Хто фарміруе культуру сучаснасці?

Апублiкавана: 24 снежня 2022 Стужка Афіцыйна Мінск

Аўтар: Аўтары

Адказ на гэтае пытанне мы пачулі падчас цырымоніі ўшанавання дзеячаў культуры, прымеркаванай да 98-годдзя нацыянальнага сінематографа, у сталічным комплексе “Дыпсэрвіс Хол”. 

Ва ўрачыстым мерапрыемстве да Дня беларускага кіно паўдзельнічаў міністр культуры Анатолій Маркевіч. Павіншаваўшы прысутных з прафесійным святам, кіраўнік ведамства адзначыў, што сінематограф стаў адным з запатрабаваных відаў мастацтва і трывала ўвайшоў у наша жыццё. Кіно пашырае кругагляд, дапамагае чалавеку ўсебакова развівацца, дорыць людзям куміраў, прыклады для пераймання, уплывае на розумы, звычкі і густы, адлюстроўвае падзеі сённяшняга жыцця і мінуўшчыны, фарміруе культуру сучаснасці. 

— У нацыянальнага кінематографа ёсць усё для далейшага развіцця: багатыя традыцыі нашай кінашколы, якая заўсёды славілася глыбокай драматургіяй, непараўнальнай акцёрскай ігрой, моцнай рэжысурай, а таксама таленавітыя маладыя кадры і адданыя гледачы, — падкрэсліў міністр культуры. 

Беларусь стала ўнікальнай пляцоўкай для міжнародных форумаў. Мінскі фестываль “Лістапад”, “Анімаёўка” ў Магілёве — сёння сапраўдныя брэнды. Паводле слоў Анатолія Маркевіча, жыхары нашай краіны чакаюць тых фільмаў, якія могуць насіць ганаровае званне нацыянальных. 

Айчыннае сінема прайшло слаўны шлях. “Мы па праве ганарымся мінулым нашага кіно, выдатнымі глыбокімі традыцыямі, непарушнай прыхільнасцю пастулатам патрыятызму, дабра, любові, павагі і гуманізму. Высокая творчая планка, паднятая папярэднікамі, абавязвае нас развіваць галіну”, — сказаў міністр культуры. 

— Дзяржава надае самую сур’ёзную і пільную ўвагу ўмацаванню асновы, на якой ствараецца сучаснасць і будучыня беларускага кінематографа. Я ўпэўнены, што каманда аднадумцаў, людзей, адданых сваёй справе, з гонарам і годнасцю справіцца з важнымі задачамі, якія пастаўлены Прэзідэнтам і Урадам краіны, — звярнуўся да дзеячаў культуры кіраўнік ведамства. 

Напрыканцы цырымоніі Анатолій Маркевіч уручыў заслужаныя ўзнагароды — падзякі Прэм’ер-міністра Рэспублікі Беларусь, міністра культуры і граматы міністэрства.