Пад зна­кам опе­ры

Апублiкавана: 16 снежня 2022 Стужка Музыка Мінск

Аўтар: БУНЦЭВІЧ Надзея

З 13 па 18 снежня праходзіць ХІІ Мінскі міжнародны Калядны оперны форум. Гасцей і ўдзельнікаў прымае Нацыянальны акадэмічны Вялікі тэатр Беларусі — ініцыятар і галоўны арганізатар гэтай падзеі. 

Шэсць вечароў падзяляюцца на тры роўныя часткі: два гасцявыя спектаклі, два — нашага тэатра, але з удзелам запрошаных зорак, два канцэрты маладых галасоў і прызнаных артыстаў з розных краін. Ёсць што паглядзець і паслухаць! 

Сёлета да нас завіталі знаныя калектывы. Маскоўская “Гелікон-опера” пад кіраўніцтвам Дзмітрыя Бертмана прывезла “Яўгена Анегіна”. Гэты тэатр вядомы наватарскімі перапрачытаннямі класікі, адкрыццём новых даляглядаў, але цяперашняя пастаноўка — беражлівае аднаўленне спектакля 1922 года, увасобленага К. Станіслаўскім. Аднак з сучасным аўтарскім стаўленнем да легендарнага твора. 

“Астана Опера” з Казахстана акурат сёння падо¬ рыць “Шаўковую лесвіцу” Расіні, што ў нас ніколі не ішла і ўвогуле апошнім часам ставіцца рэдка. Закаханая пара, апякун, ягоны пратэжэ — прэтэндэнт на ролю жаніха — і мноства непаразуменняў, што вырашаюцца шчасліва. Тыповы сюжэт, чароўная музыка і безліч уражанняў. Дарэчы, у Астане гэтая камічная аднаактоўка прызначана для камернай сцэны. Як спектакль адаптуецца да нашай вялікай залы? Трэба абавязкова паглядзець! 

Не зусім звыклымі атрымаліся і канцэртныя праграмы. Акрамя заўтрашняга фінальнага гала-канцэрта, на якім збяруцца сусветныя зоркі, гэта праект “Вялікі тэатр: Масква — Мінск. Маладыя галасы”. Цяперашні форум аказаўся таксама творчым спаборніцтвам, толькі сяброўскім, дзе ніхто не прайграў, а пераможцамі сталі ўсе, уключаючы публіку: узнікла цудоўная магчымасць распазнацьадгадаць у пачаткоўцах і творчай моладзі будучых оперных прымадоннаў і прэм’ераў. Тых, што будуць удзельнічаць у спектаклях розных краін у якасці запрошаных зорак. Прыблізна так, як гэта адбылося сёлета ў нашых “Турандот” і “Любоўным напоі”. 

Дарэчы, бліскучымі ўверцюрамі да форуму можна лічыць дзве падзеі. Гэта паказ “Багемы” ў нашым Вялікім 8 снежня — за пультам выступіў запрошаны галоўны дырыжор башкірскай оперы Арцём Макараў. А таксама прэзентацыя ў Акадэміі музыкі фрагментаў з оперы “Пані Ядвіга” беларускага кампазітара Уладзіміра Солтана — пастаноўка літаральна з першых нот палюбілася выканаўцам і гледачам. 

Надзея БУНЦЭВІЧ 

Фота Таццяны МАТУСЕВІЧ