Восеньскія мелодыі Сафіі

Апублiкавана: 01 лiстапада 2022 Нам пішуць Музыка Віцебск і воблась Iнтэрв'ю

Аўтар: Аўтары

Пайсці на канцэрт у Сафійскі сабор на выхадных — для палачан звычайная справа і нават даўнішняя традыцыя. Кожную нядзелю ў былым храме гучыць арганная музыка ў выкананні заслужанай артысткі Рэспублікі Беларусь Ксеніі Пагарэлай. А раз на год, увосень, у Полацку ладзяць Міжнародны фестываль арганнай музыкі “Званы Сафіі”, і дзверы старадаўняй святыні адчыняюцца для замежных музыкантаў.

Сёлета ў Полацку — двайное свята: юбілейны, 40-ы канцэртны сезон у Сафійскім саборы і XXVII Міжнародны фестываль арганнай музыкі. З 23 кастрычніка па 27 лістапада аматары велічнага інструмента змогуць наталіцца яго жывым гучаннем. Упершыню мастацкі форум “Званы Сафіі” адбыўся ў 1996-м і з таго часу праходзіць штогод. Натхняльніцай дзеі стала Ксенія Пагарэлая. Пасля заканчэння Маскоўскай кансерваторыі музыкант трапіла ва Уладзівасток, а потым у 1988 годзе па парадзе сваёй аднакурсніцы прыехала ў Полацк, каб апрабаваць новы арган. І засталася на ўсё жыццё.

Падчас адкрыцця XXVII Міжнароднага фестывалю “Званы Сафіі”, якое адбудзецца 30 кастрычніка, у выкананні Ксеніі Пагарэлай і камернага аркестра “Еўропа-Цэнтр” можна будзе пачуць творы Іагана Себасцьяна Баха і беларускага кампазітара Аляксандра Літвіноўскага.

Нават у святочныя фестывальныя дні арганізатары не адступяцца ад традыцыі: на працягу шасці тыдняў усе канцэрты пачынаюцца а 15-й гадзіне ў нядзелю.

— Гэта зроблена для зручнасці нашых пастаянных слухачоў, — тлумачыць дырэктар Нацыянальнага Полацкага гісторыка-культурнага музея-запаведніка Марына Чарнышова. — Многія ведаюць, што ў нядзелю заўсёды можна прыехаць да нас у госці і трапіць на канцэрт арганнай музыкі.

У Полацку за гады правядзення форуму выступалі музыканты больш як 26 краін. Сёлета чакаюць артыстаў з Расіі. Так, 6 лістапада з праграмай “Шэдэўры эпох” выступіць дуэт сапрана Святланы Беляковай і арганісткі Анастасіі Быкавай, 20га — у выкананні арганіста, клавесініста, кампазітара Фёдара Строганава прагучаць такаты Іагана Себасцьяна Баха, Дзітрыха Букстэхудэ, Астара П’яцолы, Леона Баэльмана. 27 лістапада для аматараў мастацтва арганістка Цюменскай дзяржаўнай філармоніі Марыя Блажэвіч выканае творы Антоніа Вівальдзі. Безумоўна, цягам фестывалю слухачы пазнаёмяцца і з беларускімі артыстамі: 13 лістапада дуэт арганісткі Кацярыны Нікалаевай і флейтысткі Таццяны Кармазінавай прадставіць праграму “Рамантычная Францыя”.

З кожным годам слава канцэртнай залы ў гістарычным месцы расце. Справа ў магічным гучанні аргана і цудоўнай чутнасці, якую забяспечвае будова Сафіі.

— Акустыка сабора настолькі ўнікальная, што тут запісвала свае пласцінкі знакамітая фірма “Мелодыя”, — распавядае загадчык канцэртнага аддзела Музея гісторыі архітэктуры Сафійскага сабора Алена Мартынава. — У сценах былога храма спявалі Ірына Архіпава, Раберціна Ларэці, Любоў Казарноўская, Дзяржаўная акадэмічная харавая капэла імя Рыгора Шырмы. Гучала музыка ў выкананні арганісткі з Японіі Хірока Інуэ, “Салістаў Масквы” Уладзіміра Співакова, аркестра пад кіраўніцтвам Генадзя Раждзественскага.

Зразумела, прыехаць у старажытны Полацк і не павітацца з Сафіяй немагчыма. Ногі самі кожны раз ідуць па вуліцы Ніжнепакроўскай, што цягнецца ўздоўж Дзвіны, да прыступак, якія вядуць да сабора. Фестываль арганнай музыкі — выдатная нагода пабываць у калысцы беларускай культуры.

Кацярына БУЦЬКО