Таямніцы Юзафа Казлоўскага

10 верасня мы адзначылі Дзень народзінаў творцы, імя якога яднае тры краіны – Беларусь, Расію і Польшчу. З апошняй мы, дарэчы, спрачаемся за права лічыцца радзімай кампазітара. Даследаванне яго жыцця вядзецца музыказнаўцамі ўжо амаль дзвесце гадоў — не кожная паліца вытрымае вагу напісанага пра яго. Але дастаткова адкрыць любую з публікацый, каб пераканацца: разблытваць таямніцы кампазітара даследчыкі будуць не менш як да другога прышэсця. І я, маючы некаторы досвед у барацьбе з белымі плямамі гісторыі, назваў бы выпадак Казлоўскага “асабліва цяжкім”. Прыкладам, усё, што вядома пра яго продкаў, — “Юзаф быў сынам Антона.” Пра паходжанне кампазітара мы сёння і пагаворым. 

УВЕРЦЮРА

“Статский Советник Осипъ Антонов сынъ Козловский. Урожденъ их Дворянъ ПолскихЪ: Каторой родился въ Варшаве, въ году 1759. Сентября 10. дня”...Теперь Мне окончилось лет 70; 18 Сентября 1828 Года” — так Казлоўскі напісаў у аўтабіяграфіі, нядаўна знойдзенай у расійскіх архівах польскай даследчыцай Валерыяй Антончык. Лічыцца, што музыцы Юзаф (Осип-Восіп-Иосиф-Язэп) Казлоўскі вучыўся пры варшаўскім кафедральным касцёле св. Яна. Каля 1775 года (або 1773) Казлоўскі стаў першым настаўнікам музыкі, сябрам і паплечнікам Міхала Клеафаса Агінскага (іх плённае сяброўства доўжылася больш за 50 гадоў і магло б стаць тэмай асобнага артыкула). У 1786-м перайшоў з “польскага войска” ў расійскае і быў прыняты на службу прапаршчыкам драгунскага палка. Браў удзел у руска-турэцкай вайне, штурмаваў Ачакаў і Ізмаіл. У адстаўку выйшаў у 1793-м маёрам і ўжо знакамітым кампазітарам. Пазней быў прызначаны “дырэктарам музыкі імператарскіх тэатраў” (пасаду пакінуў пасля цяжкай хваробы ў 1819 годзе). У 1820—1823 гадах з запрашэння Агінскага наведаў Беларусь, пабываў у Залессі ды іншых мясцінах. З 1791 па 1831 гг. жыў і працаваў у Пецярбургу, дзе і памёр 27 лютага (11 сакавіка па новым стылі) ад вадзянкі, маючы 72 гады (так у знойдзенай намі метрыцы смерці). Пахавалі кампазітара на Смаленскіх могілках (для іншародцаў). Магіла з помнікам на польскай мове не захавалася. Як вынікае са знойдзенай намі метрыкі хросту сына Міхала Георга (ахрышчаны 6 снежня 1798 года), Юзаф быў жанаты са Схаластыкай, прадстаўніцай беларускага роду Лапаў. Прадстаўніком гэтага ж роду быў славуты даследчык гісторыі ВКЛ Іван Лапо. Меў Юзаф яшчэ дачку Марыну (нар. каля 1800 года), спявачку, альтыстку і арфістку. 

СПАДЧЫНА

Па падліках даследчыкаў, за 40 гадоў творчай дзейнасці Казлоўскі напісаў каля 600 твораў! З іх 74 — паланэзы, першае месца сярод якіх належыць кампазіцыі “Гром победы, раздавайся!” (1791). З моманту прэм’еры цягам некалькіх гадоў гэты твор, нароўні з “Коль славен наш Господь в Сионе”, лічыўся неафіцыйным гімнам Расійскай імперыі. Яшчэ адзін знакаміты твор Казлоўскага — “Рэквіем” на смерць апошняга караля Рэчы Паспалітай Станіслава Аўгуста Панятоўскага, які, нібыта прадчуваючы хуткую смерць (памёр кароль напачатку 1798 года ад “апаплексічнага ўдару”, выпіўшы кубак нейкай вадкасці), замовіў “Рэквіем” Казлоўскаму. У 1817 твор быў выкананы на жалобных урачыстасцях па Тадэвушы Касцюшку, якія адбыліся ў Вільні. А яшчэ былі розныя “малыя і вялікія” музычныя формы. Яго песні (на вершы розных аўтараў) нават лічыліся голасам цэлага пакалення. Пра багаты ўнёсак Юзафа Казлоўскага ў культуру Расіі напісана нямала. Але мы вернемся да таямніц яго паходжання... 

ТАЯМНІЦА-1. ВАРШАЎСКІ СЛЕД

Перш чым распавесці пра тое, што “яднае” Казлоўскага і Беларусь, прывядзём аргументы “таго” боку. У першай прыжыццёвай біяграфічнай нататцы пра Казлоўскага ў энцыклапедыі еўрапейскіх музыкантаў згадвалася, што ён “нарадзіўся ў Варшаве ў 1757 годзе” (верагодна, гэту інфармацыю для замежнікаў падаў Міхал Агінскі). У гэты ж самы момант Казлоўскі сцвярджае, што “нарадзіўся ў Варшаве 10 верасня 1759 года” (метрыка хросту Казлоўскага не знойдзена і па гэты дзень, таму праверыць “факт” немагчыма). Нікім не аспрэчваецца “факт” вучобы ў Варшаве, але аніводнага доказу гэтаму няма. Як няма аніякіх звестак пра сям’ю кампазітара. Адносна нядаўна вядомая даследчыца Аліна Віткоўская-Жураўская выказала думку, што бацькам Казлоўскага мог быць Антон Касалоўскі (Кашлоўскі), які меў працоўныя стасункі з касцёлам св. Яна, быў скрыпачом каралеўскай капэлы і надворным капельмайстрам гетмана Яна Клеменса Браніцкага і жыў у Беластоку. Вось толькі акрамя падабенства прозвішча “Касалоўскі-Кашлоўскі-Казлоўскі” ніякіх іншых доказаў сваяцтва прыведзена не было. Цікава, што ўсе іншыя Казлоўскія, якія служылі пры двары, сваё прозвішча пісалі толькі як “Казлоўскі” (у тым ліку і нейкі харунжы з Літвы). На сённяшні момант няма звестак нават пра тое, што Казлоўскі хоць раз бачыў таго Касалоўскага. Што не стала перашкодай зацвердзіць “факт сваяцтва” праз СМІ. Але такое магло быць. Бо Браніцкія выдатна ведалі Агінскіх (і Радзівілаў), а музыканты з надворных капэл часам пераходзілі з аднаго “двара” на другі. І тут узнікае пытанне: а ці не мог быць той Касалоўскі, як і харунжы Казлоўскі, з Літвы (ВКЛ)? Іншымі словамі, на карысць варшаўскай версіі сёння ёсць толькі “шчырае слова самога Юзафа Казлоўскага і сіла традыцыі”. 

ТАЯМНІЦА-2. БЕЛАРУСКІ АРГУМЕНТ

У 1985 годзе выйшла “Энцыклапедыя культуры і мастацтва Беларусі”, у якой нехта В.Д. Бабровіч заявіў, што “Казлоўскі нарадзіўся на хутары Казлоўскі, блізу сённяшняга Слаўгарада (ранейшага Прапойска)”. Пазней з’явілася сцвярджэнне, што гэты аўтар знайшоў нейкую метрычную кнігу, у якой была метрыка хросту Юзафа Казлоўскага (з якой ён не выпісаў ні дату, ні імёны бацькоў). Гэтыя непераканаўчыя звесткі, набыўшы моц “факта”, ляглі ў падмурак беларускай версіі паходжання кампазітара. Баюся, што калі б не некралогі Казлоўскага, у якіх пісалася, што ён паходзіў з “белорусских дворян”, то і казаць не было б чаго. Але…

ТАЯМНІЦА-3. СВЕДКА — ТАДЭВУШ БУЛГАРЫН!

Тадэвуш Булгарын — пісьменнік, журналіст, выдавец першай расійскай штодзённай газеты “Северная пчела”, тэатральнага альманаха “Русская Талия”, заснавальнік авантурнага рамана і фантастычнага рамана ў рускай літаратуры. Нарадзіўся 24 чэрвеня 1789 года (дата з метрыкі) на Уздзеншчыне. Паходзіў са старога беларускага роду. Лічыцца, што ён быў аўтарам некралога, які спярша з’явіўся ў “Северной пчеле”, а потым патрапіў на старонкі цэнтральных імперскіх газет. У некралогу згадвалася, што Юзаф Казлоўскі паходзіў з “белорусских дворян”. Булгарын ведаў кампазітара з дзяцінства і не раз згадваў таго ў сваіх ўспамінах: “…Мы остановились у Осипа Антоновича Козловского, друга нашей фамилии”, “Прошение, по-данное сестрою моею, поступило Государю чрез Статс-Секретаря Нелединского-Мелецкаго… Чрез него же доставлено было и решение Осипу Антоновичу Козловскому, для передачи просительнице”, “Я ходил также иногда к некторым полякам, из знакомых моим родителям и к Осипу Антоновичу Козловскому”. Самы час задацца пытаннем: а што і калі магло так зблізіць гэтыя два роды, каб Юзаф Казлоўскі не толькі слыў сябрам сям’і, пасяліў прыбышоў у Пецярбург Булгарыных у сябе ды яшчэ і дапамагаў ім дабівацца справядлівасці ў імператарскіх “чертогах”? Біяграфія Казлоўскага адказу не дае, бо старанна абмінае тэрыторыю Беларусі паўколам і толькі напрыканцы жыцця дае яму шанец патрапіць у Залессе Агінскага. Тады што?

ТАЯМНІЦА-4. СЛЯДЫ ВЯДУЦЬ У КЛЕЦК?

Да таго як Булгарыны перабраліся пад Узду, жылі яны ў Грыцкавічах пад Клецкам, былі парафіянамі тамтэйшага касцёла — разам з Бохвіцамі, Міладоўскімі, Пузынамі і Казлоўскімі. Сям’я шляхціцаў Антона і Тарэзы з Гутаровічаў Казлоўскіх жыла ў 1740—1760-х гадах у Мінькавічах, акурат пасярэдзіне шляху з Клецка ў Грыцкавічы. То-бок Булгарыны і Казлоўскія (стары род, з якога выходзілі і ўраднікі ВКЛ) жылі амаль па суседстве. А бацька Булгарына быў равеснікам кампазітара. Ці не там, на Клеччыне, нарадзілася тое сяброўства? Праўда, ці быў Юзаф сынам гэтага Антона Казлоўскага, я сцвярджаць не бяруся і пакуль не змог бы патлумачыць, як нейкі клецкі шляхцючок мог патрапіць у настаўнікі музыкі да князя Агінскага ў Трокі і Гузаў. Магчыма, і гэты след вядзе ў нікуды. Але пошукі працягваюцца. 

Ну і на астачу хочацца нагадаць, што сёлета ў нас 265-я гадавіна нараджэння Юзафа Казлоўскага. І нават калі ён пакуль што наш зямляк “50/50”, згадаць аб ім варта хаця б з той прычыны, што без Калоўскага не было б “Развітання з Радзімай”, славутага паланэза Агінскага. А можа і такога Агінскага, якога мы сёння ведаем і высока шануем!

Зміцер ЮРКЕВІЧ