Калядкі ў Купалавым доме

Апублiкавана: 26 снежня 2022 Стужка Музеі Мінск

Аўтар: Аўтары

Урачыстае закрыццё Купалаўскага года 15 снежня адбылося ў літаратурным музеі класіка. Падвесці вынікі юбілейнага 2022-га прыйшлі нашчадкі народнага паэта, пісьменнікі, навукоўцы, акцёры, дзеячы культуры. 

На працягу гэтага года ўстанова рэалізоўвала праекты ў рамках Купалаўскіх дзён, накіраваных на захаванне памяці майстра слова. Мерапрыемствы праходзілі ў Мінску, Оршы, на радзіме песняра ў Вязынцы. 

Цырымонія пачалася з дэманстрацыі роліка “Я — Купала”, падрыхтаванага да 140-годдзя паэта. У відэа расказвалася пра біяграфію, асаблівасці творчасці Івана Луцэвіча і гісторыю музейнага комплексу. Затым выступілі прадстаўнікі канала “Культура” Беларускага радыё — намеснік дырэктара Навум Гальпяровіч і дырэктар Уладзімір Трапянок падарылі музею дыск з запісамі вершаў Янкі Купалы. Галоўны рэдактар часопіса “Роднае слова” Наталля Шапран перадала альманах з аўтографамі аўтараў, а мастак Віктар Данілаў — адмысловыя календары на 2023 год. 

Таксама прайшло ўзнагароджанне ўстаноў-партнёраў музея. Сярод тых, хто атрымаў падзякі, — Нацыянальны гістарычны архіў Беларусі, Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт культуры і мастацтваў, Саюз пісьменнікаў Беларусі і рэдакцыйна-выдавецкая ўстанова “Культура і мастацтва”. 

Святочную музычную праграму — песні, створаныя айчыннымі кампазітарамі на вершы Янкі Купалы, — падрыхтавалі студэнты БДУКМ. Прагучалі “Вясна”, “Дзве таполі”, “Малітва” (музыка Алега Молчана), “Шумныя бярозы” (музыка Уладзіміра Тэраўскага), “Марыся” (музыка Уладзіміра Мулявіна). 

Пасля цырымоніі гасцям прапанавалі паўдзельнічаць ва ўпрыгожванні музейнай ёлкі — абвесці сваю далонь алоўкам на паперы і напісаць пажаданні ўстанове. Гэта частка праграмы “Калядкі ў Купалавым доме”, якая працягнецца да 13 студзеня 2023 года.