Святочнае адкрыццё навагодніх і калядных мерапрыемстваў

У Лідзе адбылося святочнае адкрыццё навагодніх і калядных мерапрыемстваў з уключэннем агнёў галоўнай ёлкі і святочнай ілюмінацыі "Зімовы тэатр каля галоўнай ёлкі". Адна з самых чаканых падзей снежня, нягледзячы на завіруху, сабрала сотні лідчан і гасцей горада каля галоўнай ёлкі.

На алеі паміж Лідскім раённым выканаўчым камітэтам і Дажыначнай плошчай адбыўся конкурс "2023 – год 700-годдзя горада Ліды" на лепшую ёлачную цацку з сімволікай прадпрыемстваў і арганізацый Лідскага раёна, прысвечаны будучаму юбілею горада, пераможца якога будзе вызначаны пасродкам анлайн-галасавання на сайце Лідскага райвыканкама. Яркія, бліскучыя інсталяцыі ўпрыгожылі дарогу да галоўнай прыгажуні зімовых святаў.

Як толькі на Дажыначную плошчу, якая ў гэты вечар ператварылася ў святочную сцэнічную пляцоўку, бліскучы LED-аўтобус даставіў галоўных герояў навагодніх святаў Дзеда Мароза і Снягурку, пачалося маляўнічае тэатралізаванае прадстаўленне з удзелам казачных персанажаў, любімых мультыплікацыйных герояў Сімкі, Шчанюка Маршала, роставых лялек і Аэра-Дзеда Мароза.

Яркая дынамічная праграма закружыла ўсіх прысутных у казачнай атмасферы свята: інтэрактыўныя праграмы, песні, танцы, карагоды, мора музыкі і святла, яркіх агнёў і ўсмешак. Асабліва ўразіла гледачоў цырымонія запальвання навагодняй ілюмінацыі, якая ўпершыню была арганізавана з дапамогай 3d мапінг шоу – тэматычнае лазернае шоу з праекцыяй на галоўную ёлку арыгінальных графічных 2d/3d вобразаў і эфектаў з элементамі анімацыі.

Працягнулі праграму выступленне творчых калектываў горада і танцавальны дыска-марафон, а шматлікія фотазоны з цікавымі навагоднімі атрыбутамі падарылі выдатную магчымасць захаваць на памяць моманты радасці і весялосці.