Страсці па Елізар'еве

Апублiкавана: 09 лiстапада 2022 Арт-блог Харэаграфія Мінск

Аўтар: БУНЦЭВІЧ Надзея

Валянціну Елізар’еву — 75! Народны артыст Беларусі і СССР, лаўрэат шматлікіх прэмій, мастацкі кіраўнік Нацыянальнага акадэмічнага Вялікага тэатра оперы і балета нашай краіны — усе званні і пасады блякнуць перад галоўным фактам: Валянцін Мікалаевіч — адзін з найбуйнейшых харэографаў ХХ стагоддзя і сучаснасці.

Такое дачыненне не толькі да ўласна беларускага, але і да сусветнага мастацтва азначана прэміяй Міжнароднай асацыяцыі танца Benois de la Dance за балет “Страсці (Рагнеда)”, чым Валянцін Елізар’еў асабліва ганарыцца. Але і без таго зразумела: творца належыць да балетмайстраў, якія рухаюць харэаграфію наперад. Справа не ў тым, што ў сваіх балетах і асобных нумарах ён прыдумляе адметныя рухі. І нават не ў тым, што гэтыя вынаходкі часцяком становяцца пластычнымі лейтматывамі, суправаджаючы герояў і атрымліваючы далейшае развіццё — падобна да таго як з зярнятка ўзрастае кветка, іншая расліна ці суцэльнае дрэва. Унёсак Елізар’ева куды больш прынцыповы, бо ахоплівае само разуменне харэаграфіі.

— Валянцін Мікалаевіч, вы любіце паўтараць, што для вас галоўнае — думка. Няўжо яе можна выказаць адно праз чалавечае цела?

— Праз балетны спектакль — дакладна. І чалавечае цела ўдзельнічае ў гэтым як адзін з найважнейшых складнікаў.

У прыведзеным сціслым выслоўі — сама філасофія харэаграфічнага мастацтва. У ХХ стагоддзі яна падзялілася на некалькі кірункаў, якія не залежаць ад стылявога напаўнення. На адным полюсе — так званая харэадрама, у цэнтры якой — развіццё сюжэта, пераказ гісторыі. На другім — балеты бессюжэтныя, сэнсам якіх з’яўляецца прыгажосць чалавечага цела і руху як адзінак. Пасярэдзіне — метафарычныя пастаноўкі, што распрацоўваюць нейкую адасобленую філасофскую тэму — найперш праз шматлікія асацыятыўныя сувязі і ўтварэнне шырокай інтэртэкстуальнай прасторы, асабістай для кожнага з гледачоў.

Абраны Елізар’евым напрамак — гарманічнае яднанне гэтых шмат у чым несумяшчальных, здавалася б, ліній. Пры ўсёй “скарпіёнавасці” свайго знака задыяка, пры відавочнай, на першы погляд, празе эпатажу, які дапамагае быць заўважаным і заўважным, Валянцін Мікалаевіч заўжды імкнецца да гармоніі. У творчасці і жыцці.

— Я чалавек сямейны. Люблю сваю сям’ю: жонку, дзяцей, унукаў. Для мяне гэта штосьці вельмі цёплае, асабістае. Мае бацькі памерлі ў даволі раннім узросце. Але яны заўжды падтрымлівалі мяне — ва ўсім. Я сам абіраў прафесію, жыццёвы шлях. Маме і тату, вядома, магло штосьці не вельмі падабацца, але яны прымалі мой выбар і такім чынам прывучалі мяне да самастойнасці і адказнасці.

Ці ж не ў гэтым крыецца таямніца творчасці Елізар’ева? Харэаграфія майстра скіравана не на разбурэнне, а на стварэнне. Ён не абвяргае рэчы, што былі адкрыты да яго, а напаўняе новымі сэнсамі, логікай развіцця. Каб у тым пераканацца, дастаткова зірнуць, як Валянцін Мікалаевіч рэдагуе класіку, нічога не парушаючы ў ёй, а толькі ўдасканальваючы. Мабыць, з гэтай прычыны і яго ўласныя балеты сталі жывой класікай. У творах Елізар’ева вы знойдзеце папраўдзе ўсё — і ў непарушнай гармоніі. Там і сціслы пераказ гісторыі, дзе падрабязнасцямі становяцца не дадатковыя персанажы, а эмоцыі і пачуцці цэнтральных герояў. Там і захапленне целам, рухам. І праз усё гэта — то імклівы, а то запаволены ход думкі.

У кожнай з прац Валянціна Мікалаевіча — свая гісторыя стварэння, пра ўсе можна гаварыць бясконца. І гэтак жа бясконца іх глядзець.

— Кожны артыст у рамках маіх думак і бачання можа ўнесці сваю фарбу, але харэаграфія і сэнс павінны быць непарушныя.

4 лістапада адбылася юбілейная вечарына майстра з удзелам зорак сусветнага балета. І фрагменты работ Елізар’ева, што дэманстраваліся побач з класікай розных стагоддзяў, забліскалі новымі адценнямі. На роўных з ёй. Бо яны і ёсць — жывая класіка.

Надзея БУНЦЭВІЧ