Гармонія філармоніі

Апублiкавана: 31 кастрычнiка 2022 Стужка Музыка Мінск Суботнія сустрэчы

Аўтар: БУНЦЭВІЧ Надзея

Беларускай дзяржаўнай філармоніі — 85! Урачыстасці і святочны канцэрт з гэтай нагоды адбыліся 25 кастрычніка, прымеркаваныя да адкрыцця 48-га фестывалю “Беларуская музычная восень”. Наш суразмоўца — генеральны дырэктар гэтай вядучай канцэртнай установы краіны Аляксандр НІКІТА.

— Аляксандр Іванавіч, у гэтыя дні вы не толькі атрымліваеце віншаванні, але і задумваецеся пра далейшае развіццё канцэртнай дзейнасці ў краіне. Якімі вам бачацца галоўныя задачы філармоніі?

— Галоўная задача менеджменту нашай установы — стварыць камфортныя ўмовы знаходжання артыстаў на сваёй “хатняй” сцэне. А так было, прынамсі, не заўжды: уласны будынак філармонія атрымала толькі ў 1964-м, дагэтуль канцэрты праходзілі на розных пляцоўках — у тым жа Клубе імя Дзяржынскага.

— Маючы сваю сцэну (а насамрэч дзве — вялікую і камерную), вы ўсё роўна штораз даказваеце, што музыка не можа быць прывязана да адной замкнёнай прасторы: у філармоніі ёсць філіялы ў абласцях, вядзецца пошук новых канцэртных пляцовак у музеях, школах, касцёлах, ладзяцца гастрольныя выезды.

— Так, і гэта таксама адна з галоўных задач — насычэнне культурнага жыцця краіны яркімі музычнымі падзеямі, выбітнымі канцэртнымі праграмамі, адкрыццё новых для айчыннага мастацтва імёнаў. Філармонія свядома трымае курс на акадэмічнасць, на беларускую нацыянальную музычную культуру. Нашы творчыя калектывы і салісты з’яўляюцца лакмусавай паперкай, што вызначае лепшыя здабыткі айчыннага музычнага мастацтва. Іншымі словамі, трымаем марку. І, зразумела, будзем трымаць яе надалей!

— У былыя дзесяцігоддзі наша філармонія прымала лепшых музыкантаў з Масквы, колішняга Ленінграда і нават усяго Савецкага Саюза. Са знікненнем апошняга некаторыя сувязі былі парушаны, але потым гастрольная дзейнасць адрадзілася. Пандэмія і палітычныя падзеі зноў змянілі сітуацыю. Атрымліваюцца гэткія арэлі?

— Вядома, для гастрольных тураў цяпер не лепшыя часы. Але мы актыўна вядзём перамовы з філармоніямі постсавецкай прасторы, падпісваем мемарандумы аб супрацоўніцтве, ладзім узаемныя гастролі. Бадай, самыя шчыльныя кантакты ў нас — з расійскімі музыкантамі і творчымі аб’яднаннямі. Сведчаннем таму — цяперашняе святкаванне юбілею і прыезд знаных расійскіх віртуозаў Сяргея Ралдугіна і Міраслава Култышава, якія бліскуча выступілі з нашым найстарэйшым калектывам — Дзяржаўным акадэмічным сімфанічным аркестрам на чале з народным артыстам Беларусі Аляксандрам Анісімавым. Той жа Ралдугін іграў Віяланчэльны канцэрт СенСанса на інструменце вялікага Страдывары. Але галоўнай каштоўнасцю гэтага выступлення быў не сам інструмент, а ягоны ўладар і, дакладней, уласна інтэрпрэтацыя гэтай музыкі. А яшчэ — наша публіка і тое, наколькі шчыра і зацікаўлена яна рэагавала на ўсе творы, што былі выкананы. Хто б да нас ні прыязджаў, усе ў адзін голас адзначаюць не толькі гасціннасць, з якой мы сустракаем гасцей, але і нашу публіку — добра спрактыкаваную, разумную і адначасова вельмі ўдзячную, добразычлівую.

Аляксандр Нікіта нарадзіўся ў Махачкале ў 1983 г. Атрымаўшы адукацыю па класе скрыпкі, іграў у аркестры Дагестанскай дзяржаўнай філармоніі. Пасля пераезду ў Беларусь скончыў Мінскае музычнае вучылішча і Акадэмію музыкі па класе альта, а пазней набыў спецыяльнасць “Дзяржаўнае кіраванне і ідэалогія” ў Інстытуце дзяржаўнай службы Акадэміі кіравання пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь. Працаваў артыстам Прэзідэнцкага аркестра нашай краіны. У Беларускім дзяржаўным акадэмічным Заслужаным харэаграфічным ансамблі “Харошкі” прайшоў шлях ад артыста аркестра да намесніка дырэктара і, нарэшце, дырэктара гэтага калектыву. На цяперашнюю пасаду генеральнага дырэктара Беларускай дзяржаўнай філармоніі прызначаны ў 2020 годзе.

— Наладжваючы творчыя сувязі, вам, пэўна, даводзіцца наведваць падобныя філарманічныя ўстановы замежжа. Які вопыт, магчыма, там можна і трэба пераняць?

— Не хачу пахваляцца, ды многія, наадварот, зайздросцяць нам. Я не кажу пра Маскву, Вену, Мюнхен, іншыя гарады з найбуйнейшымі ў свеце канцэртнымі арганізацыямі і сваімі творчымі калектывамі. Але большасць замежных філармоній складаецца з кіраўніцтва, вахцёра і персаналу абслугі. А ў нас, нягледзячы на ўсе складанасці і цяжкія пераломныя моманты, удалося захаваць галоўнае — нашы творчыя калектывы, якімі ганарыцца ўся краіна і якія складаюць аснову нацыянальнай музычнай спадчыны. Акрамя згаданага сімфанічнага аркестра, гэта Нацыянальны акадэмічны народны аркестр імя Іосіфа Жыновіча, Дзяржаўная акадэмічная харавая капэла імя Рыгора Шырмы, шматлікія больш камерныя склады: не толькі дзяржаўныя аркестр і хор, але і Ансамбль салістаў пад кіраўніцтвам Ігара Іванова, “Класік-Авангард”, “Камерата”, фальклорныя калектывы “Свята”, “Купалінка”, Мінскі струнны квартэт, фартэпіянны дуэт, тэатр аднаго акцёра “Зніч”, нарэшце, Філармонія для дзяцей і юнацтва. Захаваліся і фестывалі, заснаваныя ў савецкія часы, — тая ж “Беларуская музычная восень” працягласцю больш за месяц. Сёлета ў яе афішы — каля 20 адметных канцэртаў на ўсе густы, акрамя дрэннага. Тут і выступленні нашых калектываў, і прыезд знаных гасцей, сярод якіх, да прыкладу, заслужаны артыст Расіі Даніэль Зарэцкі, уганараваны званнем “Арганіст года”, славуты квартэт віяланчэляў — Rastrelli Cello Quartet, сусветна знакаміты баяніст Фрыдрых Ліпс. Асобна адзначу харавую вечарыну духоўнай музыкі да 1030-годдзя праваслаўя на беларускіх землях — “Харавы сабор”, сольны канцэрт маладога беларускага піяніста Уладзіслава Хандогага. Ды трэба згадваць цалкам усю афішу!

— А што такое філармонія асабіста для вас?

— Другі дом. Дом, дзе жыве Музыка — менавіта з вялікай літары. Нават, я сказаў бы, стан душы. Магчымасць дарыць людзям незабыўныя эмоцыі. Мастак можа павесіць на сцяну сваю карціну, і людзі будуць любавацца ёй колькі заўгодна. Музыка ж — мастацтва хуткаплыннае. Яна прагучала — і застаюцца толькі ўспаміны. А якімі яны будуць — залежыць ад нас.

— Ну, з хуткаплыннасцю ў свеце ўжо навучыліся змагацца, і пандэмія тут нават дапамагла: многія ўстановы, калектывы пачалі праводзіць канцэрты, спектаклі анлайн, шырока выкладаць запісы ў Сеціва. Ці плануецца штосьці падобнае ў нас? Толькі не гаварыце, што радыё і тэлебачанне рэгулярна ладзяць трансляцыі і запісы, бо гэтага ўсё роўна замала.

— Мы даўно над гэтым працуем, ужо шмат чаго зроблена. Пракладаюцца камунікацыі, вядуцца іншыя папярэднія работы. Да таго ж назапашаны і захаваны многія ранейшыя запісы. Магу вас запэўніць: у хуткім часе мы прыйдзем да магчымасці весці якасныя трансляцыі анлайн і запісваць усе нашы канцэрты. Бо гэта наш нацыянальны скарб, якім нельга раскідвацца — толькі зберагаць. З павагай і любоўю. І гэта тычыцца не толькі твораў беларускіх кампазітараў, але і самых разнастайных праграм, падрыхтаваных выканаўцамі. Апошнім часам вельмі змяніліся формы прэзентацыі публіцы музыкі ўвогуле і акадэмічнай у тым ліку. Славуты сінтэз жанраў і відаў мастацтва закрануў і ўласна філарманічную сферу. Прыкладам — феерыя “Лясны цар” у рамках “... Восені”, дзе музыка яднаецца з паэзіяй, харэаграфіяй, светлавым шоу, відэашэрагам.

— У вас за плячыма не толькі выдатная музычная адукацыя, але і ўласная выканальніцкая практыка. Тое, што вы музыкант, у цяперашнім вашым дырэктарстве дапамагае ці, можа, перашкаджае?

— Адназначна — дапамагае. Невыпадкова гавораць: каб знайсці з кім-небудзь паразуменне, трэба паставіць сябе на ягонае месца, адчуць тое, што адчувае ён. Мне не трэба намагацца “ўявіць сябе” музыкантам, я разумею кожнага з іх — і сталых, і маладых, кожнага са сваім характарам, патрэбамі, амбіцыямі. Дапамагае і тое, што я з патомнай сям’і музыкантаў і прадстаўляю ўжо чацвёртае яе пакаленне. Я беларус, але нарадзіўся ў Махачкале. Мой дзядуля — заснавальнік тамтэйшай духавой школы. Бабуля загадвала фартэпіянным аддзяленнем. Так што акадэмічная музыка ўвайшла ў маё жыццё не проста з яго першых дзён, а яшчэ і да нараджэння. Прафесія была наканавана! Я займаўся на скрыпцы, працаваў у Дагестанскай дзяржаўнай філармоніі: іграў там у аркестры. А на альт мяне зманіла знакамітая Лючыя Ластаўка — узяла ў свой клас. І гэта быў нейкі новы этап, новае асэнсаванне музыкі і мяне ў ёй. Людзі творчых прафесій — наш неацэнны скарб. У дадзены момант я гэта не пра сябе гавару, а пра многіх і многіх нашых артыстаў. Стварыць добрыя ўмовы для іх творчасці і данесці тыя дасягненні да публікі — гэта і ёсць філармонія, што невыпадкова рыфмуецца з... гармоніяй. Не ў сэнсе складанай музычнай тэорыі, якую многія недалюбліваюць. Я маю на ўвазе гармонію сусветную, касмічную — у душы кожнага, хто прыходзіць да нас і атрымлівае тую гармонію на філарманічных канцэртах.

Надзея БУНЦЭВІЧ