Падпісчыкі пра "Культуру"

Апублiкавана: 18 лiстапада 2022 Нам пішуць Бібліятэкі не указан

Аўтар: Аўтары

Якой павінна быць газета “Культура”? Наша рэдакцыя заўсёды ў творчым пошуку, заўсёды на сувязі з чытачом! Каб зрабіць выданне больш карысным, мы вырашылі стварыць клуб падпісчыкаў.

Таццяна Сайчык, загадчык аддзела бібліятэчнага маркетынгу дзяржаўнай установы культуры “Слонімская раённая бібліятэка імя Я. Коласа”:

— Слонімская раённая бібліятэка даўно выпісвае газету “Культура”. Мне як маладому супрацоўніку карысна знаёміцца з культурнымі навінамі краіны, вучыцца падачы матэрыялу як у калег, так і ў прафесійных аглядальнікаў. І, канечне, прыемна знаходзіць свае публікацыі на старонках рэспубліканскага выдання. З цікавасцю прачытала ў апошнім нумары матэрыялы пра Я. Коласа, чалавека, чыё імя носіць і наша ўстанова. Каляровыя фатаграфіі — неад’емная частка газеты, і іх якасць можа быць лепшай. Спадзяюся, што выданне з часам зменіць вёрстку на больш сучасную з добрымі здымкамі. Дыхтоўная візуалізацыя пойдзе на карысць “Культуры”. 

Святлана Яжкова, намеснік дырэктара дзяржаўнай установы культуры “Петрыкаўская сетка публічных бібліятэк”:

— “Культура” — не толькі штотыднёвае грамадска-асветніцкае выданне, гэта наш прафесійна-інфармацыйны компас, па якім мы звяраем напрамкі працы, дзякуючы якому параўноўваем свае дасягненні са здабыткамі іншых рэгіёнаў. Мне падабаецца, што газета стала надаваць больш увагі сацыяльным пытанням (напрыклад, цэнаўтварэнню), а таксама асвятляць праблемы (публікацыя пра манументальна-дэкаратыўнае мастацтва ў апошнім нумары). На нашай старонцы ў Telegram я размяшчаю анонсы выдання, раблю рэпосты. Для мяне “Культура” — цікавая і разнастайная, але ёсць да чаго імкнуцца. Патрэбныя новыя формы падачы інфармацыі, якія б чаплялі вока. Петрыкаўская сетка публічных бібліятэк — даўні падпісчык вашай газеты. З “Культурай” мы і застаёмся!