Тургенеў па-горкаўску

Апублiкавана: 30 кастрычнiка 2022 Арт-блог Тэатры Мінск

Аўтар: БУНЦЭВІЧ Надзея

У Нацыянальным акадэмічным тэатры імя Максіма Горкага — падзея за падзеяй. 2 лістапада тут адбудзецца прэм’ера паводле Мальера — “Абдураны муж” — у пастаноўцы мастацкага кіраўніка тэатра Сяргея Кавальчыка. А літаральна месяц таму на гэтай сцэне прэзентавалі тургенеўскі “Месяц у вёсцы”, старанна спланаваны народнай артысткай Беларусі Вольгай Клебановіч, якая выступіла рэжысёрам.

Працуючы над спектаклем, тэатр быццам правёў нябачныя сувязі між гэтай п’есай Тургенева, што спачатку называлася “Дзве жанчыны”, і далейшай драматургіяй Чэхава. Паралелі ўзніклі і ў любоўнай тэме, дзе ўсе закаханыя, ды не ўзаемна, і ў мяккай камедыйнасці другасных ліній. А таксама ў адсутнасці знешняга канфлікту, што звычайна становіцца рухавіком сюжэта, і ў самім разгортванні сцэнічнага часу, дзе, на першы погляд, не адбываецца нічога асаблівага: жыццё як жыццё, цячэ сабе павольна, нетаропка, а ў гэтыя хвіліны і гадзіны ўнутраныя, часцей за ўсё прыхаваныя, жарсці ажно зашкальваюць.

Адкрытая да пачатку дзеяння сцэна з хацінкамі ўдалечыні, руская народная песня, што атачае спектакль своеасаблівай аркай, адразу ствараюць вясковую атмасферу пазамінулага стагоддзя — вачыма найперш адпачывальнікаў ва ўлонні прыроды. Прычым сама прырода — той жа сад, куды раз-пораз пераносіцца дзеянне, — вырашана максімальна ўмоўна, што кантрастуе з дэталёвасцю мэблі ды іншых побытавых рэчаў (сцэнаграфія Аляксандры Карнажыцкай) і, вядома, касцюмаў (мастак — Таццяна Лісавенка). Праз зменлівыя колеры светлавога рашэння перадаецца эмацыйны, пачуццёвы складнік, справядліва прыпаднесены не як фон, а як стрыжань спектакля.

Прапрацаваныя псіхалагічныя павароты ў душы герояў памножаныя на нечаканыя акцёрскія работы, што парушаюць звыклыя амплуа ўлюбёных артыстаў публікі. Той жа Руслан Чарнецкі, якога гледачы прызвычаіліся бачыць героем- каханкам (ці ў канцэртнай дзейнасці прыгажуном-вядучым), тут паўстае Аркадзем Іслаевым — заклапочаным мужам, што амаль цалкам захоплены будаўнічымі ды іншымі гаспадарскімі справамі. Пры такім раскладзе яго жонка Наталля Пятроўна (Вольга Здзярская ці ў іншым складзе Вераніка Пляшкевіч) аддае перавагу то какетліва-гуллівым размовам з Ракіціным (Сяргей Чэкерэс), сябрам мужа і сям’і, то таемным заляцанням да студэнта Аляксея Бяляева (Кірыл Нікіцін, Андрэй Сенькін), якога запрасілі ў настаўнікі да іх сына (Мацвей Савенкаў). Выхаванкай Верачкай стала Дар’я Палякова, якой не так часта дастаюцца цэнтральныя ролі. Ды адзначаць трэба абсалютна кожнага!

Завяршаецца спектакль імітацыяй агульнага фота. І гэтая фінальная мізансцэна, пастаўленая для далейшых паклонаў, становіцца яшчэ адной адсылкай да будучай чэхаўскай эпохі. А чырвоныя ніткі, што факусіравалі на сабе ўвагу пасля антракту, — сімвалам сувязі не толькі часоў, але і заблытаных чалавечых лёсаў. Гэтай вечнай тэмай тонкіх чалавечых узаемаадносін спектакль і цікавы сучаснаму гледачу. 

Надзея БУНЦЭВІЧ 

Фота Таццяны МАТУСЕВІЧ