Іван Міско пра новы помнік Якубу Коласу

Сімвалам павагі нашчадкаў да таленту, грамадзянскай пазіцыі Якуба Коласа стаў новы помнік, адкрыты ў цэнтры Стоўбцаў. Статуя на радзіме Песняра — праца творчай кааліцыі мінскіх скульптараў Уладзіміра Піпіна, Сяргея Логвінава і лаўрэата Дзяржаўнай прэміі СССР, прэміі Саюзнай дзяржавы ў галіне літаратуры і мастацтва, народнага мастака Беларусі Івана Міско. З апошнім “К” сустрэлася, каб даведацца, як ствараўся бронзавы вобраз пісьменніка.

— Іван Якімавіч, конкурс эскізных праектаў помніка Якубу Коласу быў выйграны яшчэ тры гады таму…

— Ды на стварэнне помніка можа спатрэбіцца жыццё… Ідэя ўзнікае раптоўна, як у кампазітара новы твор, аднак да яе фізічнага ўвасаблення могуць прайсці гады. Самае складанае — візуалізаваць думку, знайсці тое натхненне, той вобразны сімвал. Некаторыя ідэі так і застаюцца пыліцца на паліцы. Шмат цяжкасцей — і тэхнічных, і вытворчых — давялося пераадолець, каб прыйсці да рэалізацыі праекта. Але ўсё ж вырашана было прывязаць адкрыццё помніка да юбілейнай даты Песняра. Таму Якуб Колас у бронзавым абліччы вярнуўся на радзіму менавіта ў дзень свайго нараджэння.

— Праца ў камандзе прадугледжвае некаторыя кампрамісы. Ці было складана ператвараць задуму ў жыццё разам з Уладзімірам Піпіным і Сяргеем Логвінавым?

— Калектыўная работа — гэта калектыўны розум. Аднаму вельмі складана вызначыць, добра ты зрабіў ці дрэнна: няма з кім параіцца, адсутнічае погляд з боку. Кожны з нас стварыў сваю версію, мы іх сумясцілі, падкарэктавалі, каб атрымаць выніковы варыянт. Згодны, што калектыў скульптараў можа паразумецца ў адным праекце, а ў іншым мець зусім розныя меркаванні. Цяпер жа з Уладзімірам Піпіным і Сяргеем Логвінавым у нас атрымалася адна каманда. Мы раіліся, уносілі праўкі, абмяркоўвалі рашэнні.

Важную ролю ў стварэнні канчатковага варыянта помніка адыгралі сваякі Якуба Коласа і музейныя супрацоўнікі. Быў прадстаўлены вялікі архіў фатаграфій, шмат інфармацыі. Усёй камандай доўга выбіралі тую самую выяву, адзенне, візуальнае суправаджэнне… Нам хацелася, каб у абмеркаванні ўдзельнічалі і пісьменнікі, і ў цэлым усе неабыякавыя людзі. Скульптурная кампазіцыя — гэта гісторыя, яна застанецца з аўтарамі назаўжды. Мы перабралі мноства ідэй, прадстаўлялі паэта, калі ён сядзіць, калі ён стаіць... Але ў выніку вырашылі суправадзіць літаратара арбітай творчасці і натхнення. Імкнуліся зашыфраваць у помніку той гістарычны перыяд, калі Колас пісаў на сваёй радзіме, працаваў над “Новай зямлёй”. А рукапісы, якія ляцяць, — спосаб падзяліцца творчасцю майстра з усім светам…

— Нядаўна скончылася падача заявак на конкурс эскізаў памятнага знака ахвярам генацыду беларускага народа ў гады Вялікай Айчыннай Вайны… Як сведка тых падзей, вы стваралі свой макет?

— Конкурсы адыгрываюць важную ролю ў маім творчым жыцці, а менавіта гэты стаў праверкай здольнасцей. Я вельмі добра памятаю тое ліхалецце. І з вышыні пражытых гадоў і атрыманага досведу я хораша бачу, як цяпер можна візуалізаваць страшныя ваенныя падзеі ў скульптуры. Гэта быў працяглы працэс, што складаўся з прапрацоўкі эскізаў і накідаў, перачытвання дакументальных крыніц, літаратуры, гутарак з відавочцамі. Толькі на аснове пералічанага можна візуалізаваць нейкую ідэю. Усіх падрабязнасцей пра конкурсную работу пакуль агучыць не магу — чакаю абвяшчэння вынікаў. 

Ульяна КАСЦЮНІНА 

Фота Таццяны МАТУСЕВІЧ