Каменьчыкі прэм’еры і дэбюту ў адным “Катле…”

Апублiкавана: 01 снежня 2022 Арт-блог Тэатры Віцебск і воблась

Аўтар: Аўтары

У Беларускім тэатры “Лялька”, што ў Віцебску, прадставілі спектакль “Кацёл з каменьчыкамі” па казцы Уладзіміра Караткевіча.

У гэтым творы — гістарычная памяць беларусаў пра цяжкае пасляваеннае жыццё. І пра бульбу, што не аднойчы ратавала нашу краіну ад голаду. Мая маці расказвала, як яны з братам збіралі ўвесну перамёрзлыя клубні на калгасным полі. Тое была самая смачная страва на свеце! Бабуля гатавала яе сваім шасці дзецям, перамешваючы бульбу з вотруб’ем. А дзядуля, як і ў казцы Караткевіча, загінуў на вайне.

Сведкам тых падзей стаў і мастацкі кіраўнік тэатра Віктар Клімчук — вялікі аматар творчасці Уладзіміра Караткевіча. Ён даўно ўключыў у планы калектыву гэтую інсцэніроўку, і ператварыла задуму ў жыццё актрыса “Лялькі” Марыя Кавалёва, якая вучыцца ў Санкт-Пецярбургу на рэжысёра. Спектакль для яе як для пастаноўшчыка — дэбют.

— Звярнуцца да гэтага твора было для мяне ганарова і адказна, — расказала Марыя напярэдадні прэм’еры. — Я вельмі ўдзячная ўсім, хто дапамагаў, падказваў. Тэма казкі блізкая і мне асабіста. Я са шматдзетнай сям’і, нас у мамы, як і ў аповедзе, было пяцёра. І пытанне, чым накарміць дзяцей, гучала ў нашай хаце даволі часта. Так што гераіня спектакля ў выкананні Вольгі Лазебнай мае рысы і маёй мамы.

Харэографам выступіла Дзіяна Юрчанка. Яна стварыла адмысловы пластычны малюнак, што ўдыхнуў у дзеянне дадатковы падтэкст. У рухах Чараўніка (Сяргей Талкач) праглядаюцца і індаеўрапейскія матывы, і сілавыя пасы цыгун, і нешта невядомае нават дасведчанаму гледачу. Аблічча гэтага героя, яго манера размовы і рухі ствараюць яскравы вобраз ці то іншаземнага валацугі, ці то — сына Божага, які выпадкова завітаў у гаротную вёску. Бо персанаж і ёсць тая найвышэйшая сіла, што змагаецца з несправядлівасцю — галоўным грахом на зямлі для Караткевіча.

Інсцэніроўку зрабіла Вольга Прусак, якая даўно супрацоўнічае з “Лялькай” і стала адным з яе пастаянных аўтараў. Для п’есы драматург абрала строгі кампазіцыйны лад і выразнасць трох цэнтральных вобразаў, пакінуўшы спасылку да ўзораў найлепшых старажытных трагедый.

Лялькі, касцюмы і сцэнаграфія Дар’і Дубовік — лаканічныя, прасякнутыя сярэднявечнай метафарычнасцю, якая дае волю ўяўленню гледача. Нехта ўбачыць на сцэне старажытную вёску, што збяднела і прыйшла ў заняпад. А іншы расчытае сімвал казачнага краю з блакітным возерам-катлом у цэнтры.

У гэтым катле-возеры Марыя варыць каменне, каб прыспаць галодных дзяцей. А Чараўнік ператварае каменьчыкі ў бульбу. Рэжысёру ўдалося так візуалізаваць апісаную сцэну, што мы літаральна адчуваем водар маладой бульбы з кропам — пах, які летнім ранкам лунаў і ў маёй роднай хаце.

Аўдыяльнае атачэнне стварыў гукааператар Мікіта Гушчанка, надаўшы дзеянню рысы своеасаблівай беларускай рапсодыі. Да таго ж ён выкарыстаў запісы дуды і абертонавай флейты. Выканаўца мелодый — Герман Бандарэнка з Сенненскага раённага цэнтра культуры і народнай творчасці — даўно цікавіцца этнічнай музыкай, збірае народныя музычныя інструменты розных краін.

У новым спектаклі ёсць і смех, і слёзы. І роздум пра тое, што ўсё ж не ў бульбе наша нацыянальная ідэя. Духоўныя карані беларусаў — гэта свядомасць, дабро, цярплівасць. І вялікая гістарычная памяць, афіцыйна абвешчанаму Году якой і прысвечана прэм’ера. Менавіта гэтым жыве наша краіна — і будзе жыць вечна.

Жанна ІВАНОВА, Віцебск