Пяты элемент

Апублiкавана: 02 снежня 2022 Стужка Афіцыйна Мінск

Аўтар: Аўтары

На 17-й сесіі Міжурадавага камітэта па ахове нематэрыяльнай культурнай спадчыны UNESCO прынята рашэнне аб уключэнні элемента “Саломапляценне Беларусі: мастацтва, рамяство і ўменні” ў Рэпрэзентатыўны спіс нематэрыяльнай культурнай спадчыны чалавецтва.

Намінацыя была падрыхтаваная ў 2020—2021 гадах пры фінансавай і арганізацыйнай падтрымцы Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь. На пасяджэнні міжурадавага камітэта, якое праходзіла 1 снежня ў Марока, выступіла намеснік начальніка ўпраўлення па гісторыка-культурнай спадчыне Міністэрства культуры Марыя Нецвятаева.

Беларускія вырабы з саломкі не маюць аналагаў у свеце, з’яўляюцца адной з найбольш нацыянальна адметных формаў выяўлення духоўных каштоўнасцей і мастацкіх традыцый. Сёння гэтае рамяство набыло новае жыццё, стала масавым відам сучаснай творчасці, узбагаціла арсенал народнага мастацтва новымі знаходкамі. Беларуская саломка цяпер — гэта брэнд. Такія мастацкія вырабы і сувеніры асацыіруюцца з нашай краінай, сведчаць пра творчыя здольнасці і працавітасць народа. Для Беларусі гэта пяты элемент, уключаны ў Рэпрэзентатыўны спіс нематэрыяльнай культурнай спадчыны UNESCO. Туды таксама занесеныя абрады “Калядныя цары” і “Юр’еўскі карагод”, Будслаўскі фэст і традыцыі бортніцтва.