Першыя прыступкі

Апублiкавана: 27 лiстапада 2022 Нам пішуць Выяўленчае мастацтва Брэст і вобласць

Аўтар: Аўтары

Першая персанальная выстава для мастака — бадай, самая запамінальная падзея ў творчым жыцці. Менавіта такі момант настаў і для шаснаццацігадовай Кацярыны Ляшук: выпускніца Дзіцячай школы выяўленчых мастацтваў імя А. А. Алонцава г. Брэста экспанавала свае работы ў Цэнтральнай гарадской дзіцячай бібліятэцы-філіяле № 13. Як дзяўчына абрала творчы шлях і хто дапамагае ёй раскрываць патэнцыял? 

Каця малюе з ранняга дзяцінства. І хаця ў сям’і няма мастакоў, дзяўчына вырашыла займацца прафесійна: пасля 5 класа накіравалася ў мастацкую школу. Сёння Кацярына — адзінаццацікласніца. Рыхтуецца да паступлення ў профільную ўстанову адукацыі. 

Для яе маці, Наталлі Уладзіміраўны, было вялікай нечаканасцю, калі Каця вызначылася з будучай спецыяльнасцю. Разам з тым маці заўважала: дзяўчынка нарадзілася “з творчасцю”, і тое, што атрымліваецца ў яе выніку, заўсёды прыемная неспадзяванка. Таму работы дачкі не пыляцца ў шафе, а ўпрыгожваюць сцены дома. 

Сёння Наталля Уладзіміраўна раіць усім бацькам уважліва сачыць за інтарэсамі і здольнасцямі дзяцей, развіваць іх, нават калі назіраецца ледзь прыкметная творчая іскрынка. З юнага ўзросту трэба даваць асобе магчымасць выбару, каб найлепшым чынам раскрыць талент. Маці юнай мастачкі перакананая: Дзіцячая мастацкая школа імя А. А. Алонцава — месца, дзе нараджаюцца зоркі, бо педагогам удаецца закрануць у юных душах патрэбныя струны і дапамагчы ім загучаць у поўную сілу. І нават калі творчасць не стане справай жыцця, мастацва здольнае расквеціць штодзённасць і ўзбагаціць душу чалавека. 

Святлана СЁМІНА