Сенсацыя: у фокусе Нясвіж

Апублiкавана: 02 лiстапада 2022 Стужка Архітэктура Мінск Тэндэнцыя

Аўтар: ЮРКЕВІЧ Зміцер

Адна з галоўных адметнасцей Нацыянальнага гісторыкакультурнага музея-запаведніка “Нясвіж” — Касцёл Божага Цела — рэгулярна з’яўляецца на старонках “Культуры”. Шмат гадоў наша дзяржава вядзе рэстаўрацыю гэтага помніка архітэктуры XVI стагоддзя, уключанага ў спіс UNESCO. Таму інфанагод для публікацый заўсёды багата. Але цяпер ехаць па сенсацыю ў Нясвіж не спатрэбілася. Яна чакала ў майстэрнях “Белрэстаўрацыі”, што прытуліліся ў зацішным кутку цэнтра сталіцы на вуліцы Чычэрына.

Маё знаёмства з храмам пачалося пяць гадоў таму, калі рэстаўратары спярша пашкодзілі сваёй тэхнікай касцельную браму, а потым выпадкова адшукалі на колішнім цвінтары — могілках пры касцёле — дзве велізарныя надмагільныя пліты. Адна з іх належала наваградскаму падваяводзе Казіміру Маляўскаму, вядомаму гістарычнаму персанажу і сваяку Тадэвуша Рэйтана і Эдварда Вайніловіча. Знаходка справакавала ратаўнічыя археалагічныя раскопкі, праведзеныя адмыслоўцамі Інстытута гісторыі Акадэміі навук (гл. “К” №№30, 32, 2017). У 2021 годзе я наведаўся ў Нясвіж з іншай нагоды. Пры аднаўленні тэкстаў на франтоне мастакі “Белрэстаўрацыі” сутыкнуліся з сур’ёзнай праблемай. Равеснікі касцёла — лацінамоўныя надпісы — былі так моцна пашкоджаны часам, што ледзь чыталіся. У выніку на дапамогу запрасілі гісторыка і знаўцу лаціны Алеся Жлутку (гл. “К” № 44, 2021). Тады ж мы паназіралі за працэсам рэстаўрацыі скульптур святых Ігната Лаёлы і Францішка Ксаверыя — фігуры ўсталяваныя ў нішах верхняй часткі касцельнага франтона і выкананыя са штукавай масы.

Касцёл Божага Цела (архітэктар Ян Марыя Бернардоні, 1593) — першы на тэрыторыі Рэчы Паспалітай і другі ў Еўропе барочны касцёл, родавая пахавальня князёў Радзівілаў. Утварае адзіны ансамбль з Замкавай вежай, капліцай Булгарына і плябаніяй. Унесены ў Спіс аб’ектаў сусветнай спадчыны UNESCO. Святы Крыштаф (Хрыстафор з грэчаскай — “той, хто нясе Хрыста”) — адзін з самых папулярных святых у познім Сярэднявеччы. Нябесны заступнік фундатара касцёла — князя Мікалая Крыштафа Радзівіла Сіроткі. Святы Мікалай — святы каталіцкай і праваслаўнай цэркваў, найбольш шанаваны як на Усходзе, так і на Захадзе. З’яўляецца нябесным  заступнікам Мікалая Крыштафа Радзівіла Сіроткі.

Мікалай Крыштаф Радзівіл Сіротка (1549—1616) — грамадскі, вайсковы і палітычны дзеяч Вялікага Княства Літоўскага, пісьменнік і мецэнат. Аўтар славутага твора “Перэгрынацыя, або Паломніцтва ў Святую зямлю”. Намаганнямі гэтага чалавека была выдадзена першая дакладная карта ВКЛ (1603 год, аўтар Тамаш Макоўскі).

Так мы пазнаёміліся з рэстаўратарамі Валерыем Дудко і Яўгенам Мацутам, якія пагадзіліся пракаментаваць сваю новую сенсацыйную працу. Сёння гаворка пойдзе пра ўнікальныя для Беларусі скульптуры XVI стагоддзя, якія ў мінулую пятніцу пасля рэстаўрацыі вярнуліся на франтон касцёла. Гэта статуі святых Крыштафа і Мікалая, нябесных патронаў фундатара Касцёла Божага Цела Мікалая Крыштафа Радзівіла Сіроткі. Але гутарыць будзем не толькі пра згаданыя фігуры. У Нясвіж вярнуліся адрэстаўраваныя тыя самыя надмагільныя пліты, знойдзеныя ў 2017 годзе.

МАЙСТЭРНЯ, КАВА, МАНІТОР

Наша размова з Валерыем Дудко, мастаком-скульптарам, рэстаўратарам, пачалася ў яго майстэрні за камп’ютарам. Гартаючы фотаздымкі касцёла і скульптур да і пасля рэстаўрацыі, Валерый распавёў нямала цікавага пра аднаўленне храма і адкрыцці, з ім звязаныя. Пакуль гэтыя статуі сотні гадоў спакойна стаялі на сваіх месцах, ніхто і не падазраваў аб іх унікальнасці. Фігуры выглядалі не надта выкшталцона і нечым былі падоб¬ ныя да свечак, якія аплылі.

— Днём другога нараджэння скульптур можна лічыць 2 сакавіка 2018 года, калі пачалася наша праца з касцёлам, — распавёў Валерый. — Да гэтага часу ўжо было ўстаноўлена, што муры касцёла звонку былі каляровыя, паліхромныя. І гэта неверагоднае адкрыццё! Жывапісцы зрабілі зандажы яшчэ і на скульптурах, думаючы, што яны таксама распісаны. Але аказалася, не. Калі я паглядзеў на той шэры колер статуй, то спярша падумаў, што гэта бетон, нейкае ліццё. Яшчэ адна рэч, якая кідалася ў вочы: нават пад дзевяццю слаямі фарбы ўгадвалася нейкая неадпаведнасць дэталей, нібыта яны прыстаўленыя потым. І ніхто не мог уявіць, што нас чакае схаваная сенсацыя.

— Калі гэта быў не бетон, дык што ж тады?

— Аказалася, што фігуры выкананыя з пясчаніка, аднаго з самых складаных для скульптараў матэрыялаў. Ён адначасова і крохкі, і вельмі трывалы, як тачыльны камень. Пясчанік актыўна выкарыстоўваўся для вырабу скульптур ва ўсім свеце — у нас, Італіі, Польшчы, Расіі. Напрыклад, статуі Святога Крыштафа на фасадзе кракаўскага касцёла і на пражскім мосце таксама выкананы з пясчаніка. Радовішчы гэтай пароды ёсць у Польшчы, ва Украіне. І ў нас таксама ёсць, але беларускі пясчанік не надта падыходзіць для разьбы. Мінерал, з якога вырабленыя гэтыя скульптуры, вельмі пазнавальны, ён халоднага зеленаватага колеру, характэрнага для Польшчы. Такі самы пясчанік мы бачым і ў інтэр’еры Касцёла Божага Цела, на алтарах і на магіле самога Мікалая Радзівіла. З гэтага ж матэрыялу выраблена скульптура Святой Ганны, якая сёння знаходзіцца ў храме. Але тое іншая манера выканання, што адносіцца да ранняга барока.

— Зразумела, што такія ва ўсіх сэнсах каштоўныя знаходкі павінны былі пакінуць значны след у справаводстве радзівілаўскай канцылярыі: нейкія рахункі, схемы, імя аўтара. Ці ўдалося ўстанавіць стваральніка?

— Вольга Бажэнава, якая доўгі час займаецца гісторыяй касцёла і якая правяла вялікую даследчую працу ў архівах, не змагла знайсці дакладнай інфармацыі пра гэтыя скульптуры. Па некаторых прыкметах знаўца адносіць статуі, дарэчы вельмі высокага ўзроўню, да венецыянскай школы. Іканаграфія і манера выканання пластыкі сведчаць, што фігуры належаць да позняга рэнесансу — ранняга барока. Вольга Дзмітрыеўна настойвае: гэта рэнесанс — сталы, усходнееўрапейскі. Для Беларусі — унікальны выпадак, аналагаў якому няма. Я мяркую, наўрад ці гаворка можа Сенсацыя: у фокусе Нясвіж весціся пра ўмоўнага Джавані, якога запрасілі ў Нясвіж і які ў куточку працаваў над скульптурамі. Сёння для работы з мармурам на некаторых прадпрыемствах існуе група, дзе кожны мае сваю спецыялізацыю. Адзін займаецца грубай апрацоўкай каменю, другі набліжае пароду да меркаваных абрысаў, а на фінішы ўступае чалавек, што рабіў мадэль, прыдумаў ідэю. Той самы аўтар у нашым разуменні. Верагодна, на маю думку, так было і тады. Прычым у арцелі было відаць тых, хто спецыялізаваўся на дробных дэталях, складках, шліфоўцы. Падобным займаўся не майстар. Але тое, як віртуозна выкананы дробязі — пальчыкі на ручках і ножках маленькага Хрыста, вены на руках святога Крыштафа або фантастычныя бароды, сведчыць пра вельмі высокі ўзровень прафесіяналізму аўтара. Мяне як скульптара па адукацыі прыводзіць у захапленне рука святога Мікалая ў пальчатцы, бо я ведаю, наколькі складана зрабіць так, каб пад тканінай пальчаткі “чыталася” рука. На гэта я гляджу з зайздрасцю і адчуваннем уласнай бездапаможнасці, нейкага бяссілля, бо не разумею, як майстра дабіўся такога эфекту.

— Ці былі статуі выраблены тут, на месцы? Усё ж транспартаванне гатовага вырабу, ды яшчэ такога каштоўнага ва ўсіх сэнсах, было вельмі небяспечнае.

— Магчыма. Але тое, што іх даводзілі да канчатковага выгляду тут, на месцы, — хутчэй за ўсё. Бо фігуры ж трэба было падагнаць пад нішу.

— На скульптурах заўважныя немалыя страты і пашкоджанні, нібыта нехта наўмысна страляў па іх або сек шабляй. Бачныя таксама сляды ранейшай рэстаўрацыі.

— Усе гэтыя страты адкрыліся пасля таго, як статуі былі ачышчаны ад фарбы. Стала зразумела: пашкоджанні нанесены вандаламі за адзін раз. Удалося ўстанавіць, што фігуры афарбавалі адразу пасля першай рэстаўрацыі, калі да іх дадалі адбітыя фрагменты са штукавай масы. І зроблена гэта было, каб прыхаваць не надта зграбна выкананую працу. Бо ні ў якое параўнанне, напрыклад, не ідуць арыгінальныя і адноўленыя пальцы. Ці тая ж галава маленькага Хрыста, магчыма, узятая з іншай скульптуры і прыстаўленая да гэтай, ды яшчэ і павернутая не зусім у той бок…

Вольга Бажэнава, доктар мастацтвазнаўства, прафесар БДУ:

“Скульптуры святых Мікалая і Крыштафа ўяўляюць сабой творы высокага мастацкага ўзроўню і выдатнай гісторыка-культурнай вартасці. Статуі ўзнімаюць беларускае мастацтва рэнесансу і барока на новую высокую ступень, сведчаць аб еўрапейскай напоўненасці і якасці нашага мастацтва Новага часу. Скульптура з ніжняй кандыгнацыі фасада нясвіжскага Касцёла Божага Цела з’яўляецца вельмі рэдкім узорам твораў памежнага развіцця гісторыі беларускага і сусветнага (еўрапейскага) мастацтва. Падобнага роду стылеўтваральных рэпрэзентацый няма ў Літве і зусім мала — каля пяці — у Польшчы.

Важна падкрэсліць важнасць нясвіжскай скульптуры, зробленай каля 1600 года. Менавіта гэтыя статуі паказалі шляхі фарміравання мастацкіх школ нашага рэгіёна. То-бок гарантавана можна дадаць да ўжо вядомай значнасці Касцёла Божага Цела ў Нясвіжы як першай праявы барока ва Усходняй Еўропе яшчэ і каштоўнасць фасаднай скульптуры храма, бо гэтыя фігуры прадставілі асноўныя прынцыпы фарміравання мастацкіх школ нашых земляў. Нямногія еўрапейскія культуры маюць у сваім арсенале помнікі, якія паўплывалі на станаўленне новых стыляў і складанне механізма фарміравання рэгіянальных школ. Нясвіжскі касцёл валодае такім важным для нашага краю мастацкім багаццем, падкрэсліваючы і дэманструючы высокі ўзровень развіцця культуры Беларусі на мяжы XVI—XVII стагоддзяў”.

НА ЖЫВЫХ ПРЫКЛАДАХ

Далей мы перамясціліся на падворак майстэрняў, дзе пад адмысловым навесам стаялі святыя (як мне падалося, у профіль яны падобныя, быццам блізняты). Ужо там на жывых прыкладах Валерый Дудко распавёў аб працэсе рэстаўрацыі. Слухаючы і бачачы, з якім захапленнем мастак-скульптар расказвае пра справу, якой было аддадзена некалькі гадоў жыцця, я разумеў: яго словы “я ўдзячны лёсу, што мне выпаў шанц папрацаваць з гэтымі статуямі” — не жарт. Разглядаючы фігуры, дзе кожная дэталь, нават самая дробная, выраблена па-майстэрску, міжволі пераконваешся, што насамрэч ім месца ў музеі. Я спытаў, ці могуць статуі трапіць пад ахоўнае шкло вітрыны, і даведаўся наступнае.

Як толькі высветлілася, што скульптуры створаныя не са штукавай масы і не з бетону, а што іх 430 гадоў таму таленавіты майстар вырабіў з пясчаніка, была склікана Рада. Гучалі прапановы метадам прамога капіявання падрыхтаваць рэплікі з сучаснага матэрыялу, якія не шкада было б падставіць у агрэсіўны знешні асяродак. Але пераважыла слова заказчыка рэстаўрацыі — касцёла, што настаяў на вяртанні аўтэнтычных статуй на франтон. А каб паменшыць уплыў асяродка, скульптуры былі апрацаваны сучаснымі кансервантамі.

СТАРЫЯ ДОБРЫЯ ЗНАЁМЫЯ

А што тычыцца надмагільных пліт, якія былі знойдзены на цвінтары ў 2017 годзе? У 2022-м іх перавезлі ў Мінск у майстэрні “Белрэстаўрацыі”, а на днях усталявалі каля касцёла. Аднаўленнем помнікаў займаўся Яўген Мацута, скульптар, мастак:

— Да нас яны трапілі ў жахлівым стане — разбітыя на мноства аскепкаў, што прыйшлося карпатліва збіраць, як элементы пазла. У выпадку з плітой Маляўскага фрагментаў аказалася не так шмат, і яны былі буйнымі. Дзякуючы гэтаму ўдалося расчытаць імя, пасаду і дату смерці. А вось другое надмагілле распалася на сорак дробных частак, з якіх на свае месцы, на вялікі жаль, не здолелі вярнуць пятнаццаць. Пры аднаўленні пліты быў выкарыстаны прыём, пры якім новы фрагмент прыстасоўваюць на некалькі міліметраў ніжэй, чым аўтарскі, стары. Надмагіллі насычаюць умацавальнымі рэчывамі і пакрываюць разнаколернай таніроўкай. Што датычыць далейшага лёсу помнікаў, то яны вернуцца ў Нясвіж. А вось адносна таго, як яны будуць экспанавацца, ёсць некалькі думак. Разглядаецца варыянт, пры якім па баках касцёла для пліт зробяць невялікія пастаменты, а да пастаментаў пракладуць адмысловыя сцежкі. Або надмагіллі могуць адправіцца ў музей з больш зручнымі ўмовамі захавання. Прынамсі, я лічу, што для аховы такіх каштоўных аб’ектаў іх трэба выстаўляць у памяшканні. Яўген Мацута паказаў і трэцюю пліту, якую таксама прывезлі з Нясвіжа. Гэта адносна малы кавалак чырвонага мармуровага надмагілля. Тэкст на ім расчытаць пакуль не атрымалася, бо пліта нібыта абкусаная нейкім веліканам з усіх бакоў. Пасля рэстаўрацыі і яна вернецца ў Нясвіж. Дарэчы, нехта выкарыстоўваў помнік як частку апоры даху ў капліцы Булгарына (1747 год), якая знаходзіцца на тэрыторыі касцёла. Тыя ж Булгарыны, па ўсёй верагоднасці, з’яўляюцца продкамі нашага вядомага пісьменніка Тадэвуша (Фадзея) Булгарына (гл. “К” №38, 2022).

І АПОШНЯЕ

Слухаючы рэстаўратараў, я не мог адбіцца ад думкі, навязлівай, бы пчала. Як здарылася, што па¬ добную сенсацыю — гэтыя скульптуры — абыякава абмінулі беларускія музеі? Мог бы атрымацца вельмі значны для краіны праект, у якім цікава было б распавесці не толькі пра самі ўнікальныя для Беларусі статуі, але і пра пліты. І нават пра радзівілаўскую крыпту, з якой надмагіллі былі вынесены на цвінтар сотні гадоў таму. А калі б яшчэ дадаць гісторыю рэстаўрацыі касцёла, то ініцыятыва карысталася б вялікім попытам у наведвальнікаў!

ЯК СТАЛАСЯ

Але як сталася, так сталася. Пакуль матэрыял рыхтаваўся да друку, апошняе пытанне страціла актуальнасць. Пліты ўжо ўсталяваны на пастаменты з правага боку касцёла. А тыдзень назад і скульптуры вярнуліся на вечную стаянку пад родным нясвіжскім небам. У найбліжэйшы час рэстаўрацыя статуй працягнецца, але ўжо на месцы. 

Зміцер ЮРКЕВІЧ