Музыка — гэта спорт?

Апублiкавана: 29 кастрычнiка 2022 Стужка Харэаграфія Гомель і вобласць Соцыум

Аўтар: Аўтары

Супярэчлівасці ў гэтым пытанні не бачыць Анастасія Некрашэвіч: навучэнка Гомельскага дзяржаўнага каледжа мастацтваў імя Н. Ф. Сакалоўскага — адна з ініцыятараў Рэспубліканскага моладзевага культурнаспартыўнага свята, якое прайшло 20—21 кастрычніка ў Гомелі.

На культурна-спартыўныя спаборніцтвы, што ладзіліся сярод навучэнцаў і маладых педагогаў устаноў сярэдняй спецыяльнай адукацыі ў сферы культуры, прыехалі зборныя каманды ад кожнай вобласці і горада Мінска.

Урачыстая цырымонія адкрыцця адбылася ў Гомельскім каледжы мастацтваў імя Н. Ф. Сакалоўскага. Прадстаўнікі рэгіёнаў паказалі свае відэавізітоўкі, а пасля праявілі таленты ў творчым камандным конкурсе — культурная частка была прысвечана Году гістарычнай памяці. У другі дзень разгарнуліся спартыўныя спаборніцтвы. Удзельнікі прадэманстравалі фізічныя здольнасці і ўпартасць у валейболе, дартсе і лёгкаатлетычным мнагабор’і.

У выніку лепшай стала зборная Гомельшчыны. Другое агульнакаманднае месца — у навучэнцаў і маладых педагогаў з Мінскай вобласці, трэцяе — у прадстаўнікоў Гродзеншчыны.

— Музыка — гэта свайго роду спорт. Як спорт, так і музыка развіваюць цягавітасць, — лічыць Анастасія Некрашэвіч — Я, напрыклад, займаюся ігрой на фартэпіяна. І сустракаюцца такія творы, дзе без упартасці і цягавітасці нічога не атрымаецца.

Наша гераіня даўно заўважыла, што многія навучэнцы ўстаноў адукацыі музычнай накіраванасці захапляюцца спортам, удзельнічаюць у спаборніцтвах. Так і ўзнікла ідэя рэспубліканскага свята, якое сумяшчае два напрамкі. Сваю прапанову Анастасія агучыла на сустрэчы з міністрам культуры, калі разам з выкладчыкам ездзіла ў Мінск за прэміяй.

Адной з мэт культурна-спартыўнага свята дзяўчына абазначыла знаёмства з навучэнцамі іншых творчых ССНУ. Сярод галоўных задач — прапаганда і развіццё творчай дзейнасці, культуры і спорту сярод маладых спецыялістаў сферы культуры і навучэнцаў устаноў сярэдняй спецыяльнай адукацыі сферы культуры.

Дарэчы, выказаць свае прапановы Міністэрству культуры юнакі і дзяўчаты змаглі і на гэтым тыдні: 26 кастрычніка адбыўся адкрыты дыялог у Рэспубліканскай гімназіі-каледжы пры Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі. На сустрэчу першага намесніка міністра культуры Валерыя Грамады з навучэнцамі ўстаноў сярэдняй адукацыі завітала і старшыня Беларускага прафсаюза работнікаў культуры, інфармацыі, спорту і турызму Таццяна Філімонава. У кожнага ўдзельніка адкрытага дыялогу была магчымасць падзяліцца думкамі і задаць свае хвалюючыя пытанні.