Агонь жартаваць не любіць. Як установы культуры падрыхтаваліся да асенне-зімовага перыяду?

Апублiкавана: 11 лiстапада 2022 Стужка Афіцыйна Мінск Соцыум

Аўтар: ЧАРНЯКЕВІЧ Юрый

Надыходзяць халады, а значыць, і ўзрастае небяспека пажараў. Прычым не толькі ў жылых дамах, але і ў многіх дзяржаўных і недзяржаўных установах, у прыватнасці, у арганізацыях сферы культуры Беларусі. Зыходзячы ў тым ліку і са свайго журналісцкага вопыту, магу з упэўненасцю засведчыць, што агонь ва ўстанове культуры — даволі рэдкая з’ява. І часцей за ўсё яна здараецца ў сельскіх будынках, якія дасюль яшчэ абсталяваны пячным ацяпленнем. Хоць і звычайныя музеі, бібліятэкі ці школы мастацтваў, у якіх функцыянуе цэнтральнае, зразумела, не застрахаваныя ад няшчасных выпадкаў, звязаных з пажарнай бяспекай.

ПРАВЕРКІ І ВУЧЭННІ

Скажам, зусім нядаўна, у сярэдзіне жніўня, адбыўся пажар у Доме-музеі І з’езда РСДРП у Мінску. Падзея гэтая вельмі прыкрая яшчэ і таму, што названы аб’ект унесены ў Спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь. Як паведамілі “па гарачых слядах” у Міністэрстве па надзвычайных сітуацыях краіны, тады, у жніўні, у тамбуры прыбудовы Дома-музея І з’езда РСДРП на плошчы ў 0,5 квадратнага метра загарэўся ўцяпляльнік. На шчасце, ніхто з людзей не пацярпеў, але ў выніку была пашкоджаная драўляная канструкцыя прыбудовы і сам уцяпляльнік.

Увогуле, па стане на пачатак кастрычніка 2022 года ў Беларусі адбылося 4711 пажараў, пры якіх загінула 464 чалавекі. Таму аксіёма, што агонь жартаў не даруе, актуальная цяперашняй восенню, зрэшты, як і заўсёды. Менавіта з гэтай прычыны МНС Беларусі пастаянна ладзіць праверкі на шматлікіх аб’ектах, у тым ліку — і сферы культуры.

Напрыклад, у канцы верасня прайшло тактыка-спецыяльнае вучэнне ў Беларускім дзяржаўным цырку. Паводле легенды заняткаў на арэне цырка падчас шоу з піратэхнікай загарэліся элементы дэкарацый і глядзельнай залы. Калі пачаўся пажар, ва ўстанове знаходзілася больш за 1100 чалавек (наведвальнікі і работнікі), а таксама жывёлы. Цягам вучэння былі адпрацаваныя розныя сітуацыі, у тым ліку пераход узгарання на дах будынка, выратаванне людзей з задымленых памяшканняў і некаторыя іншыя.

ЗДАРЭННЯЎ НЕ БЫЛО

На Магілёўшчыне з пачатку года адбылося 570 пажараў, пры якіх загінула 60 чалавек, сярод іх, на жаль, было і адно дзіця. Але ж у сферы культуры вобласці пажары і іх наступствы — забытая з’ява.

— За апошнія некалькі гадоў на аб’ектах культуры Магілёўшчыны не было здарэнняў, звязаных з узнікненнем пажарнай сітуацыі, — адзначыў кіраўнік Магілёўскага абласнога цэнтра па забеспячэнні дзейнасці арганізацый культуры Аляксандр Ярмолін. — Што да аб’ектаў сферы культуры, дзе выкарыстоўваецца пячное ацяпленне, то іх, можна сказаць з упэўненасцю, у вобласці засталося вельмі мала і з кожным годам робіцца ўсё менш і менш.

Па словах Аляксандра Ярмоліна, такая сітуацыя склалася, бо ў апошнія гады падобныя ўстановы — часцей за ўсё гэта сельскія бібліятэкі ці школы мастацтваў — часта аб’ядноўваюцца пад “адным дахам” з дамамі культуры, дзе, натуральна, ужо ёсць цэнтральнае ацяпленне.

— Неабходныя супрацьпажарныя мерапрыемствы праводзяцца ў вобласці належным чынам, — запэўніў Аляксандр Ярмолін. — А ўсе ўстановы сферы культуры Магілёўшчыны яшчэ 1 верасня бягучага года атрымалі пашпарты, дзе засведчана належная падрыхтаванасць да пачатку асенне-зімовага перыяду.

ПЕЧКА ПРАЦЫ НЕ ПЕРАШКОДА

Натуральна, пячное ацяпленне — гэта не толькі павышаная пажарная небяспека, але і пэўныя нязручнасці. У сельскай бібліятэцы-музеі ў вёсцы Малькавічы Ганцавіцкага раёна Брэсцкай вобласці, як расказала загадчык установы Любоў Дзямчук, дзейнічае ажно пяць печак. Іх догляд — самы пільны.

— У халады прыбіральшчыца распальвае ва ўсіх пяці печах, а калі на вуліцы збольшага цёпла, то ў меншай колькасці, — кажа Любоў Дзямчук. — Вядома, гэта стварае некаторыя цяжкасці. Скажам, трэба пастаянна правяраць цэласнасць комінаў; каб у іх не збіралася сажа, выкарыстоўваць сухія лупіны ад семак; закупляць дровы; наймаць людзей, каб гэтыя дровы парэзаць ці пакалоць і скласці пры бібліятэцы. Што да вогнетушыцеляў, то іх мы правяраем раз на квартал, ды і пажарныя нас кантралююць пастаянна і вельмі пільна.

Падобная праца праводзіцца і ў іншых абласцях Беларусі, у якіх ва ўстановах культуры яшчэ захавалася пячное ацяпленне. Аднак падобных арганізацый не вельмі шмат. Так, напрыклад, як расказала дырэктар Іўеўскай раённай бібліятэкі Святлана Мірончык, з дзевяці бібліятэчных устаноў, якія працуюць у сёлах, толькі адна — у вёсцы Суботнікі — мае пячное ацяпленне.

— У сувязі з гэтым узнікаюць пэўныя невыгоды, але мы з імі паспяхова спраўляемся, — кажа Святлана Мірончык. — Рыхтуем дровы, правяраем коміны. Таксама ёсць у нас і арганізацыі, якія працуюць на мясцовым ацяпленні, там усталяваны газавыя катлы. Вось і закупляем брыкет, і ў кацельных працуюць качагары. Праўда, падобных устаноў у нас мала, гэта больш праблема сельскіх дамоў культуры, а не бібліятэк раёна.

Як распавядае Святлана Мірончык, падрыхтоўка да новага ацяпляльнага сезона ў бібліятэках Іўеўскага раёна пачынаецца яшчэ ў чэрвені. Менавіта летам ва ўстановы прыходзяць з праверкамі спецыялісты пажарнай аховы, для супрацоўнікаў ладзяцца навучальныя мерапрыемствы, работнікам раздаюцца тэматычныя буклеты.

— У нашых бібліятэках нават перавышаны план па наяўнасці вогнетушыцеляў, — адзначае Святлана Мірончык. — Так, у цэнтральнай бібліятэцы маем 14 вогнетушыцеляў, а яшчэ 15 размеркаваны ў іншых бібліятэках раёна.

ДОМ КУЛЬТУРЫ ПАД НАГЛЯДАМ

Пільную ўвагу пажарнай бяспецы надаюць і ў сельскіх дамах культуры Беларусі. Напрыклад, як расказала намеснік дырэктара Глыбоцкай цэнтралізаванай клубнай сістэмы Таццяна Бурэц, у раёне ёсць толькі адна ўстанова з пячным ацяпленнем — Падсвільскі цэнтр рамёстваў. Яшчэ ў дзесяці сельскіх арганізацыях працуюць кацельныя ўстаноўкі, для якіх закупляецца брыкетнае паліва. Усе кацельныя праходзяць штосезонныя агляды пажарнай інспекцыі і толькі пасля гэтага атрымліваюць дазвол на эксплуатацыю. Таму пазаштатных сітуацый пры правільным выкарыстанні ўзнікаць не павінна.

— Напрыканцы вясны нам даюцца прадпісанні ад энергетычнага і пажарнага наглядаў, і да канца лета мы рыхтуем установы да асенне-зімовага перыяду, — кажа Таццяна Бурэц. — Пастаянна адсочваецца наяўнасць вогнетушыцеляў, у некаторых клубных установах Глыбоцкага раёна ўсталяваны і аўтаномныя пажарныя апавяшчальнікі. Да слова, у нашых клубных арганізацыях цяпер праходзіць акцыя па папярэджанні пажараў.

Акцыі, дарэчы, арганізоўваюцца не толькі культработнікамі, але і супрацоўнікамі МНС Беларусі. Так, днямі прадстаўнікі Буда-Кашалёўскага раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях (Гомельская вобласць) праводзілі прафілактычныя мерапрыемствы ва Уваравіцкім гарадскім доме культуры. Перад уваходам у клубную ўстанову на інтэрактыўных пляцоўках ладзілі заняткі з наведвальнікамі на тэму бяспекі жыццядзейнасці, разабралі правілы карыстання электраабсталяваннем, газам у побыце, на макеце паўтарылі правілы эксплуатацыі печы, усіх ахвотнікаў вучылі правільна выклікаць экстранныя службы, а таксама паказалі, як можна праверыць на працаздольнасць аўтаномны пажарны апавяшчальнік.

***

Як бачна, захады па прадухіленні небяспечных сітуацый з агнём ва ўстановах культуры Беларусі прымаюцца даволі шырока. Тое, што ўсе названыя мерапрыемствы прыносяць свой плён, пацвярджае і статыстыка, агучаная кіраўніком Магілёўскага абласнога цэнтра па забеспячэнні дзейнасці арганізацый культуры Аляксандрам Ярмоліным: поўная адсутнасць здарэнняў з агнём ва ўстановах культуры Магілёўшчыны цягам некалькіх апошніх гадоў. Натуральна, хацелася б, каб падобная карціна захоўвалася і надалей ва ўстановах культуры не толькі ўсходняга рэгіёна, але і ўсіх іншых абласцей Беларусі. Бо, як ужо адзначалася, агонь сапраўды жартаў не даруе.

Юрый ЧАРНЯКЕВІЧ

Фота з сайтаў устаноў культуры і Міністэрства па надзвычайных сітуацыях Беларусі