Прыехалі навукоўцы ў турыстычную Мекку

28 кастрычніка ў Нацыянальным гісторыка-культурным музеі-запаведніку “Нясвіж” адбылася навукова-практычная канферэнцыя “Захаванне гістарычнай памяці і фарміраванне грамадзянскай пазіцыі”, прымеркаваная да Года гістарычнай памяці.

У мерапрыемстве, якое прайшло пад старажытнымі скляпеннямі замкавых залаў і якое вітальным словам адкрыў Дзмітрый Яшчанка, дырэктар музея-запаведніка “Нясвіж”, удзельнічалі прадстаўнікі музеяў і навучальных устаноў з усіх рэгіёнаў Беларусі, за выключэннем Брэстчыны: Андрэй Блінец, вучоны сакратар, мадэратар канферэнцыі, Сяргей Чысцякоў, старшы навуковы супрацоўнік, Аляксандр Яраш, малодшы навуковы супрацоўнік, Ганна Герасімовіч, малодшы навуковы супрацоўнік, Людміла Жук, малодшы навуковы супрацоўнік (Нацыянальны гісторыка-культурны музей-запаведнік “Нясвіж”); Вольга Папко, кандыдат гістарычных навук, дацэнт (Акадэмія кіравання пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь); Анатоль Сініла, настаўнік (Багушэвіцкі навучальна-педагагічны комплекс); Аляксандр Гужалоўскі, доктар гістарычных навук, прафесар (Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт); Юрый Кітурка, кандыдат гістарычных навук, дырэктар, Алеся Саўчук, намеснік дырэктара па навуковай рабоце, Кацярына Арабей, старшы навуковы супрацоўнік, Андрэй Грэсь, навуковы супрацоўнік (Гродзенскі дзяржаўны гісторыка-археалагічны музей); Зміцер Юркевіч, аглядальнік газеты “Культура” (рэдакцыйна-выдавецкая ўстанова “Культура і мастацтва”); Алена Нарыжная, кандыдат гістарычных навук, дацэнт, Павел Булаты, кандыдат гістарычных навук, дацэнт (Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт фізічнай культуры); Ганна Кузьміч, загадчык гісторыка-краязнаўчага аддзела, Вольга Гвоздзь, старшы навуковы супрацоўнік, Юрый Панкоў, навуковы супрацоўнік, Кацярына Іванова-Праля, малодшы навуковы супрацоўнік (музей Гомельскага палацава-паркавага ансамбля); Яўген Мікула, кандыдат гістарычных навук, намеснік дырэктара па навуцы, Ігар Іваноў, загадчык навукова-экспазіцыйнага аддзела (Беларускі дзяржаўны музей народнай архітэктуры і побыту); Алеся Корсак, кандыдат гістарычных навук, дацэнт, Алена Сумко, кандыдат гістарычных навук, дацэнт (Полацкі дзяржаўны ўніверсітэт імя Еўфрасінні Полацкай); Юлія Камарова, дырэктар Музейнага комплексу гісторыі і культуры Аршаншчыны; Мікалай Шчарбовіч, дырэктар прыватнага ўнітарнага прадпрыемства “Сепія”; Таццяна Смірнова, загадчык Дзіцячага музея, Ірына Ваднёва, загадчык Краязнаўчага музея (Нацыянальны Полацкі гісторыка-культурны музей-запаведнік); Аляксандр Клімята, малодшы навуковы супрацоўнік (Музей гісторыі і культуры Наваполацка); Алёна Бухал, загадчык навукова-метадычнага аддзела (Нацыянальны гістарычны музей Рэспублікі Беларусь); Наталля Хацяновіч, намеснік дырэктара па навукова-даследчай працы (Лідскі гісторыка-мастацкі музей).

Секцыі канферэнцыі працавалі з 10 да 18 гадзін у розных залах, і мне, на жаль, не ўдалося пачуць усіх удзельнікаў. Засталося ў памяці некалькі займальных дакладаў — пра гісторыю рэстаўрацыі Нясвіжскага замка (Сяргей Чысцякоў), пра асоб, звязаных з Радзівіламі або іх рэзідэнцыяй (Вольга Папкова), і нават пра тое, як сто гадоў таму палац стаў турыстычнай Меккай Навагрудчыны (Павел Булаты). Шэраг паведамленняў быў прысвечаны генацыду беларускага народа і месцам памяці часоў Другой сусветнай вайны (Андрэй Грэсь, Алеся Корсак). Цікава было азнаёміцца і з праектам канцэпцыі экспазіцыі ў палацы гродзенскага Старога замка (Юрый Кітурка). Некаторыя выступленні выклікалі ў прысутных жывую рэакцыю, таму не абышлося без традыцыйных на канферэнцыях дыскусій, якія ў перапынках працягваліся на магутных абарончых валах і бастыёнах замка.

Зрабіла ўнёсак у агульную скарбонку і “Культура”. Аўтар гэтых радкоў у 2020 годзе апублікаваў на старонках газеты гісторыю стварэння оперы “Агатка” (лібрэта Мацея Радзівіла), зрабіўшы акцэнт на сапраўдным кампазітару оперы (Алясандра Данэзі з Італіі, а не Ёган Давід Голанд). Падчас канферэнцыі асноўныя моманты абазначанай гісторыі, у якой аказаліся задзейнічаныя і сваякі Станіслава Манюшкі, былі прадстаўленыя на суд прафесійных навукоўцаў.

Мадэратар мерапрыемства Андрэй Блінец, навуковы сакратар Нацыянальнага гісторыка-культурнага музея-запаведніка “Нясвіж”, падводзячы вынікі, падкрэсліў: “Гэта першая канферэнцыя музея-запаведніка, у якой дамінуе менавіта музейны, а не гістарычны кампанент. Гэта першая маштабная канферэнцыя пасля пандэміі. Раней, у 2018 годзе, у нас было 35 удзельнікаў, але тая канферэнцыя, прысвечаная 435-годдзю пачатку будаўніцтва замка, праходзіла два дні. І гэта першая на маёй памяці канферэнцыя, на якую прыехалі ўсе, хто даслаў заяўкі (толькі адзін даклад быў запісаны на відэа — А. Клімята, Наваполацк). Выступоўцы вытрымлівалі рэгламент, таму ўсё прайшло ідэальна па графіку. Вельмі ўразілі даклады аб праекце “« Лета ў археалогіі »” (Гомель) і калекцыі філакартыі (Ліда). Відавочна, у кожным музеі ёсць вопыт, які варта пераймаць. З дваццаці васьмі выступленняў пяць былі падрыхтаваныя нашымі супрацоўнікамі. Як па мне — добры паказчык!”

Зборнік матэрыялаў канферэнцыі плануецца выдаць на пачатку 2023 года.

Хочацца падзякаваць арганізатарам мерапрыемства, а ўдзельнікам пажадаць новых поспехаў!

Зміцер ЮРКЕВІЧ

Фота ўдзельнікаў канферэнцыі прадстаўлена арганізатарамі