"Нашы дзеці" ў Вілейцы!

Апублiкавана: 26 снежня 2022 Стужка Афіцыйна Мiнская вобласць

Аўтар: Аўтары

Міністэрства культуры далучылася да навагодняй акцыі “Нашы дзеці”: 21 снежня супрацоўнікі ведамства завіталі ў Вілейскую спецыяльную агульнаадукацыйную школуінтэрнат, у якой выхоўваюцца дзеці з парушэннямі маўлення і слыху і дзеці-сіроты. 

Гасцей сустрэлі ва ўтульнай зале, дзе вучні малодшых класаў падрыхтавалі навагодні ранішнік. Акунуцца ў казачную атмасферу і на колькі хвілін вярнуцца ў дзяцінства змаглі нават дарослыя, якія разам з апекаванцамі вадзілі карагоды, клікалі Дзеда Мароза і запальвалі агеньчыкі на ёлцы. Не абышлося без падарункаў: калектыў міністэрства прывёз салодкія гасцінцы і новае тэхнічнае абсталяванне. 

— У Вілейцы мы не госці. Для нас гэтая навучальная ўстанова амаль родная, — адзначыў міністр Анатолій Маркевіч. — Кожны год мы сустракаем тут самае доўгачаканае свята — Новы год. У школе-інтэрнаце працуюць прафесіяналы. Мы бачым, наколькі адукацыйная ўстанова тэхнічна аснашчаная, бо выкарыстоўваюцца найноўшыя напрацоўкі, каб дзеці маглі аптымальней засвоіць вучэбныя праграмы. Сёння мы, канешне, не без падарункаў: перадаём вялікі мультыборд, які патрэбен школе і які будзе спрыяць лепшаму ўсведамленню матэрыялу. 

Рэспубліканская дабрачынная акцыя “Нашы дзеці” праводзіцца ў краіне ўжо больш за 25 гадоў. Яна прызвана прыцягнуць увагу да праблем дзяўчынак і хлопчыкаў, якія апынуліся ў цяжкіх жыццёвых абставінах, і стварыць атмасферу зімовай казкі. 

— Мы вельмі ўдзячныя, што акцыя праходзіць і ў нашай установе, — дзеліцца ўражаннямі настаўніца малодшых класаў Вілейскай спецыяльнай агульнаадукацыйнай школы- інтэрната Вольга Міхалёва. — Добра, што нашым дзеткам надаюць столькі ўвагі. Бо яны такія непасрэдныя, яны заўсёды шчыра радуюцца ўсяму добраму. І я задаволеная, што сёння ў іх атрымалася стварыць сапраўднае свята для гасцей. 

Візіт працягнуўся матчам па валейболе паміж камандамі Міністэрства культуры і педагогаў школы-інтэрната. А каб падарыць навагодні настрой не толькі дзецям, але і дарослым, увечары ў Вілейскім цэнтры культуры прайшоў урачысты канцэрт. На сцэне выступілі ансамбль “Заранак” Нацыянальнага цэнтра музычнага мастацтва імя У. Мулявіна, артысты Моладзевага тэатра эстрады Марыя Іванова, Кацярына Муратава, Аляксандр Сухараў, Інга Кісялёва, Дзмітрый Сяргееў, вядомая спявачка Гюнеш і Заслужаны калектыў Рэспублікі Беларусь “Песняры”.