Сышліся неяк Моцарт з Дантэсам

Апублiкавана: 08 лiстапада 2022 Арт-блог Тэатры Гомель і вобласць

Аўтар: БУНЦЭВІЧ Надзея

Днямі з Гомеля прыляцела добрая вестка. Актрыса абласнога драмтэатра Марыя Хадзякова атрымала спецыяльны прыз “За арыгінальнае ўвасабленне класічнага вобраза” на пазачарговым Міжнародным фестывалі “Смаленскі каўчэг. Пераможцы і лаўрэаты мінулых гадоў”. Узнагароду далі за ролю… Моцарта.

“Маленькія трагедыі. Пушкін” — за простай, здавалася б, назвай у афішы Гомельскага абласнога драматычнага тэатра хаваецца знакавы беларускарасійскі праект. Жыццё і творчасць вялікага паэта сталі адпраўным пунктам даследавання геніяльнасці і яе адрознення ад звыклага мыслення, падпарадкаванага рэчаіснасці. Зварот да рускай класікі быў адной з умоў сумеснай пастаноўкі, што ладзілася ў рамках праекта “Пецярбургскія тэатральныя майстэрні” пры садзейнічанні Камітэта па знешніх сувязях Санкт-Пецярбурга, Тэатра-фестывалю “Балтыйскі дом” і Асацыяцыі дзеячаў рускіх тэатраў замежжа. Дарэчы, згаданая ініцыятыва прадугледжвае розныя формы супрацоўніцтва: гэта і навучанне, і правядзенне расійскімі творцамі майстар-класаў па розных тэатральных спецыяльнасцях у Беларусі і Казахстане. Але кіраўніцтва гомельскага тэатра абрала менавіта працэс падрыхтоўкі спектакля: маўляў, у час рэпетыцый таксама можна многае пераняць. Была зацікаўленасць і ў мастаку па святле, бо калектыву хацелася адчуць неабмежаваныя магчымасці новага, нядаўна набытага абсталявання і, адпаведна, новыя творчыя падыходы да светлавой партытуры ўвогуле. Таму тэатр падаў заяўку, прайшоў конкурсны адбор — і праз нейкі час пачаўся адлік дзён да прэм’еры. Ставіць спектакль прыехаў малады рэжысёр, заслужаны дзеяч мастацтваў Паўднёвай Асеціі Раман Габрыя.

У гэтай інсцэніроўцы нязвыклае ўсё, асабліва для прыхільнікаў святога захавання традыцый. Тут сышліся многія найноўшыя тэндэнцыі развіцця сучаснага тэатральнага мастацтва. Тэкст Пушкіна становіцца хіба толькі адпраўным пунктам для стварэння спектакля. Тым больш што з “Маленькіх трагедый” абраная толькі адна — “Моцарт і Сальеры”. Яе разгортванне, разбітае на асобныя фрагменты, упісанае ў іншую “маленькую трагедыю” — цалкам рэальную, у адрозненне ад несапраўднага, як сведчаць даследчыкі, атручвання Моцарта. Бо ў цэнтры апынаецца гістарычна дакладная сустрэча Пушкіна з Мікалаем І. Размова паэта з расійскім імператарам не была занатаваная слова ў слова, але ўспаміны пра яе захаваліся ў розных крыніцах, на аснове якіх і быў пабудаваны спектакль. Прынамсі роля Пушкіна ў пастаноўцы аддадзена маладзенькай актрысе — добра загрыміраванай Веры Грыцкевіч, імя якой па просьбе рэжысёра нават не было пазначана ў праграмцы (маўляў, хай глядач паверыць у “жывога” паэтакласіка), а толькі на сайце тэатра.

Пры ўсёй значнасці ў інсцэніроўцы празаічнага і паэтычнага тэкстаў спектакль атрымаўся зусім не схільны да жанру сторытэлінгу, дзе ў цэнтры знаходзіцца “расказ гісторый” — тым больш у стылістыцы “гаворачых галоваў”. Ёсць і адметная пластыка (той жа Лізаветы Альхоўка ў ролі Наталлі Ганчаровай, з сучаснага танца якой пачынаецца дзеянне), і музыка Уладзіслава Крылова, і шмат інтэрактыву. Імператар (Сяргей Юрэвіч) увогуле большасць рэплік кідае з залы, устаСышліся неяк Моцарт з Дантэсам навіўшы сабе крэсла пасярод партэра. Дый атручванне Моцарта ператвараецца ў “калектыўную змову”, бо для гэтай адказнай мізансцэны Сальеры (Сяргей Лагуценкаў) выклікае каго-небудзь з гледачоў.

Разнастайных рэжысёрскіх прыдумак, што дапамагаюць яшчэ больш ажывіць дзеянне, вельмі шмат. Але, бадай, самай запамінальнай становіцца перадача дзвюх цэнтральных мужчынскіх роляў — Пушкіна і Моцарта — дзяўчатам. Гэтым прыёмам рэжысёр зусім не акцэнтуе эмансіпацыю, а ўсяго толькі падкрэслівае тонкую адухоўленасць, па-дзіцячы шчырую эмацыянальнасць герояў, іх кранальную безабароннасць.

“Маленькія трагедыі. Пушкін” — не адзіная прэм’ера тэатра за апошні час. 27—29 кастрычніка гледачы ўбачылі новы спектакль “Таямніцы замка Шынон”, пастаўлены запрошаным з Мінска Сяргеем Кавальчыкам. На 24—26 лістапада да Дня вызвалення Гомеля ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў запланавана прэм’ера паводле Васіля Быкава — “Пайсці і не вярнуцца” ў пастаноўцы заслужанага артыста Расіі Валянціна Ва- рэцкага. А ў лютым Гомельс- кі абласны драматычны тэатр рушыць на гастролі ў сталіцу.

Надзея БУНЦЭВІЧ