Мастацтва, грошы, фестываль

11 лістапада ў Бабруйску ўрачыста адкрыўся VIII Рэспубліканскі фестываль нацыянальнай драматургіі. Напярэдадні мы сустрэліся з Веранікай Вінель — адной з яго арганізатараў, дырэктарам Магілёўскага абласнога тэатра драмы і камедыі імя В. Дуніна-Марцінкевіча, на базе якога і ладзяцца асноўныя фестывальныя падзеі.

— Вераніка Аляксандраўна, і ваш тэатр, і сам фестываль носяць імя выдатнага беларускага драматурга ХІХ стагоддзя Вінцэнта Дуніна-Марцінкевіча. Пэўна, гэта да многага абавязвае?

— У свой час у нашым тэатры былі пастаўлены практычна ўсе яго творы: “Пінская шляхта”, “Залёты”, “Ідылія”. Ішоў спектакль “Камедыянт”, заснаваны на біяграфіі нашага класіка. Пастаноўкі яго п’ес прывозілі і ўдзельнікі форуму. Нагадаю, на пятым фестывалі ў 2015 годзе безумоўным пераможцам сярод спектакляў была прызнана “Пінская шляхта”, увасобленая рэжысёрам Віталём Баркоўскім у Палескім драматычным тэатры ў Пінску, прычым на палескім дыялекце. Да таго ж фестываль штораз пачынаецца ўскладаннем кветак да помніка Дуніну-Марцінкевічу, возім мы нашых гасцей і па яго родных мясцінах. Дый сам фестываль нарадзіўся са святкавання 190-годдзя пачынальніка беларускай драматургіі: у 1997 годзе ў Бабруйску былі паказаны ўсе тры яго самыя знакамітыя творы, а праз год з’явіўся фестываль. Але гэта не значыць, што цяпер на кожным такім форуме павінны абавязкова паказвацца спектаклі па яго п’есах. Больш важна тое, што закладзеныя ім традыцыі нацыянальнай драматургіі працягваюцца і развіваюцца.

— Можна дадаць: і актуалізуюцца, асабліва ў Год гістарычнай памяці.

— Безумоўна! Году гістарычнай памяці прысвечаны ўвесь сёлетні фестываль — як, прынамсі, і многія іншыя буйныя мерапрыемствы ў галіне культуры. Зірніце на афішу: што ні спектакль — ён у той ці іншай меры звернуты да нашай гістарычнай памяці. Бо гэтае паняцце — вельмі шырокае, папраўдзе ўсёахопнае і не абмяжоўваецца толькі ваеннай тэмай. Між тым да падзей Вялікай Айчыннай звернуты наступныя спектаклі, уключаныя ў конкурсную праграму фестывалю: “Альпы. Сорак першы” ТЮГа, “Альпійская балада” РТБД (цікава будзе параўнаць, як па-рознаму інтэрпрэтуецца ў гэтых двух спектаклях адна і тая ж аповесць Васіля Быкава), “Не пакідай мяне…” Брэсцкага акадэмічнага тэатра драмы, а таксама спектакль нашага тэатра “Песя і Янка”, што будзе паказаны ў Магілёве.

— Дарэчы, акурат за тыдзень да фестывалю ваш тэатр выпусціў першую прэм’еру свайго 78-га сезона — фантасмагорыю “Анёлы не плачуць”. Ды ў вас увогуле — падзея за падзеяй. А як фарміравалася сёлета ўласна фестывальная праграма?

— Мы абапіраліся на тыя спектаклі, што былі заяўлены летась, калі цяперашні, восьмы фестываль планаваўся, ды быў перанесены. Але, зразумела, некаторыя пастаноўкі сышлі, з’явіліся іншыя. Бо хацелася паказаць і новыя працы, што былі ўвасоблены з тае пары. Так дадаліся, да прыкладу, “Прымакі” Магілёўскага абласнога драмтэатра, дзе гэту камедыю Янкі Купалы паставіла Таццяна Пацай, а таксама іншыя спектаклі.

— Але ж кідаецца ў вочы адсутнасць замежных пастановак беларускіх п’ес. Менавіта такія спектаклі заўжды выклікалі асаблівую цікавасць, бо сведчылі і пра запатрабаванасць нашай драматургіі, і пра магчымасці яе рознага ўвасаблення — у кантэксце іншых нацыянальных культур, часам з іншымі сэнсавымі акцэнтамі.

— Так, цягам развіцця фестывалю мы прыйшлі менавіта да такой яго формы, калі ў цэнтры апыналася наша беларуская драматургія — класічная і найноўшая, але ў самых розных пастановачных варыянтах. Бо, нагадаю, на трэцім фестывалі, калі адзначалася 200-годдзе Дуніна-Марцінкевіча, была прадстаўлена драматургія розных нацыянальных школ і ў даволі вялікай колькасці руская: Пушкін, Астроўскі, Горкі, іншыя аўтары. Але з 2011 года, калі фестываль праходзіў чацвёрты раз, яго праграма канчаткова вярнулася да беларускіх аўтараў і ў тым ліку адкрыцця новых імёнаў. Нават зборнік п’ес маладых беларускіх драматургаў тады быў выдадзены. Пазней нам вельмі дапамагалі Цэнтр беларускай драматургіі, Цэнтр эксперыментальнай рэжысуры, сіламі якіх ладзіліся чыткі новых п’ес. Сёлета ж, і сапраўды, тых жа расійскіх калектываў, дзе беларуская драматургія запатрабавана больш за ўсё, няма — па незалежных ад нас прычынах. Затое атрымаўся добры зрэз уласна беларускіх тэатраў. Калі ў ранейшыя гады, здаралася, нас абміналі вядучыя, нацыянальныя па сваім статусе калектывы краіны, дык сёлета праграму адкрывае “Чорная панна Нясвіжа” Нацыянальнага акадэмічнага тэатра імя Янкі Купалы. Гэтая пастаноўка п’есы Аляксея Дударава ўжо сама стала жывой класікай, бо спектакль ажыццяўляў Валерый Раеўскі — яшчэ ў 2000 годзе. Летась гэта праца была адноўлена з новым акцёрскім складам і ўдзельнічае ў конкурснай праграме фестывалю. Нацыянальны акадэмічны тэатр імя Якуба Коласа, што ў Віцебску, наадварот, прывязе адну з нядаўніх, можна сказаць, моладзевых прэм’ер: спектакль “Метро” па п’есе маладога драматурга Аляксандра Савухі быў пастаўлены два гады таму маладым рэжысёрам Андрэем Жыгурам. Прыедуць да нас тэатры з Маладзечна, Гомеля — ды з усіх рэгіёнаў, акрамя хіба Гродзеншчыны. Ну а замежжа будзе прадстаўлена Латвіяй: Кірыл Куранны з Рыгі, які працуе памочнікам прадзюсара кампаніі ArtDevro, выступіць з лекцыяй “Псіхалогія прадзюсара, сучасны погляд на відавочнае”. Будуць і чыткі, што сталі ўжо традыцыйнай формай прэзентацыі драматургіі не толькі на нашым фестывалі, але і ў паўсядзённай тэатральнай практыцы.

Мастацкі і фінансавы складнікі ў тэатры насамрэч шчыльна ўзаемазвязаныя. І прыйсці да іх гармоніі, навучыць іх “сябраваць” — вялікая навука, спасцігаць якую трэба бесперапынна.

— Чыткі п’ес, творчыя лабараторыі на вашым фестывалі звычайна прэзентавалі творчую моладзь, што робіць першыя драматургічныя крокі. Але ж сёлета такія формы закрануць не найноўшую драматургію, а ХІХ стагоддзе, кнігу Яна Баршчэўскага “Шляхціц Завальня, або Беларусь у фантастычных апавяданнях”, што ўжо неаднойчы атрымлівала інсцэніроўкі.

— Так, бо лабараторыя, у адпаведнасці з Годам гістарычнай памяці, пройдзе пад назвай “Актуалізацыя класікі. Перачытваючы нанова”. Але ж “перачытваць класіку” будзе менавіта моладзь: не толькі артысты нашага тэатра, але і найперш студэнты Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў, што займаюцца рэжысурай драматычнага тэатра ў Віталя Катавіцкага. Сам ён, у сваю чаргу, будзе працаваць на фестывалі ў складзе журы, якое ўзначаліць доктар мастацтвазнаўства, прафесар Вераніка Ярмалінская. Шмат моладзі будзе і сярод крытыкаў, запрошаных праводзіць штодзённыя абмеркаванні ўбачанага. Так што раўнавага між класікай і сучаснасцю, а таксама між тэатральнымі дзеячамі розных пакаленняў, лічу, захавана. Бо наяўнасць такога балансу павінна садзейнічаць пераемнасці найлепшых традыцый, што заўжды вельмі важна.

— Вераніка Аляксандраўна, вы таксама ўжо сталі добрай фестывальнай традыцыяй! Гэткім сімвалічным абліччам, сапраўдным тварам і тэатра, і фестывалю. Згадваеш якісьці з бабруйскіх спектакляў ці якуюнебудзь з фестывальных падзей за апошнія гады— і адразу перад вачыма паўстае найперш ваша постаць: выкшталцоная вячэрняя сукенка (уражанне, што вы ці не да кожнай прэм’еры шыеце новую — “у тэму” з новым спектаклем), вытанчаная інтэлігентнасць, асаблівая натхнёнасць позірку. Сталічная арыстакратка ў восьмым пакаленні! І з выдатным разуменнем усіх тонкасцей тэатральнага мастацтва.

— Ды не, я карэнная бабруйчанка. І адукацыя ў мяне зусім не звязана з мастацтвам: я заканчвала Беларускую дзяржаўную сельскагаспадарчую акадэмію ў Горках як эканаміст, працавала ў бухгалтэрыях розных устаноў. У тэатр патрапіла, можна сказаць, выпадкова. Дарэчы, таксама спачатку галоўным бухгалтарам. А літаральна праз некалькі месяцаў мяне прызначылі дырэктарам. Ніколі не думала, што буду тут працаваць! Ды яшчэ і дырэктарам. У дзяцінстве глядзела тутэйшыя спектаклі, штосьці падабалася, штосьці — не зусім. Але гэткай прыроджанай тэатралкай я сябе не адчувала. І пасля прызначэння на гэтую пасаду пачала пашыраць далягляды, набываць новыя веды, неабходныя і ўласна ў тэатры, і ў фестывальнай практыцы. Шукала і знаходзіла разнастайныя майстар-класы, трэнінгі, спецыяльныя курсы. Двойчы ездзіла ў Маскву ў Тэатральна-культурны цэнтр імя Меерхольда, заканчвала там курсы па тэатральным менеджменце, а таксама па арганізацыі і правядзенні фестываляў. Вучылася гэтаму і ў Будапешце, таксама на спецыяльных курсах. Разуменне таго, што мастацкія густы можна і трэба развіваць, вельмі дапамагае выбудоўваць рэпертуарную палітыку, выхоўваць публіку, прапаноўваць ёй разнастайныя тэатральныя кірункі.

— Эканамічная адукацыя вам таксама дапамагае? Ці грошы з мастацтвам увесь час спрачаюцца, хто з іх больш галоўны?

— Насамрэч, гэтыя дзве сферы — шчыльна ўзаемазвязаныя. І прыйсці да іх гармоніі, навучыць іх, калі можна так сказаць, “сябраваць” — вялікая навука, без пастаяннага, бесперапыннага спасціжэння якой рухаць мастацтва наперад цяжка, а то і немагчыма. Тэатр — гэта не люстэрка жыцця, гэта само жыццё. І для мяне таксама: гэта папраўдзе мая другая сям’я, як бы высакамоўна гэта ні гучала. І я папросту раблю тое, што павінна рабіць.

Надзея БУНЦЭВІЧ