“Умоўnо”: мова — тэатральная

Апублiкавана: 16 лiстапада 2022 Арт-блог Тэатры Віцебск і воблась

Аўтар: БУНЦЭВІЧ Надзея

11—13 лістапада ў Полацку праходзіць ІІІ Тэатральны фестываль “Умоўnо”. У праграме — 12 спектакляў з Беларусі і Расіі.

— Фестываль з’явіўся ў 2019 годзе, — распавяла адна з яго арганізатараў, кіраўніца і рэжысёр Народнага тэатра гістарычнага касцюма “Полацкі звяз” Яўгенія Кавалёва. — Ініцыятыва ішла “знізу”, ад саміх калектываў, і мы вельмі ўдзячныя, што яна была падтрыманая Полацкім райвыканкамам, які ўключыў форум у пяцігадовы план развіцця культуры ў рэгіёне. Галоўная задача фестывалю — з’яднаць не толькі ўласна тэатралаў, але і публіку вакол усяго самага цікавага і найноўшага, што з’яўляецца ў сучасным мастацтве. Паказаць, што тэатр можа быць розным, што яго цяперашнія стылявыя і жанравыя азначэнні — папраўдзе ўмоўныя (гэта адлюстравана і ў назве падзеі). Што адбываецца іх сінтэз, ідзе актыўнае спалучэнне тэатра з іншымі відамі мастацтва. Таму фестываль штораз ахоплівае розныя тэатральныя адгалінаванні.

У 2019 годзе ён быў прысвечаны монаспектаклям. Летась мы акцэнтавалі майстар-класы, скіраваныя на павышэнне мастацкага ўзроўню аматарскіх калектываў. Сёлета на першы план выйшлі пластычныя спектаклі. Да іх дададзены драматычныя і адзін лялечны, прычым для дзяцей. Бо мы імкнёмся звяртацца да рознай публікі, і забывацца на дзяцей — нельга. Што ж да геаграфіі, то да нас завітае акцёрская майстэрня Яўгена Ганеліна СанктПецярбургскага дзяржаўнага інстытута кіно і тэатра — са спектаклем “Дом Бернарды Альбы” ў пастаноўцы Маргарыты Бычковай. У фармаце анлайн пройдзе круглы стол з кітайскімі ўдзельнікамі з горада Муданьцзян. А вось наўгародцы прыехаць не змогуць, таму запланаваная сумесная лабараторыя адкладзена. Затое вельмі моцным атрымаўся сёлета віцебскі кірунак. Гэта і Народны маладзёжны тэатр “Кола” Уладзіславы Цвікі адразу з дзвюма творчымі працамі — перформансам “Дыхаць” і спектаклем “Што здарылася ў заапарку?”, і Узорная тэатральная студыя “Дарослыя дзеці” тамтэйшай гімназіі № 8, і пастаянны ўдзельнік IFMC (Міжнароднага фестывалю сучаснай харэаграфіі ў Віцебску) Народны тэатр-студыя Дзіяны Юрчанка. А галоўнае — абодва прафесійныя віцебскія калектывы: Нацыянальны акадэмічны драматычны тэатр імя Якуба Коласа, які пакажа “Вытанчаны падман” па п’есе Гогаля “Гульцы” ў пастаноўцы Андрэя Жыгура, і Беларускі тэатр “Лялька” з дзіцячай казкай “Умка” ў рэжысёрскім прачытанні Віктара Клімчука. Да таго ж артысты трох віцебскіх тэатраў прапануюць сумесны праект “Чытаем Чэхава”, дзе з’яднаюцца проза і харэаграфія. Чакаем два сталічныя калектывы: Тэатр дакумента Ганны Сулімы Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтваў — з пластычным перформансам “Васіль Кандзінскі. Без косак”, які быў у праграме сёлетняга ХV Міжнароднага тэатральнага моладзевага форуму “М.@rt.кантакт” у Магілёве, і Тэатр на Нямізе — з “Каралевай прыгажосці”, прэм’ера якой адбылася ўлетку. Падчас фестывалю будуць працаваць эксперты. Пасля кожнага спектакля прадугледжана яго абмеркаванне, што таксама будзе спрыяць мастацкаму росту калектываў і эстэтычнаму выхаванню публікі. Адным словам, будзе вельмі цікава!

Дададзім, што і гаспадары прадстаўленыя на фестывалі “Умоўnо” не абы-як. Учора ўвечары на ўрачыстым адкрыцці фэсту быў паказаны “Радзівіл” Народнага тэатра гістарычнага касцюма “Полацкі звяз”. А на закрыцці можна будзе пазнаёміцца са спектаклем “Навучы мяне лётаць” Заслужанага аматарскага калектыву народнага тэатра “Пілігрым” з Полацка.

Надзея БУНЦЭВІЧ