Фестываль "Разам мы зможам больш"

Фестываль творчасці інвалідаў “Разам мы зможам больш” пройдзе ў Магілёве з 13 па 17 снежня. Мерапрыемства Саюзнай дзяржавы збярэ творчыя дэлегацыі, у складзе якіх людзі з інваліднасцю, старэйшыя за 18 гадоў, з розных куткоў Беларусі і Расіі. 

У праграме форуму — конкурс мастацкай творчасці “Феерыя талентаў”, выстава выяўленчага і дэкаратыўнапрыкладнога мастацтва “Фарба жыцця праз творчасць”, канцэрты, вечары адпачынку. У першы дзень фестывалю адбудзецца дыялогавая пляцоўка па пытаннях развіцця інклюзіўнай творчасці “Ад роўных правоў — да роўных магчымасцей”. У абмеркаванні паўдзельнічаюць кіраўнікі калектываў і дэлегацый. Таксама запланаваныя выязныя выступленні ў дамах-інтэрнатах Магілёўшчыны і экскурсіі па музеях абласнога цэнтра. Па выніках конкурсных праслухоўванняў і праглядаў пройдуць майстар-класы членаў журы для кіраўнікоў творчых калектываў па народных, акадэмічных, эстрадных і жэставых спевах, харэаграфіі, музычна-інструментальным выканальніцтве, тэатральным мастацтве, арыгінальным жанры, аўтарскай паэзіі і бардаўскай творчасці, мастацкім слове, дэкаратыўна-прыкладным і выяўленчым мастацтве. 

Фестываль ладзяць з мэтай захавання адзінай культурнай прасторы Саюзнай дзяржавы, заахвочвання людзей з інваліднасцю да ўдзелу ў гэтым працэсе, развіцця супрацоўніцтва дзвюх краін у сферы творчасці людзей з інваліднасцю.