З акцэнтам на наватарства

Апублiкавана: 19 лiстапада 2022 Стужка Выяўленчае мастацтва Мінск Соцыум

Аўтар: ШЭЙКА Данііл

Завяршылася ІІ Трыенале маладых мастакоў. Вынікі конкурсу падвялі 17 лістапада на ўрачыстай цырымоніі ў Нацыянальным цэнтры сучасных мастацтваў.

Больш за паўсотню маладых творцаў прэзентавалі работы ў розных відах і кірунках выяўленчага мастацтва. Аўтары закранаюць сацыяльныя праблемы, дзеляцца асабістымі перажываннямі і адлюстроўваюць тэму захавання беларускіх традыцый — як у звыклых, так і ў эксперыментальных тэхніках.

— На працягу месяца мне было вельмі прыемна назіраць, наколькі шмат маладых наведвальнікаў прыходзіла на выставу, — адзначыла намеснік дырэктара Нацыянальнага цэнтра сучасных мастацтваў Алеся Іназемцава. — І калі студэнты завітвалі праз вучэбныя інтарэсы, то школьнікі выбіралі Трыенале самастойна для наведвання ў вольны час. Гэта каштоўна, улічваючы тое, як складана матываваць старшакласнікаў адарвацца ад інтэрнэту, рэпетытараў і прыйсці ў музей. З размоў з маладымі я разумела, што іх завабіла хутчэй не класічнае мастацтва, а наватарства, нестандартныя рашэнні.

Прафесійнае журы з ліку творцаў, выкладчыкаў і мастацтвазнаўцаў абрала найлепшыя творы Трыенале. Пераможцам у намінацыі “Манументальнае і манументальна-дэкаратыўнае мастацтва” стала Лізавета Янкова, у намінацыі “Дэкаратыўна-прыкладное мастацтва” — Вікторыя Пезікава. Найлепшым у скульптуры прызнаны Данііл Граковіч, у жывапісе — Марына Трус, а ў графіцы — Фёдар Шурмялёў. Першым у намінацыі “Навацыя” назвалі арт-аб’ект “Спектр” Паліны Корзун-Фомчанка. На думку гледачоў, самая ўдалая работа — карціна “Калейдаскоп” Марты Шчэрбіч, пра якую, дарэчы, распавядала “К” (№ 44 ад 29.10.2022). У спецыяльнай намінацыі “Дынастыі” адзначаны малады скульптар Апанас Отчык, чые працы былі прэзентаваныя на выставе разам з творамі бацькі Глеба і дзеда Анатоля. Дыплом у намінацыі “За ўклад у развіццё выяўленчага мастацтва” атрымала Хрысціна Высоцкая за тэкстыльную скульптуру “Дрэва пазнання”.

Данііл ШЭЙКА