Стаць у оперы на галаву

Апублiкавана: 11 лiстапада 2022 Арт-блог Тэатры Мінск

Аўтар: БУНЦЭВІЧ Надзея

Праект TheatreHD, што ладзіцца ў нашых кінатэатрах ужо некалькі гадоў, дае цудоўную магчымасць убачыць трансляцыі найноўшых спектакляў з усяго свету, асабліва актуальную з часоў пандэміі. Днямі адразу ў дзвюх мінскіх кіназалах паказвалі оперу “Рыгалета”, прапанаваную гледачам на Брэгенцкім фестывалі ў Аўстрыі ў 2019-м. У пастаноўцы ўдзельнічаў і адзін з маладых беларускіх спевакоў — Павел Пятроў.

У гэтым спектаклі — усё незвычайна, пачынаючы з... плывучай сцэны на Бадэнскім возеры. Упершыню яна з’явілася там больш за стагоддзе назад, потым штораз удасканальвалася. Сцэнічная прастора “Рыгалета” ў версіі рэжысёра Філіпа Шцёльцля прадстаўляе сабой тры лакацыі. На большай з іх, што ў цэнтры, змешчаная вялізная галава блазна з каўняром-гаргерай — своеасаблівая выява Рыгалета. Абапал — кісці рук героя з падобнымі абшэўкамі. Усё гэта — рухомае: паварочваецца не толькі галава, але і вочы, змяняецца выраз твару, згінаюцца пальцы. Ад артыстаў у падобных умовах патрабуюцца не толькі вакальнае і акцёрскае майстэрства, але і ўменне працаваць на шматметровай вышыні — вядома, са страхоўкай, ды без боязі, бо тая можа адразу адбіцца на голасе.

Цікавосткі пачынаюцца з уверцюры — гэткага дайджэста: блазан з жоўтым паветраным шарыкам, што сімвалізуе сонечнае шчасце, бяжыцьляціць па хвалях. Цацка раптам вырываецца з рукі — і блазан патанае: са смерцю дачкі заканчваецца жыццё і для яго. Надалей відовішчнасці становіцца ўсё болей. Герцаг упершыню з’яўляецца ў... роце згаданай вялізнай галавы — бы ў царскай ложы, назіраючы за падданымі зверху. Нязгодных з яго забавамі скідваюць у ваду. У фінале Герцаг увогуле ўскараскаецца на самую макушку. Джыльда, спачатку падобная да лялькі, спявае пра каханне да ўяўнага “студэнта”, бесклапотна боўтаючы нагой на краёчку каша вялізнага паветранага шара, адкуль яе праз некалькі імгненняў выкрадуць прыдворныя, каб дагадзіць разбэшчанаму гаспадару. Знакамітая песенька Герцага пра “сэрца прыгажуні” гучыць на фоне выступлення чатырох гімнастак-альпіністак. А галава блазна паступова ператвараецца ў жудасны чэрап з пустымі вачніцамі і праваленым носам.

Такое багацце візуальных спецэфектаў сведчыць пра відавочнае вяртанне барочных традыцый, што апошнім часам разгортваецца ў мастацтве ўсё шырэй. Але барочная раскоша, памножаная на сінтэз з цыркавымі прыёмамі, спалучаецца з глыбокай канцэптуальнасцю, рысамі сучаснага метафарычнага тэатра. І нідзе не супярэчыць музыцы.

Вядома, каштуе ўсё гэта нятанна. Ды галоўнае крыецца не ў збудаванай галаве, а ў тых думках, што нараджаюцца ў галовах гледачоў: цешачы слых і зрок, оперная пастаноўка вымушае паразважаць. Спектакль атрымліваецца не пра помсту, не пра жорсткі лёс, а пра каханне, што перамагае цаной смерці. І пра неабходнасць беражліва ставіцца да такіх пачуццяў. 

Надзея БУНЦЭВІЧ