Вітаем, “Лістапад”!

Апублiкавана: 05 лiстапада 2022 Стужка Кіно Мінск Соцыум

Аўтар: ЮРКЕВІЧ Настасся

Мінск у чарговы раз стаў пунктам прыцягнення вядомых рэжысёраў, акцёраў, аператараў. Культурнае жыццё сталіцы кіпіць з новай сілай: чырвоныя дарожкі, творчыя сустрэчы і найлепшыя навінкі ў свеце кіно — цяпер усё гэта ў сэрцы Беларусі! Колькасць ахвотнікаў паўдзельнічаць у сёлетнім фестывалі “Лістапад” павялічылася ў параўнанні з леташнім у некалькі разоў: арганізатары атрымалі 1360 заявак з 89 краін. На працягу форуму ў кінатэатрах нашай краіны пакажуць больш за сотню адабраных стужак.

XXVІІІ Міжнародны кінафестываль “Лістапад” уключае чатыры асноўныя праграмы: ігравога, дакументальнага, анімацыйнага кіно, фільмаў для дзіцячай і юнацкай аўдыторыі “Лістападзік”. Для кожнага з конкурсаў створана сваё прафесійнае міжнароднае журы. Суддзі кінафоруму вызначаць найлепшыя карціны і аўтараў, якім уручаць асаблівыя дыпломы і ўзнагароды, у тым ліку прызы Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь “За захаванне і развіццё традыцый духоўнасці ў кінамастацтве” і “За гуманізм і духоўнасць у кіно”.

Некаторыя стужкі “Лістапада” плануюць трансліраваць больш чым у 30 гарадах нашай краіны: Віцебску, Магілёве, Гродне, Брэсце, Гомелі, Полацку, Маладзечне, Оршы, Баранавічах і іншых. Творчыя сустрэчы з медыйнымі гасцямі таксама адбудуцца па ўсёй рэспубліцы.

Журы асноўнай секцыі ігравога кіно ўзначаліць вядомы расійскі акцёр Дзмітрый Астрахан. Ён сам неаднаразова прэзентаваў працы на “Лістападах” розных гадоў і з фільмам “Усё будзе добра!” перамог на фестывалі ў 1995 годзе. У конкурсе дакументальных стужак старшынёй журы стане сербскі прадзюсар і сцэнарыст Ёван Маркавіч. Судзіць анімацыйныя фільмы будуць пад кіраўніцтвам леташняга ўладальніка спецыяльнага прыза Прэзідэнта “За захаванне і развіццё традыцый духоўнасці ў кіно”, беларускага мультыплікатара і кампазітара Ігара Волчака. Старшынёй журы “Лістападзіка” абраны генеральны дырэктар кінастудыі “Таджыкфільм” Махмадсаід Шахіён.

Конкурс карцін для дзіцячай і юнацкай аўдыторыі сёлета працягнецца з 5 да 7 лістапада. За гэты час пакажуць дзевяць стужак, у тым ліку адну беларускую. Гэта сямейнае кіно ад Андрэя Кудзіненкі пад назвай “Дзесяць жыццяў Мядзведзя” з Яўгенам Сідзіхіным у галоўнай ролі. Адкрые дзіцячую праграму яшчэ адзін сямейны фільм, у якім дабро бярэ верх над злом, — “Чараўнік” Рэната Даўлецьярава. Вітаем, “Лістапад”! 

Настасся ЮРКЕВІЧ

Фота Таццяны МАТУСЕВІЧ