сябруе яшчэ з часоў навучання ў Маскоўскай кансерваторыі, калі яны разам жылі ў інтэрнаце. Таму няма чаго здзіўляцца, што гэта ўжо другі прыезд да нас маэстра за апошнія чатыры месяцы.

Зранку таго ж дня ў Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі прайшлі чатыры майстар-класы з найлепшымі музыкантамі “Салістаў Масквы”— па ігры на ўсіх струнных смычковых інструментах. А ўдзень адбылася творчая сустрэча з самім Ю. Башметам, што таксама “змадулявала” ў імправізаваны майстарклас з дзвюма студэнткамі. Сустрэчу правяла малады дацэнт Акадэміі, альтыстка Паліна Чарнеўская, якая канцэртуе, — лаўрэат міжнародных конкурсаў, стыпендыят спецыяльнага фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па падтрымцы таленавітай моладзі. Сярод самых цікавых адказаў Юрыя Башмета на пытанні прывядзём наступныя: “Музыка для мяне — гэта хобі, за якое плацяць грошы”; “У засваенні інструмента мне дапамог... Ленін: я пачаў рыхтавацца да конкурсу, што праходзіў у Кіеве да 100-годдзя Леніна, і раптам уцяміў, што альт — нават больш маляўнічы ў выяўленні чалавечых станаў, чым скрыпка”; “Імкненне да поспеху — добрая справа, а зайздрасць — смерць, бо калі Бог адарыў кагосьці больш, чым іншых, дык трэба размаўляць на гэты конт з самім Богам”; “Канцэрт добры тады, калі ён набывае статус генеральнай рэпетыцыі, бо непасрэдна выступленне — гэта не вынік, а далейшы працяг творчага працэсу”.

Дададзім, што творчыя сувязі дзвюх краін у галіне той жа музыкі не абмяжоўваюцца згаданымі Днямі духоўнай культуры. У панядзелак у нашым оперным тэатры адбудзецца даўно запланаваны канцэрт Ансамбля скрыпачоў Вялікага тэатра Расіі. А 25—29 кастрычніка ў Маскве пройдуць чатыры паказы двух нашых спектакляў: оперы Уладзіміра Солтана “Дзікае паляванне караля Стаха” ў пастаноўцы Ганны Маторнай і балета “Шчаўкунок” у версіі Валянціна Елізар’ева.

Данііл ШЭЙКА

Надзея БУНЦЭВІЧ

Фота Таццяны МАТУСЕВІЧ