Памочнік у тваёй справе!

Апублiкавана: 05 снежня 2022 Нам пішуць Бібліятэкі не указан

Аўтар: Аўтары

Людміла Бусел, бібліятэкар Дуброўскай сельскай бібліятэкі ДУК “Светлагорская раённая сетка бібліятэк”:

— “Культуру” мы выпісваем даўно. Чым яна дапамагае ў працы? Такая газета патрэбная ў кожнай установе, што мае дачыненне да культуры! Гэта наш культурны сцяг, як пісаў Яўген Рагін. З яе мы даведваемся, што адбываецца ў культурнай сферы краіны, што абмяркоўвалі на міністэрскай калегіі, дазнаёмся пра перамены, навацыі. Мне, напрыклад, асабліва цікавай падаецца рубрыка “На людным месцы”, дзе змешчаны публікацыі пра дзейнасць калег. Бывае, выпісваю ў картатэку форму, назву мерапрыемства, каб потым выкарыстаць у працы. Добрыя артыкулы ў рубрыках: “«К» інфармуе”, “Нашы людзі”, “Мясцовы час”. Вось зусім нядаўна з’явілася “Стратэгія Першага” з цытатамі Прэзідэнта Беларусі А. Р. Лукашэнкі. Заўсёды шкадую час на сканворды (толькі даразгадваю за мужам). А вось прыкмеціла новую рубрыку “Крыжаванка” ў прафесійнай газеце — і рызыкнула. Прыз — шыкоўны, таму і ўзялася. Што не падабаецца? Я не люблю кальку з рускай мовы, неалагізмы. Такія прыдуманыя словы, як “цікавостка” і іншыя. Не люблю, што вакол (у тым ліку ў працы бібліятэкараў) розныя фэсты, квэсты, флэшмобы, брэнды, дэфіле… запазычанні. Заўсёды шукаю адпаведнік у беларускай мове.

Наталля Станкевіч, загадчык сектара літаратуры на замежных мовах Цэнтральнай гарадской бібліятэкі імя В. Таўлая г. Баранавічы:

— Заўсёды з цікавасцю чытаю публікацыі аб справах калег з розных куткоў краіны. Я сама люблю падарожнічаць і абавязкова стараюся зазірнуць у бібліятэку ці ў музей. Любы матэрыял пра бібліятэку — гэта чарговы плюс у інфармацыйнае партфоліа, да таго ж выдатная магчымасць падзяліцца вопытам. Нехта пераймае яго ў нас, у кагосьці вучымся мы. Яшчэ я чытаю Instagram газеты “Культура”. А вось што не падабаецца, дык гэта вельмі вялікія, “палосныя” публікацыі. На жаль, не заўсёды хапае часу дачытаць да канца.