Стварэнне аптымальных умоў для жыцця

Апублiкавана: 13 лiстапада 2022 Стужка Афіцыйна Віцебск і воблась

Аўтар: Аўтары

На бягучым тыдні міністр культуры Анатолій Маркевіч наведаў з рабочым візітам Аршанскі раён Віцебскай вобласці.

Міністр пабываў у Палацы культуры горада Барані, адкрыты пасля капітальнага рамонту ў канцы кастрычніка. Апроч абноўленага ўтульнага інтэр’еру, цяпер там ёсць усё неабходнае для плённай творчай працы. Гэта падкрэсліла ў размове з Анатоліем Мечыслававічам кіраўнік узорнага фальклорнага калектыву “Шчодрыкi” Алена Іванова: “Усім абсталяваныя! Музычныя інструменты, апаратура — для працы ўсё ёсць”.

Дарэчы, мясцовыя жыхары з энтузіязмам успрынялі аднаўленне дзейнасці ўстановы культуры, дзе ўжо ў першы тыдзень прайшлі чатыры канцэртныя праграмы.

У студыі сольных спеваў “Гармонія” Палаца культуры г. Барані займаюцца дзяўчынкі і хлопчыкі ад 4 да 15 гадоў. Кіраўнік калектыву Таццяна Жолудзь перакананая, што дзяцей, якія не могуць спяваць, не бывае. З імі трэба працаваць, і перамогі абавязкова прыйдуць. Як пацвярджэнне — некалькі ўзнагарод юных артыстаў на раённым конкурсе ў Віцебску. Міністр культуры ацаніў гэта: “Малайцы!” Пры наведванні Цэнтра народнай творчасці і рамёстваў у гарадскім пасёлку Копысь Анатолій Маркевіч паспрабаваў сябе ў старажытным рамястве — ганчарстве. І ў міністра добра атрымалася.

З XV стагоддзя мясцовыя жыхары славіліся ўменнем ствараць унікальную кераміку — так званую копыскую кафлю. Гэтая тэхналогія па даручэнні Кіраўніка дзяржавы адноўленая ў цэнтры, які пачаў сваю дзейнасць у 2011 годзе. Наступным пунктам у паездцы па ўстановах культуры Аршанскага раёна стаў філіял Дзяржаўнага літаратурнага музея Янкі Купалы — Мемарыяльны запаведнік “Ляўкі”. Там кожны год з 1935-га па 1941-ы з пачатку вясны і да позняй восені народны паэт жыў і працаваў. Кіраўнік культурнага ведамства пакінуў запіс у кнізе ганаровых гасцей установы.

Але не толькі арганізацыі сферы культуры наведаў Анатолій Маркевіч. Зазірнуў і ў адрамантаваны фізкультурна-аздараўленчы комплекс у аграгарадку Бабінічы, які прываблівае мясцовых жыхароў шматфункцыянальнасцю. Там могуць працаваць і самадзейныя калектывы, праходзяць заняткі па розных відах мастацтва. “Створаны шыкоўныя ўмовы!” — адзначыў міністр.

Урокі творчасці могуць праводзіцца і ў памяшканнях Бабініцкай сярэдняй школы, якую таксама наведаў Анатолій Маркевіч. Рамонт зрабілі і там. Актавая зала адназначна стала адным з любімых месцаў навучэнцаў і настаўнікаў. Потым адбылася сустрэча з насельніцтвам у Антонаўскім сельскім доме культуры. Жыхароў вёскі Антонаўка хвалюе лёс установы: памяшканне старое — 1969 года пабудовы, і зімой выкарыстоўвацца не можа.

Анатолій Маркевіч разам з мясцовымі органамі ўлады дэталёва разгледзеў пытанне. Жыхарам прапанавалі варыянты, дзе могуць займацца дзеці і дарослыя, дзе могуць праходзіць святочныя канцэрты. Гэта блізкія фізкультурна-аздараўленчы комплекс, сярэдняя школа і сельская бібліятэкаклуб у Бабінічах. Як запэўнілі прадстаўнікі мясцовай улады, дадатковы падвоз людзей будзе арганізаваны. Ужо цяпер дзяўчынак і хлопчыкаў з Антонаўкі возяць на вучобу ў Бабінічы.

Для жыхароў у сельскіх населеных пунктах павінны быць створаны аптымальныя ўмовы, — падсумаваў міністр культуры.