90-годдзе і бясконцасць

Апублiкавана: 12 снежня 2022 Арт-блог Тэатры Мінск

Аўтар: БУНЦЭВІЧ Надзея

Нацыянальнаму акадэмічнаму драматычнаму тэатру імя М. Горкага — 90. Аднак калектыў не толькі захоўвае памяць пра сваю славутую гісторыю, але і маладзее, прыцягвае прэм’ерамі новую моладзевую публіку. 

Сведчаннем гістарычнай памяці з’яўляецца ўжо сам пералік на сайце тэатра ўсіх тых, хто ўваходзіў у яго трупу ў розныя гады. Залатымі літарамі ўпісаны ў хронікі калектыву імёны Дзмітрыя Арлова, які стаяў ля вытокаў тэатра — яшчэ ў той час, калі калектыў базіраваўся ў Магілёве; Аляксандры Клімавай, чыя творчая дзейнасць працягвалася тут паўстагоддзя; Расціслава Янкоўскага, надмагільны помнік якому невыпадкова адлюстраваў артыста ў абліччы Пане Каханку з аднайменнага спектакля; Бэлы Масумян, у смерць якой усё яшчэ цяжка паверыць, — і многіх-многіх іншых служыцеляў Мельпамены. 

Але сваё 90-годдзе тэатр вырашыў адсвяткаваць не рэтраспекцыяй мінулых падзей, а мюзіклам “Граф Монтэ-Крыста”. І гэта гаворыць найперш пра тое, што калектыў упэўнена глядзіць у будучыню. Адметнасць мюзікла ў тым, што ён цалкам, пачынаючы з лібрэта і музыкі, ствараўся ў самім тэатры, не капіруючы пры гэтым ніводнае са шматлікіх увасабленняў рамана А. Дзюма ў абраным жанры. Моднае цяпер імпартазамяшчэнне? Не толькі. Мастацкі кіраўнік тэатра Сяргей Кавальчык, які не толькі паставіў, але і з самага пачатку ініцыяваў стварэнне гэтага мюзікла, знайшоў у ім уласна беларускую тэму, адпаведную нашай нацыянальнай ментальнасці. Тэму не толькі мужнасці і справядлівасці, але і духоўнага ачышчэння. Святла і надзеі. 

Пры ўсёй французскасці Ж.-Б. Мальера не менш беларускім аказаўся нядаўні “Падмануты муж”, таксама пастаўлены С. Кавальчыкам. Бо Аляксандр Палазкоў стварыў аблічча не амбіцыйнага ды не надта разумнага Жоржа Дандэна, які праз шлюб імкнуўся стаць дваранінам, а добразычлівага, спагадлівага селяніна, якога падманваюць тыя, хто спажывае плады яго руплівай працы. 

Тэатр шукае новыя формы падачы рускай класікі. Адразу два спектаклі розных рэжысёраў, увасобленыя на асноўнай і камернай сцэнах, аказаліся вырашаныя ў выглядзе... судовага пасяджэння. І калі ў “Братах Карамазавых” паводле Ф. Дастаеўскага гледачы толькі прысутнічаюць на судовым пасяджэнні, прысвечаным забойству Карамазавабацькі, дык на “Крэйцаравай санаце” паводле Л. Талстога аказваюцца непасрэдна ў ролі... прысяжных. Па задуме маладой рэжысёркі Марыі Матах кожны наведвальнік на выхадзе з залы пасля спектакля можа прагаласаваць, ці лічыць ён героя вінаватым. Хочаш ці не, а нават тых, хто адмовіцца пакінуць свой голас, такі інтэрактыў вымушае задумацца — хаця б патаемна, але ж вынесці ў душы ўласны вердыкт. 

“Месяц у вёсцы”, пастаўлены народнай артысткай Беларусі Вольгай Клебановіч у поўнай адпаведнасці з п’есай І. Тургенева, таксама выклікае не толькі зачараванне ад сустрэчы з улюбёнымі артыстамі ў новых іпастасях, але і роздум гледача. На свае вочы бачыла зацікаўленую размову маладзёнаў пра ўзаемаадносіны герояў спектакля, маўляў, татальная занятасць аднаго з сужэнцаў на працы дрэнна адбіваецца на сямейным мікраклімаце. 

Крыху раней на малой сцэне з’явілася найменне “У віры”. Яно яднае дзве аднаактовыя п’есы, пастаўленыя былымі студэнтамі рэжысёрскага курса С. Кавальчыка ў Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў — Ягорам Траццяковым і Дэвідам Разумавым. Захоўваецца тут і “Эдып”, пастаўлены яшчэ ў 2010 годзе. 

— “Эдып”, — гаворыць мастацкі кіраўнік тэатра, заслужаны дзеяч мастацтваў Беларусі Сяргей Кавальчык, — гэта творчая спадчына народнага артыста Беларусі, знакамітага рэжысёра Барыса Луцэнкі. Мы беражліва захоўваем гэты спектакль у рэпертуары як памяць пра нашага папраўдзе легендарнага пастаноўшчыка. Так здарылася, што “Эдып” быў адной з яго апошніх пастановак, а пачынаў Барыс Іванавіч працаваць у нашым тэатры яшчэ з 1970-х гадоў. І што ні спектакль — абавязкова з аголеным нервам, пульсуючай думкай. Кожны наступны паказ “Эдыпа” становіцца ў чымсьці “прэм’ерным”. Бо гэты спектакль не ператварыўся ў помнік, ён жывы, надзвычай актуальны і карыстаецца нязменным попытам публікі. 

Дададзім, што неўзабаве пасля той далёкай прэм’еры “Эдып” удзельнічаў у XVI Міжнародным тэатральным фестывалі “Белая Вежа” ў Брэсце і быў прызнаны найлепшым сярод малых формаў. Традыцыі працягваюцца — і цяперашнія прэм’ерныя спектаклі тэатра таксама атрымліваюць фестывальнае жыццё. “Крэйцарава саната”, што мае пазнаку: “У памяць пра народнага артыста Беларусі Барыса Іванавіча Луцэнку”, стала дыпламантам адразу двух буйных форумаў. Летась — у Яраслаўлі, дзе ўдзельнічала ў III Фестывалі рускіх замежных тэатраў. Сёлета — у Санкт-Пецярбургу, на XXIV Міжнародным тэатральным фестывалі краін СНД “Сустрэчы ў Расіі”. А тыя ж “Браты Карамазавы” на пачатку лістапада адкрывалі XXVI Міжнародны тэатральны фестываль Ф. Дастаеўскага ў Вялікім Ноўгарадзе. 

Юбілейны, 90-ы сезон працягваецца, і ў хуткім часе нас чакае цэлы шэраг прэм’ер. Найбліжэйшая стане своеасаблівым навагоднім падарункам: 30 снежня мы ўбачым камедыю “Сэлфі са склерозам”. Днямі пачаліся рэпетыцыі “Ідыёта” Ф. Дастаеўскага ў пастаноўцы Іваны Жыган з Сербіі. 

— У планах, — працягвае С. Кавальчык, — “Партрэт” Гогаля на малой сцэне. На вялікай сцэне хочацца ўвасобіць яго “Вія”. Сярод будучых спектакляў таксама — “Каханне і галубы”, “Фаўст” Гётэ ды іншыя. Бо тэатральны працэс — справа бясконцая. 

Надзея БУНЦЭВІЧ 

Фота Таццяны МАТУСЕВІЧ